На мае 41-я народзіны...

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Макс ШЧУР, паэт, пісьменнік, перакладчык

На мае 41-я народзіны
дачушка павяла мяне запісвацца
ў гарадcкую бібліятэку
наш раённы філіял бібліятэкі
знаходзіцца ў былым крытым рынку
з канца ХІХ-га стагоддзя
гэты будынак яны дзеляць
з супермаркетам
супермаркет на першым паверсе
філіял бібліятэкі на другім
роўненька адзін на адным
як базіс і надбудова
Маркс бы парадаваўся
найперш хлеб надзённы
пасля хлеб духоўны
як наверсе так і ўнізе, казалі хрысціяне
унізе напрыклад мясны аддзел
а наверсе акурат над ім белетрыстыка
унізе алкагольныя напоі
над імі падарожжы
унізе малочныя прадукты
наверсе літаратура для падлеткаў
унізе біятавары
наверсе мемуары
унізе бытавая хімія
наверсе навукі аб прыродзе і г.д.
Людзей у бібліятэцы ніяк не меней
чым у супермаркеце
а супрацоўнікаў нават болей
у кожным аддзеле па два па тры
Адным словам трапляючы ў бібліятэку
сучасныя чытачы апынаюцца
ў знаёмым ім асяроддзі супермаркета
былога крытага рынку
і адчуваюць сябе тут як дома
з часам прывыкаюць
і пачынаюць хадзіць сюды рэгулярна
як па прадукты
па-свойму мудрая тактыка
кніг у бібліятэчным супермаркеце
значна болей чым
у малых забягалаўках-кнігарнях
і ў адрозьненне ад мясамалочнага камбінату
Нацыянальнай бібліятэкі
да іх тут можна дакрануцца узважыць выбраць
потым на выхадзе
касірка піпне карткай
і ты затарыўся духоўнай стравай
на цэлы месяц ну ці не зручна
Такім чынам запісацца ў раённы філіял
гарадской бібліятэкі
гэта зрабіць апошні з шэрагу асіміляцыйных крокаў
якія прывязваюць цябе да канкрэтнага месца:
гэта як пачаць хадзіць у мясцовую царкву
ці паліклініку
адзначыцца ў мясцовым ваенкамаце
ці пастарунку
адным словам набыць аседласць
у якой маюць патрэбу
толькі сур’ёзныя дарослыя людзі
бацькі сямействаў лакальныя патрыёты
так ці іначай я цяпер адзін з іх
адзін з чытачоў
тутэйшага філіялу
гарадской бібліятэкі
і адчуваю своеасаблівую
збачэнскую радасць
калі выдаючы мне чытацкі білет
то бок картку
бібліятэкарка
віншуе мяне з днём нараджэння

Прага