З Брэсту — у МХАТ

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Беларускія аўтары працягваюць заваёўваць замежныя тэатры. Гэтым разам драматургічным творам галоўнага рэжысёра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафея Ільеўскага зацікавіўся МХАТ імя Горкага. На яго асноўнай сцэне — прэм’ера спектакля “Апошні герой”.

/i/content/pi/cult/741/16087/10.JPGЯк распавёў Цімафей Ільеўскі аглядальніку “К”, п’еса “Апошні герой” (напісаная ім пад творчым псеўданімам Іван Крэпасны) з’явілася мінулай вясной. Драматург дасылаў яе на многія драматургічныя конкурсы, на адным з якіх матэрыял і трапіў у рукі тэатральнага прадзюсара і рэжысёра Эдуарда Баякова. У той момант ён акурат адбіраў тэксты і аўтараў для драматургічнай лабараторыі ў Маскве.

— А пасля ўсё вельмі хутка закруцілася: Баякова прызначылі мастацкім кіраўніком МХАТ імя Горкага, драматургічную лабараторыю перанеслі на малую сцэну тэатра. Пасля мне прапанавалі перапрацаваць п’есу для паўнавартаснай пастаноўкі і пазнаёмілі з рэжысёрам Русланам Малікавым. І вось — на наступным тыдні адбудзецца прэм’ера, — распавёў пра пакручасты шлях свайго твора на легендарную сцэну спадар Ільеўскі.

Сцэнічны варыянт “Апошняга героя” трохі адрозніваецца ад першапачатковай версіі, аднак у цэлым усе галоўныя сюжэтныя лініі і дзейныя асобы засталіся. У аснове п’есы — канфлікт пакаленняў, чалавечы гонар, тэмы любові і доўга.

Драматург распавядае пра тых, каго ў грамадстве часцяком клічуць “саўкамі”. Над старымі пасмейваюцца з той прычыны, што яны не разбіраюцца ў гаджэтах, не разумеюць памкненняў моладзі, не адчуваюць важнасці тых рэчаў, якія каштоўныя сярэдняму пакаленню. Аднак, па меркаванні Ільеўскага, менавіта гэтыя людзі — носьбіты пазачасавай мудрасці, рэальныя героі, дзякуючы якім соцыум выжыве і будзе развівацца.

 

Фота з афіцыйнай старонкі ў FB МХАТ імя Горкага

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"