Крылы творчых ветракоў над Мядзельскім амфітэатрам

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

21 ліпеня, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мядзель і Мядзельскі раён атрымалі, поруч з некаторымі іншымі рэгіёнамі краіны, свой сцяг. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. На чырвоным палотнішчы сцяга выява герба горада з трыма вежамі. У гэты ж час званчэй за спелае жыта на палях рэгіёна гучалі народныя песні пад час зажынак, якія мясцовыя культасветработнікі наладзілі для механізатараў. А выезды ў поле практыкуюцца і на працягу ўсяго жніва, калі ў абедзенны перапынак найлепшыя мясцовыя артысты наведваюць хлебаробаў.

Жніво каля Нацыянальнага парку

На пытанні карэспандэнта “К” адказвае намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Надзея ГЕРНОВІЧ:

— Сёлетнія зажынкі адбыліся на палях, якія адносяцца да птушкафабрыкі “Новая зара”. Першы сноп, па традыцыі, — Аляксандру Даніленку, старшыні райвыканкама.
Культасветнікі, уся сацыяльная сфера задзейнічаны на жніве: гэта і міні-канцэрты літаральна на 15-20 хвілін абедзеннага перапынку, і смачныя абеды камбайнерам ды механізатарам. Калі ж сур’ёзна, дык “кіруе” жнівом у нас Нарач і яшчэ амаль 50 азёр. Нацыянальны парк дыктуе свае ўмовы сялу: напрыклад, забаронена сеяць культуры, якія патрабуюць апрацоўкі гербіцыдамі.

— У рэгіёне, так ужо прадвызначана звыш, у пашане ахова навакольнага асяроддзя.

— Сапраўды, прычым захоўваюць непаўторныя скарбы прыроды часцяком якраз работнікі сістэмы культуры. Стварылі, напрыклад, дэндрасад, які займае тэрыторыю ў 16 гектараў і носіць імя Сяргея Гамзы. У гэтым экалагічным комплексе ствараецца калекцыйны фонд раслін, што ў натуральных умовах не сустракаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 280 парод разнастайных экзатычных дрэў і кустарнікаў набылі ў сталічным Батанічным садзе.

— Захоўваецца, відаць, не толькі прыродная, але і гістарычная спадчына. Скажам, ведаю пра знак над Чорнай гарой…

— Чорная гара непадалёк ад вёскі Нікольцы — дзесяціметровы ўзгорак з авальнай пляцоўкай, сховішча на выпадак вайсковых нашэсцяў VI — IX стагоддяў. Гэта ўжо культура захавання гісторыі. Нашы культработнікі ахоўваюць таксама і фрагмент лініі фронту часоў Першай сусветнай вайны. Яна праходзіла ў вёсцы Занарач, дзе і па сёння захаваліся доты, магілы салдат рускай і кайзераўскай армій. Клапоцімся таксама пра абеліскі героям Вялікай Айчыннай вайны, месцы, дзе размяшчаліся партызанскія базы. У райцэнтры створаны выдатны Музей народнай славы. Рамонт і добраўпарадкаванне цэркваў ды касцёлаў, якіх багата ў нашым краі, вядуцца як на народныя ахвяраванні, так і за кошт бюджэтных сродкаў. А ўжо ў наш час менавіта на Мядзельшчыне ўпершыню ў Беларусі запусцілі ўстаноўку для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай ветру. Таксама ж мясцовая адметнасць!..

— Ці захаваліся на Мядзельшчыне фрагменты “дваранскіх гнёздаў”?

— Так, і гэта скарб нашай культуры. Сядзіба ў Камарове, дзе зараз месціцца сельскагаспадарчы ліцэй, вельмі адметная. Альшэўская сядзіба мае парк, што лічыцца помнікам садова-паркавага мастацтва ў Беларусі, а ў Шэметаве багата стаўкоў ды каналаў. Вядома, наперадзе яшчэ шмат работы па аднаўленні і асучасніванні гэтай даўніны. Праца і для культасветнікаў, і для людзей розных прафесій.

Мясцовы шоу-бізнес

— Народ дапамагае нам ва ўсім, — працягвае расповед пра справы культработнікаў Мядзельшчыны начальнік аддзела культуры райвыканкама Алег БАРОЎКА. — А Нарач прыцягвае да сябе ўвесь свет, тым больш, што па краіне крочыць Год здароў’я. Уявіце: у сістэме аховы здароўя раёна занята амаль такая ж колькасць людзей, як і ў сельскай гаспадарцы!
 /i/content/pi/cult/170/1611/Kult1.jpg

Начальнік аддзела культуры Алег Бароўка
побач
з Занарацкім СДК.

Працуем папраўдзе ў адметных умовах: што ні санаторый — то свая бібліятэка, дзе фонд часам лепшы, чым у нашых сельскіх. Канкурэнцыю такую нівелюем цікавымі праектамі.
З Алегам Алегавічам едзем праз лес. І ён увесь час распавядае, якое значнае месца ў ягоным лёсе і дзейнасці культасветработнікаў краю займаюць прырода, запаведнасць зямлі, Нарач…
— Нядаўна адбыўся ў нашым краі Рэспубліканскі экалагічны форум і літаральна змяніў сам лад жыцця ў Мядзелі. Мы, культработнікі, як і спецыялісты іншых галін, працавалі на добраўпарадкаванні. А што дасталося “ва ўзнагароду”? Амфітэатр! Гэта сапраўды радасць, паколькі гарадскі Дом культуры стары, зала — усяго на 200 месцаў, а тут атрымліваем адразу навюткую пабудову, дзе ўсе 2000 гледачоў змогуць наведаць тую ці іншую імпрэзу.
Першы канцэрт даваў маэстра Фінберг, ды яшчэ і з феерверкам!
Шмат змен адбылося адмыслова “пад амфітэатр”. І тэхнічная база абнавілася, і касцюмы навучыліся самі шыць, і выканаўцаў слынных запрашаем: ужо выступалі “Песняры”, Аляксандр Саладуха. Багата ахвотных з беларускіх зорак не толькі адпачыць пад нарачанскімі соснамі, але і “выпрабаваць” мядзельскі амфітэатр.
Усяго за некалькі дзён да майго прыезду ў раёне адбыўся рэгіянальны конкурс эстраднай песні “Адна зямля” для выканаўцаў ад 9 да 30 гадоў. Штогодспеўнае спаборніцтва адбываецца ў розных рэгіёнах, як і задумвалі калісьці заснавальнікі “Адной зямлі”. Сёлета Гран-пры ўзяла вілейчанка Вікторыя Ількевіч, трэцякурсніца аддзялення мастацтва эстрады Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Вось такія прыступкі да музычнага Алімпа праз сцэну наднарачанскага амфітэатра.
 /i/content/pi/cult/170/1611/Kult.jpg

Урэшце, ёсць амфітэатр — трэба яго загрузіць працай. І цяпер на ягонай сцэне — і Дзень Перамогі, і дажынкі. Амфітэатр вытрымае любы творчы ўзровень. Толькі на гукавое абсталяванне яго было затрачана амаль 50 мільёнаў рублёў. Гэтак мядзельская пляцоўка стала адной з вядучых у вобласці! Самы час фарміраваць мясцовы шоу-бізнес.

Ганаровае званне і “акно ў Еўропу”

Алег Бароўка лічыць, што ў аграгарадках і буйных сёлах трэба будаваць добрыя клубы — кампактныя, новыя па сваім змесце і афармленні. Два ўзоры на Мядзельшчыне ўжо ёсць.
Для такіх устаноў патрэбны і адпаведнага ўзроўню калектывы.
“Правінцыя” — вакальны ансамбль эстраднай песні мядзельскага Дома культуры, прычым адзін з самых папулярных у наваколлі. Даводзілася даваць канцэрты і па-за межамі раёна, на шматлікіх песенных фестывалях з беларускімі і рускімі эстраднымі песнямі. А зусім нядаўна ансамбль атрымаў ганаровае званне “народны”. Наогул, па словах начальніка аддзела культуры, на Мядзельшчыне не імкнуцца да абавязкова вялікай колькасці калектываў са званнямі, але і высокі гонар заўжды падтрымліваюць.
Такая ж думка і ў ва ўдзельнікаў ансамбля народнай песні “Скарбніца”, вакальнага ансамбля “Натхненне”, дзе, дарэчы, выключна выкладчыкі ДШМ. Акурат апошні калектыў і “прасек” для мядзельскіх самадзейных артыстаў “акно ў Еўропу”: пабываў ужо ў Браціславе і Будапешце.
Адметны і ансамбль народнай песні “Радаўніца” з выхавацеляў дзіцячага садка. Кіраўнікі ўсіх гэтых таленавітых калектываў — найпершыя памочнікі Алега Бароўкі ў культасветрабоце раёна.
— А яшчэ цяпер не ведаю, што рабіць са славай! — аджартоўваецца Алег Алегавіч, прыгадваючы мядзельскі адпаведнік тэлешоу “Дзве зоркі”. Білеты на канцэрт расхапалі за колькі дзён: спявалі ж галоўны санітарны ўрач, начальнік аддзела культуры, дырэктаркінавідэапракату, прадстаўнік МНС…
Планам спрыяюць ідэі Гутарку пад час паездкі па Мядзельскім раёне працягваем з дырэктарам раённага метадычнага цэнтра Ганнай ПАДГОЛ.
— Наш метадцэнтр, акрамя творчых сцэнарыяў для самадзейных майстроў і артыстаў, распрацоўвае і праграмы спартакіяд ды турзлётаў.
— А гэта ўсё напрацоўкі, здзейсненыя ў межах Года здароўя. А наогул кіруемся ў рабоце Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, праграмы развіцця культуры на 2006 — 2010 гады, праграмай адраджэння Нарачы. Ніводная не можа без іншай, — нібы падагульняе Алег Бароўка.
 /i/content/pi/cult/170/1611/Kult2.jpg
Калі вакол Нарачы — запаведная зона, дык і кожнае дрэва ў пашане: нават самаму выдатнаму і знакамітаму майстру нельга ўзяць яго без дазволу, парушаючы правілы паводзін у запаведным месцы. Але і ў такім краі ёсць дзіўны Цэнтр рамёстваў — у вёсцы Крывічы, якім кіруе Раман Шаша. Тут разьба, саломка, роспіс талерак, гліна, ды асноўнае ўсё ж такі — праца з дрэвам. Тут — народны клуб самадзейных майстроў, народны хор, узорная студыя бальнага і эстраднага танца.
— Няпроста выконваць у нашым рэгіёне план платных паслуг, паколькі ў раёне ці не больш чым дзе пенсіянераў. Ды спрыяюць ідэі, — працягвае Ганна Падгол. — Мала засталося людзей у сяле Лотва, сышоў нават сельсавет, ды застаўся аздараўленчы летнік “Русалачка”… І Дом культуры — жывы! Якраз у ім мы арганізавалі раённы конкурс на лепшую ляльку, выстаўку “Пакой народнага побыту”. І ніхто не адмовіўся ад платнай экскурсіі!

Пра бюджэт і хлеб з капуснага ліста

Каля 80 працэнтаў бюджэту раёна ідзе на сацыяльную, у тым ліку і культурную сферу. У канкрэтных лічбах — амаль 2 мільярды 700 мільёнаў рублёў атрымлівае галіна культуры. І сапраўды ж галіна, а не прыдатак з забаўляльным напаўненнем.
За паўгода культасветработнікі самі зарабілі 63 мільёны 300 тысяч рублёў.
Вёска Дзягілі — добры таму прыклад. Тут якраз і месціцца той саамы ідэальны клуб, аптымальны для сяла. Дырэктар Наталля Карэцкая паказвае выстаўку драўлянай скульптуры самага старога ў раёне майстра — 93-гадовага Пятра Крывенькага з вёскі Нагаўкі. А побач — выстаўка дзіцячага малюнка на тэму Вялікай Айчыннай вайны. У Дзягілях, да ўсяго, збіраюць старажытную вышыўку.
/i/content/pi/cult/170/1611/Kult3.jpg 
— Маем і куток народнага побыту, аматарскае аб’яднанне “Вытокі”, якое спецыялізуецца на песнях і абрадах нашай зямлі. А ёсць і такая майстрыха, якой сёння, пэўна, больш нідзе няма: валяльшчыца валёнак Ганна Гірвель. Гляньце, якія распісныя ды цёплыя нашы валёначкі, — шчыра дзеліцца Наталля Канстанцінаўна.
Праводзім і дні гісторыі старажытных вёсак, і святы сучасных.
Вось-вось свята ў Рубаніках. Едуць у тутэйшыя сёлы і сталічныя бізнесмены. І адаптавацца доўга не трэба: не праблема набыць на Мядзельшчыне бохан амаль сталічнага на смак хлеба. А некаторыя бабулі могуць спячы хлеб як даўней — на капусным ці кляновым лісце.

Энергія ад сонца і ветра

“Занарач” — дзіўны аграгарадок. Менавіта тут махаюць крыламі ветракі вышынёю ў 52 метры і магутнасцю 600 квт/г. Эксперымент не спыніўся толькі на гэтых цудах тэхнічнага прагрэсу: мясцовая амбулаторыя, уявіце, працуе на сонечных батарэях. Цэлая вуліца, пабудаваная для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, мае дамы, узведзеныя па спецыяльным энергазберагальным праекце.
Тут адметны і Дом культуры, праект якога пераняты ад салігорскіх архітэктараў. Ён кампактны, невялікі. Дырэктар — Віталь Кісель. У клубе працуюць 12 гурткоў, ёсць ансамбль народнай музыкі “Суседзі”, які ўдзельнічаў у фестываляў “Грай, гармонік!”. А майстрыхам па макрамэ, вышыўцы, бісерапляценні і фестываляў не патрэбна. Усе — таленты!

“Міласэрнасць”-300

Негалоснае спаборніцтва з бібліятэкамі санаторыяў выйграла дзіцячая раённая бібліятэка. Яе дырэктар Разалія Роўда адзначае: “Наша ўстанова яшчэ і экалагічны цэнтр”. Тут маецца фонд з трох тысяч адзінак дзіцячай літаратуры спецыфічна экалагічнай накіраванасці. А яшчэ — пакой казак, лялечны і экалагічны тэатры. Але найбольш зацікавіла паштовая скрынка, дзе малеча можа пакінуць свой ліст-пытанне, каб пасля атрымаць адказ ад старшакласніка.
 /i/content/pi/cult/170/1611/Kult4.jpg

У дзіцячай бібліятэцы.


Працуе пры бібліятэцы клуб “Аціс”, што азначае — Бог прыроды. Ёсць экацэнтр і каляндар прыроды.
Гэты год абвешчаны Годам вялікай белай чаплі, пад чыім крылом і жыве, падаецца, дзіцячая раённая бібліятэка. Хоць арэал жыхарства птушкі — поўдзень краіны, але мясцовыя дзеткі спадзяюцца ўсё ж пабачыць сёлетнюю “гераіню”.
— А ці магчыма ў дзіцячай бібліятэцы зарабляць грошы?
— Анягож! Кніжкі пра ката Матроскіна — 200 рублёў на 10 дзён. Пра любімага героя дзеткі чытаюць хуценька, і кніжкі, вядома ж, вяртаюць раней за вызначаны тэрмін.
Да гутаркі далучылася дырэктар ЦБС Людміла Несцяровіч:
— Я ў захапленні ад нашай дзіцячай бібліятэкі. Але ж ёсць і дарослая, дзе адбываюцца сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі. Кніжны фонд у нас — 370 тысяч асобнікаў, а кнігавыдач — 390 тысяч.
Чытаючы ў “Культуры” рубрыку “Культасветработа: ракурс адказнасці”, заўжды думала: што ж у нашым вопыце працы ёсць такое, чаго няма нідзе? — кажа яна. І адказвае: — Вось такі прыклад: бібліятэка адначасова выконвае і функцыі Дома сацыяльных паслуг. Гэта ў вёсцы Пузыры: маем там міні-прыёмны комплексны пункт, міні-музей сялянскага побыту. У некаторых населеных пунктах пры нашых установах размяшчаюцца і медыцынскія пункты.
На жаль, вясковае насельніцтва старэе. Мы, дарэчы, нават распрацавалі праграму “Міласэрнасць”: у чацвер у 300 населеных пунктаў выпраўляюцца энтузіясты — хто пешкі, хто на веласіпедзе, хто на ўласным аўтамабілі, каб дайсці да дзядуляў і бабуль, прывезці газету, кнігу, аказаць магчымую дапамогу. Нават ліст напісаць! Бібліобус па плане ў нас толькі ў 2010 годзе будзе, дык мы не сталі чакаць — робім, як можам...

Каменне легенд

Мяне здзівіла група студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія прыехалі ў Мядзель на практыку — вучыцца апрацоўваць камень. Каменне легенд.
Ёсць легенда пра Нарач. Дзяўчына Нара чакала свайго каханага, гледзячы ў люстэрка. Аднойчы яна ўбачыла яго забітым, і люстэрка выпала з рук, разбіўшыся на мноства кавалкаў, самы вялікі з іх стаў возерам Нарач...
— Мой камень — таксама легенда пра “Цмока-дракона”, — сказала мне студэнтка трэцяга курса Дар’я Суша.
— А мая работа — пра ўзнікненне Нарачы, — кажа яе аднакурсніца Антаніна Кумпяк.
Пакідала нарачанскія валуны ў руках маладосці, згадвала пры гэтым і эканапрамак мясцовай культуры, і “Міласэрнасць” для 300 вёсак, і сціпласць мясцовых культасветнікаў ды, адначасова, амбіцыйнасць праектаў на сцэне мясцовай славутасці — мядзельскага амфітэатра. Кампактнасць, эканамічнасць і зладжанасць працы ўстаноў культуры ў аграгарадках — таксама ўзор для пераймання. Урэшце, пад крыламі ветракоў надзеі і будучыні інакш быць і не можа, ці не так?

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Мядзель — Мінск
Фота аўтара