Усе “маскі” да нас

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн” працягвае шыкоўны праект відэатрансляцый лепшых спектакляў з усяго свету. На чарзе — лаўрэаты і намінанты найпрэстыжнейшай расійскай прэміі “Залатая маска”, вынікі якой за мінулы год былі падведзены літаральна днямі.

Вас чакае тры адметныя вечары. Заўтра, 28 красавіка, у сталічным кінатэатры “Цэнтральны” можна паглядзець адразу тры аднаактовыя балеты Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі: “Цюль” Аляксандра Экмана (Швецыя), “Адзінокі Джордж” Марка Гёке (Германія) і “Мінус 16” Ахада Нахарына (Ізраіль). Менавіта апошні, дарэчы, перамог як найлепшы ў катэгорыі сучаснага танца. Але ўсе тры харэографы — знакавыя імёны ў сучасным мастацтве, кожны знайшоў свой адметны стыль, у тым ліку на мяжы з іншымі відамі мастацтваў, як гэта ўласціва таму ж Экману.

21 мая ў тым жа кінатэатры, а праз некалькі дзён і ў двух іншых, уключаючы “Радзіму” ў Гарадку, пакажуць “Вішнёвы сад” Тэатра Еўропы з Санкт-Пецярбургу, пастаўлены славутым Львом Додзіным на такіх артыстаў, як Лізавета Баярская, Ксенія Рапапорт, Даніла Казлоўскі. Спектакль па праве можа лічыцца класікай “Залатой маскі”, бо атрымаў яе ў намінацыі “Драма (вялікая форма)” яшчэ ў 2015 годзе і за гэты час ніколькі не страціў сваёй прыцягальнасці.

Нарэшце, у чэрвені адразу ў двух сталічных кінатэатрах пройдзе “Гамлет | Калаж”, пастаўлены ў Тэатры нацый знакамітым Рабэрам Лепажам, творчасць якога мы пакуль лепей ведаем па яго кінастужках.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"