Форум дырэктараў як каталізатар супрацоўніцтва

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

У красавіку на базе Нацыянальнага музея Кітая ў Пекіне ўпершыню адбыўся Глабальны форум дырэктараў музеяў у рамках ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях”, у якім прынялі ўдзел дырэктары вядучых музеяў многіх краін свету. Беларусь на прэстыжным форуме прадставіў аўтар дадзенага артыкулу — дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

На сесіях форуму былі разгледжаны такія актуальныя пытанні, як актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва праз рэалізацыю сумесных выставачных і выдавецкіх праектаў, асаблівасці стварэння і функцыянавання “разумных музеяў” і ўкаранення інтэрактыўных тэхналогій, вопыт ажыццяўлення інклюзіўных праграм, інавацыйныя формы работы з музейнай аўдыторыяй, супрацоўніцтва з установамі адукацыі і навуковымі інстытутамі ў рамках кластарных ініцыятыў.

Беларускі прадстаўнік у сваім дакладзе распавёў пра досвед арганізацыі міжнародных праектаў Нацыянальнага гістарычнага музея ў Амане, Францыі, Літве, Славакіі і іншых краінах, пра выставы, рэалізаваныя ў 2018 годзе сумесна з калегамі з В’етнама, Татарстана, Эстоніі, Эквадора, Польшчы, пра папулярызацыю імёнаў выбітных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры ў нашай краіне і за мяжой праз выставачную і іншую культурна-асветніцкую дзейнасць, пра асаблівасці і формы вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў, навуковую, метадычную і выдавецкую працу музея, а таксама падрыхтоўку да будаўніцтва новага будынка ўстановы.

Адзначым, што ў 2018 годзе Нацыянальны гістарычны заключыў мемарандумы аб супрацоўніцтве з Шанхайскім гістарычным музеем і Фінансавым музеем Шэньяна. Апошні ў жніўні 2019 года прывязе ў Мінск сваю выставу. Абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі выставы са збору Асацыяцыі па культурным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі Шанхая.

У леташнім лістападзе Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь падпісаў Статут Міжнароднага саюза музеяў краін Шаўковага шляху. А на пачатку года ў музеі адкрылася выстава фатаграфіі прафесара Армена Сардарава “Кітай учора і сёння”, прысвечаная традыцыйнай і сучаснай архітэктуры Паднябеснай. Мерапрыемства было прымеркавана да 70-годдзя заснавання КНР і прайшло пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Павел САПОЦЬКА,
дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея
Рэспублікі Беларусь