Дасягненні, ацэненыя і адзначаныя

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Цягам вось ужо 30 гадоў адзін раз на два гады камісія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прысуджае прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці. За гэты тэрмін лаўрэатамі сталі чатыры прафесійныя і 24 аматарскія калектывы мастацкай творчасці, 180 дзеячаў культуры, мастацтва і журналістыкі. Сёлета іх спіс папоўніўся — не так даўно былі прысуджаны новыя восем прэмій.

У галіне літаратуры і мастацтва ў намінацыі “За творы прозы, паэзіі і драматургіі” прэмія прысуджана паэту, члену праўлення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Валянціне Паліканінай за кнігі паэзіі і прозы “Под небом нераздельным”, “Родное, кровное,святое…” і кнігу вершаў для дзяцей “Ни к чему быть одному” (2016 г. — май 2018 г.).

У намінацыі “За музычныя творы, канцэртна-выканаўчую дзейнасць” прэстыжную ўзнагароду атрымае саліст Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Громаў за выдатныя творчыя дасягненні, высокае выканаўчае майстэрства і шматгадовы актыўны ўдзел у канцэртных праграмах прафсаюзаў (2014 — 2018 гг.).

Кінарэжысёр студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Галіна Адамовіч стала пераможцай у конкурсе сярод заяўленых твораў у галіне тэатральнага мастацтва і кінамастацтва і будзе ўзнагароджана прэміяй за стварэнне фільма “Чужое и сваё” (2017 г.).

У намінацыі “За творы жівапісу, скульптуры, графікі і прыкладнога мастацтва” лаўрэатам стала Алена Шлегель, мастак-жывапісец, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яна ўганаравана прэміяй за стварэнне квадрыпціха “Родны алфавіт” да 500-годдзя выдання бібліі Францыска Скарыны (2017 г.).

Урачу-метадысту Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра Тадэвушу Крупніку і старшыні Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіміру Шведу, якія прадставілі працу “Гісторыя развіцця медыцыны і прафсаюзнага руху работнікаў аховы здароўя Магілёўшчыны”, будзе ўручана прэмія ў намінацыі “За лепшы твор аб прафсаюзах”.

Прэміі таксама прысуджаны:

Генеральнаму дырэктару вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” Пятру Шэршню — “За актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і аматарскай творчасці рабочых”;

Заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнаму ансамблю “Дударыкі” Гімназіі № 14 г. Мінска (кіраўнік — Дзмітрый Равенскі) — “За выдатныя дасягненні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці”.

У галіне журналістыкі пераможцамі сталі Ала Вярэніч (аўтар ідэі, рэдактар і аўтар перадач), Марына Драгіна (вядучая), Сяргей Кацьер (прадзюсар, рэжысёр, аўтар перадач) і Алена Марціноўская (рэжысёр) за падрыхтоўку і выпуск тэлевізійнай перадачы “Майстры і куміры” на тэлеканале “Беларусь 3” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь у 2016 — 2018 гадах.

Як паведамляе прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў 2019 годзе прэміі прысуджаны з прысваеннем звання “Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі”, уручэннем Ганаровага знака, Дыплома і грашовай узнагароды.