Абмен целамі або думкамі?

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Што ў тэатры можа быць цікавейшым для шырокай публікі і больш простым для ўспрымання, чым камедыя? А тым больш на тэму М + Ж. Таму няма чаго здзіўляцца, што ў РТБД увасобілі п’есу Андрэя Курэйчыка “Гендарныя выкрунтасы”. Магчымы хіт сезона?

/i/content/pi/cult/741/16093/13.JPGНазва ў твора новая, “начынка” ж — добра вядомая: жонка з мужам пасварыліся і нечакана для сябе памяняліся целамі. Гэты сюжэт Андрэй Курэйчык выкарыстоўваў і ў сваёй колішняй п’есе “Выканаўца жаданняў”, пастаўленай Сяргеем Кавальчыкам, і ў сцэнарыі расійскай кінастужкі “Любовь-морковь”, якая пазней атрымала працяг. Чарговай аўтарскай “варыяцыяй на тэму” сталі “Гендарныя выкрунтасы”, дзе захавана большая частка “Выканаўцы жаданняў”, але скарочаны “пралог”, зменены фінал, дададзены асобныя сцэны. Сутнасць ад гэтага не змянілася: героі высвятляюць адносіны, не пакідаючы кватэры — у адрозненне ад фільма, дзе ім даводзілася ацаніць яшчэ і складанасці прафесіі адзін аднаго.

Спектакль азначаны як “фантастычная камедыя вар’яцкіх становішчаў”. Праўда, саміх “становішчаў” у п’есе малавата — бясконцыя дыялогі. Затое на першы план выходзіць акцёрская ігра і ўменне артыстаў
пераўвасабляцца: Людміла Сідаркевіч паспяхова прымярае ролю мужчыны, Андрэй Новік — жанчыны. Пасля таго, як іх персанажы Таццяна і Артур мяняюцца целамі, артысты не капіруюць ранейшую манеру паводзінаў адзін аднаго, а змяняюць хіба знешнія прыкметы — адзенне, голас.

І што ж атрымліваецца? Жонка была гэткім раз’юшаным халерыкам, а ў целе мужа раптам дэманструе парадыйную пластыку “дурненькай бландынкі”. І наадварот: муж быў флегматыкам, прыклееным да канапы з тэлевізарам, а ў целе жонкі становіцца ледзь не монстрам.

Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў “выціснуў” з п’есы ўсё, што было магчыма. Нават Каміяважора (Андрэй Дабравольскі ці, у іншым складзе, Сяргей Шымко) ператварыў у парадыйнае падабенства гэткага Супермена — гераічнага выратавальніка чалавецтва.

Спектакль, безумоўна, будзе карыстацца попытам. Але яго з’яўленне ў афішы — нагода задумацца. Не толькі ўсім нам пра гендарныя стэрэатыпы ў грамадстве, але і драматургам — пра неабходнасць новых камедый.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"