Якая на слых радыяцыя

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Напярэдадні 33-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы адначасова на дзвюх пляцоўках — у мінскім Дзяржаўным мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура і кіеўскім Музеі-майстэрні Івана Кавалерыдзэ — адкрылася выстава Яўгена Рагозіна “33”. Адметная яна ўжо хаця б па адной прычыне: бадай упершыню ў нашых краях публіцы прапануецца выставачны праект, які немагчыма глядзець: яго можна выключна слухаць. Візуальны складнік у дадзеным выпадку поўнасцю адсутнічае — толькі гук. Але куды важней, напэўна, нават не фармальная навізна. З дапамогай саўнд-арту аўтар імкнецца асэнсаваць досыць цяжкую для перакладу на мову мастацтва праблематыку.

/i/content/pi/cult/742/16102/4.JPG— Гэта вельмі аб’ёмная тэма, якая аб’ядноўвае дзве нашы краіны, — тлумачыць саўнд-мастак. — І насамрэч яна для кожнага з нас вельмі блізкая, хаця далёка не кожны гэта ўсведамляе. Многія мае знаёмыя маюць праблемы са шчытападобнай залозай, нашы целы па-ранейшаму працінаюць радыёактыўныя часціцы матэрыі. Чарнобыль нікуды не падзеўся, хацелі б мы таго або не. Ён заўсёды побач з намі, хай сабе і незаўважна.

Па словах Яўгена Рагозіна, падрыхтоўка выставы запатрабавала ад яго нямала часу, прычым ладная яго частка пайшла на скрупулёзнае вывучэнне разнастайнай літаратуры:

— Цягам апошняй паловы года я прачытаў пра Чарнобыль усё, што толькі здолеў знайсці — ад справаздач МАГАТЭ да ўспамінаў ліквідатараў і жыхароў навакольных мясцін. І на свой розум пераканаўся, што тэма страшная. Але казаць пра гэта трэба.

Выказванне ўражвае ўжо хаця б сваім маштабам — толькі ў прасторы Музея Заіра Азгура размешчана болей за паўсотні разнастайных крыніц гуку. Некаторыя з іх працуюць пастаянна, ствараючы агульны фон экспазіцыі, некаторыя — раптоўна “падаюць голас” пры тваім набліжэнні (яны забяспечаныя адмысловымі датчыкамі руху), некаторыя даступныя праз навушнікі.

Выстава пачынаецца ўжо на першым паверсе музея — у колішняй фарматорскай — і запаўняе амаль усю яго прастору. Чатыры розныя памяшканні (уключна з калідорам) змясцілі чатыры складнікі праекта.

— Я ставіў перад сабой задачу пагрузіць слухача ў чатыры розныя станы энергіі, — распавядае аўтар. — Праект мае Залу стварэння, Залу спакою, Залу захавання... І ўрэшце, самая вялікая частка выставы прысвечаная стадыі разбурэння.

Гукі, рассыпаныя па ўсёй гэтай прасторы, даволі размаітыя па сваім характары. Гэта і незразумелага паходжання электронныя шумы, і музычныя кампазіцыі, запісаныя спецыяльна для праекта, і фрагменты архіўных фанаграм, на якіх можна пазнаць галасы вядомых навукоўцаў і гістарычных дзеячаў кшталту Курчатава або Хрушчова. Або характэрны тэмбр Левітана, які зачытвае дыктарскі тэкст пра першыя савецкія выпрабаванні атамнай энергіі.

— Гэта ні ў якім разе не дакументалістыка — хаця ў аснову праекта ляглі, у тым ліку, і дакументальныя матэрыялы, — тлумачыць Яўген Рагозін. — Гэта мой аўтарскі, мастацкі погляд на тыя падзеі і звязаную з імі праблематыку. Гэта адносіны да тэмы праз прызму маёй свядомасці.

Пэўна, менавіта таму выстава не мае акрэсленага мэсэджу і ні да чаго пэўнага не заклікае. Гэта свайго кшталту інфармацыйная прастора, дзе рэцыпіент, рухаючыся па ўласным маршруце, можа знаходзіць свае сэнсы і інтэрпрэтацыі.

На думку аўтара, музейная прастора вельмі зручная для рэалізацыі гукавога праекта — не толькі адмысловай акустыкай, але і сваёй “сфармаванасцю”, якая пазбаўляе ўсялякіх клопатаў пра візуальны складнік.

Яўген Рагозін паўдзельнічаў у якасці саўнд-дызайнера ў мностве размаітых праектаў. У тым ліку, ён ужо не раз выкарыстоўваў гук у экспазіцыйным асяроддзі — у сукупнасці з іншымі кампанентамі, якія забяспечвалі вядомыя мастакі. Але гэтым разам пайшоў куды далей. Ідэя зрабіць выставу, якая складалася б толькі з гуку, прыйшла да яго яшчэ гадоў дзесяць таму — і ўрэшце ўвасобілася.

Аднак чым тлумачыцца такое прынцыповае адмаўленне ад візуальнага складніку? Балазе, як лічыцца, ці не ўсе людзі ўспрымаюць свет найперш менавіта праз вочы.

— Па-першае, гэта няпраўда: далёка не ўсе, — тлумачыць аўтар. — Па-другое, мы маем зносіны па-ранейшаму праз маўленне. І па-трэцяе, яшчэ адна мэта майго праекта — прыцягненне ўвагі да слыхавога ўспрыняцця свету. Да тых гукавых экалагічных праблем, якія спараджае агрэсіўная насычанасць гарадскога асяроддзя. Ладная частка жыхароў мегаполіса падыходзіць да 50-гадовага веку з абмежаваннямі па слыху. Дынамікі ў метро, якія гаркаюць літаральна ў цябе над вухам — гэта ў парадку рэчаў. Мы ўжо прызвычаіліся не надта звяртаць на іх увагу. І таму мне б хацелася засяродзіць увагу сучасніка на тым, што ён чуе.