Энергазберагальная п’еса для ашчаднага тэатра

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

У Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Максіма Горкага вучацца эканоміць без шкоды для сцэнічнай дзеі.

 /i/content/pi/cult/170/1609/P'esa1.jpg
Няхай даруюць аматары сцэнічнага мастацтва, але сённяшняя гаворка — не пра акцёрскую энергетыку, рэжысёрскую вынаходлівасць і сацыяльную значнасць пастановак. Тэма артыкула палягае ў іншай плоскасці. У ёй тэатр пачынаецца не з хрэстаматыйнай вешалкі, а, хутчэй, — са звычайнай бойлернай.
Неаспрэчна, аналіз рацыянальнага расходвання паліўна-энергетычных рэсурсаў у асобна ўзятым тэатры прайграе па напружанні развагам аб шматграннасці сцэнічнага працэсу, але наўпрост уплывае на яго ход. Калі бойлерная ў найбольш аншлагавы зімовы час працуе кепска, дык і патрэба ў вешалцы адпадае аўтаматычна. Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Ігара Андрэева, і бойлерная тут дзейнічае няблага, і энергазатраты за мінулы год зменшаны на 13 тон умоўнага паліва, і сёлетні паўгадавы план па энергазберажэнні выкананы, складаючы мінус 24,5 працэнта, а сярэднямесячны памер прэміяльных супрацоўнікаў тэатра прыкладна на траціну складаецца з грошай, што зэканоміліся за кошт усеагульнай ашчаднасці.

Акт першы: камісія пачынае і выйграе

Галоўная дзейная асоба тут, безумоўна, — пастаянная камісія па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. Зрэшты, стварэннем аналагічных камісій адрэагавала на дырэктыву № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь літаральна кожная ўстанова краіны. Але не кожная, на жаль, пакуль дамаглася важкага выніку: тэатр імя Горкага здолеў выйсці на досыць годныя паказчыкі. Сёй-той з чытачоў запярэчыць: маўляў, ці можна параўноўваць маштабы аднаго з вядучых тэатраў рэспублікі і, скажам, маленькага сельскага клуба? Адказ на пытанне тут адзіны: не маштабы параўноўваем, а сістэмы падыходаў да праблем ашчаднасці і эканоміі...
Дык вось, перш-наперш камісія ў тэатры ўзялася за распрацоўку палажэнняў па кантролі за рацыянальным выкарыстаннем рэсурсаў і па маральна-матэрыяльным стымуляванні работнікаў, якія гаспадарлівасць лічаць абавязкам. На гэтым “прававым падмурку” і распачалася ўсеагульная дзея пад назвай “энергазберажэнне”. У выніку штомесячнага аналізу спраў было прынята стратэгічнае рашэнне: выкананне энергазберагальных мерапрыемстваў прымеркаваць да капітальнага рамонту, які тэатр распачаў у 2006 годзе. Тады і былі заменены на шклопакеты дзвярныя і аконныя блокі (79,4 квадратнага метра), закуплены 64 эканомныя свяцільнікі, а таксама праведзена тэрмарэнавацыя фасада (320 квадратных метраў). Выкарысталі для гэтага 421 мільён рублёў, дасягнуўшы гадавой эканоміі ў 13 тон умоўнага паліва. Пры плане энергазберагальнага паказчыка мінус 7 працэнтаў факт склаў пазалетась мінус 10,7 працэнта. У 2007 годзе адрамантавалі і ўцяплілі дах, павялічылі колькасць ашчадных свяцільнікаў, замянілі ацяпляльнае абсталяванне Малой сцэны, зэканоміўшы такім чынам яшчэ 13 тон умоўнага паліва. Сёлета вядзецца якасная мадэрнізацыя бойлернай. На ўкараненне энергазберагальных тэхналогій плануецца асвоіць да канца года 74 мільёны рублёў. У выніку — больш чым двайное перавыкананне паўгадавога плана па энергазберажэнні. І не за кошт зніжэння тэмпературы ў глядзельных залах у перыяд ацяпляльнага сезона, а з прычыны адно толькі рацыянальнага выкарыстання паліўных рэсурсаў.

Акт другі: супольнасць творчых намаганняў

Асноўнае “энергавыкарыстанне” ў тэатральных умовах прыпадае, натуральна, на час спектакляў і рэпетыцый. Без магутнага мастацкага асвятлення, напрыклад, тут проста не абысціся. Дзе ж знайсці “залатую сярэдзіну”, каб і глядач быў задаволены, і неапраўданага перарасходу энергіі не было? Як распавядае намеснік дырэктара тэатра Ігар Андрэеў, “залатая сярэдзіна” — у аптымальным выкарыстанні ўсіх вытворчых працэсаў перадспектаклевай падрыхтоўкі. У гэты час рэжысёр і мастак па асвятленні да драбніц распісваць “партытуру” будучай сцэнічнай дзеі. У час рэпетыцый — ніякіх лішніх і немэтазгодных рухаў, аддача “па поўнай” на “прагонах” і спектаклях.
 /i/content/pi/cult/170/1609/P'esa2.jpg

Яшчэ адзін рэзерв ашчаднасці — у аптымізацыі светлавога, так бы мовіць, парку. Калісьці на выносным сафіце было 16 асвятляльных прыбораў, цяпер — толькі 10. Але тэатр не страціў у мастацкай выразнасці пастановак, а наадварот — набыў. Адзін сучасны тэатральны “ліхтар” з поспехам замяняе 2— 3 аналагічныя састарэлага ўзору. Таму тэатр не спыняе набыццё і далейшае выкарыстанне энергазберагальнай апаратуры. Але ўжо сёння разлікі з энергапастаўшчыкамі пераконваюць: запазычанасцей па цепла- і электрарэсурсах няма. Нагадаю, што сёлета капітальны рамонт з мадэрнізацыяй памяшканняў тэатра завяршаецца, а ўсталяванае за гэты час абсталяванне дае магчымасць у 2009 годзе ўкараняць энергазберагальныя мерапрыемствы без дадатковых матэрыяльных затрат.
Абыякавых статыстаў у справе ашчаднасці і эканоміі ў тэатры няма. Артысты і рэжысёры поруч з начальнікам электраўчастка — непасрэдныя ўдзельнікі энергазберагальнай дзеі. І да гэтага грамадскага абавязку ставяцца, як і да сцэнічнай творчасці, выключна адказна. Быць гаспадарлівым, як паказаў час, — эканамічна выгадна.

Акт трэці: канфлікт паміж “маім” і “нашым”

Айчынны класік Кандрат Крапіва сцвярджаў, што няма драматургіі без канфлікту. Энергазберагальная “драматургія” апірышчам мае канфлікт паміж паняццямі “маё” і “наша”. Дык вось, на мой погляд, заслуга тэатральнай адміністрацыі не толькі ў тым, што цяпер вулічны датчык аўтаматычна рэгулюе тэмпературу ў грымёрках, сцэнічных залах і іншых памяшканнях установы; што бойлерная ўжо гэтай зімой працаваць будзе з большай эфектыўнасцю і пры дапамозе ўсё той жа аўтаматыкі; што і акцёры, і гледачы ўзімку пачуваюць сябе ў гэтай установе камфортна; што больш эфектнай і эфектыўнай стала сцэнічная светлаапаратура... Поруч з усім пералічаным не меншай заслугай выглядае і тое, што пакрысе скасоўваецца мяжа паміж “маім” і “нашым”.
 /i/content/pi/cult/170/1609/P'esa3.jpg
Як пераконвае Ігар Андрэеў, мы ўжо не ўбачым у пустых калідорах і грымёрках нявыключанага святла. У тэатры, як і дома ў кожнага з нас, трэба плаціць за кожныя прамень і кроплю. А ўласнай тэатральная “кішэня” становіцца пасля ўсведамлення таго, што ўсеагульныя эканомія і ашчаднасць наўпрост уплываюць на памер індывідуальнай штомесячнай прэміі. Як той казаў, эканамічны фактар — у дзеянні. Так што руплівымі гаспадарнікамі тут становяцца не толькі згодна з маральнымі, але і з эканамічнымі меркаваннямі. І гэта не пустыя словы. Памер месячнай прэміі ў зімовы час на 31 — 34 працэнты складаецца ў тым ліку і з “энергазберагальных” грошай. Пагадзіцеся, стымул эканоміць— больш чым дзейсны.

* * *

І пад заслону: даход тэатра наўпрост залежыць ад скарачэння выдаткаў на эксплуатацыю будынка і ад запаўняльнасці залы. Пры першаснасці духоўнавыхаваўчых задач заўжды надзённым застаецца і гаспадарча-эканамічны складнік тэатральнай самадастатковасці. Інакш кажучы, будзе ў хаце гаспадар (і эканаміст, і творца адначасова) — будуць і аншлагі. Іншага алгарытму поспеху, відаць, проста няма.

Яўген РАГІН
Фота аўтара

Дарэчы
У час, калі горкаўцы ўжо завяршаюць рамонтныя ды энергазберагальныя мерапрыемствы, для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спецыялісты распрацоўваюць праектна-каштарысную дакументацыю і архітэктурны праект. Ужо ў 2009 годзе мяркуецца распачаць самі работы.