Нам засталася спадчына. Якія будуць прапановы?

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцін сёлета надзвычай удала супаў з рэспубліканскім суботнікам. Пагатоў, ужо не першы год у нас ёсць традыцыя адзначаць гэтае свята з рыдлёўкай або сякерай у руках — падчас талакі на тым ці іншым аб’екце спадчыны, які патрабуе нашага ўдзелу.

/i/content/pi/cult/741/16080/1.jpgВось і сёлета супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры краіны спрычыняцца да добраўпарадкавання тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту, які спрэс складаецца з каштоўных помнікаў драўлянай архітэктуры. І гэта добры прыклад для кожнага. Балазе, як сведчыць упершыню праведзены сёлета конкурс “Спадчына ў дзеянні”, свой унёсак у пачэсную справу (не толькі рукамі, але і сэрцам ды галавой) можа зрабіць літаральна кожны грамадзянін.

18 красавіка былі абвешчаны пераможцы конкурсу “Спадчына ў дзеянні”, арганізатарам якога выступіла Беларускае бюро ICOMOS. Арыгінальныя прызы — цагліны з Гальшанскага замку, спалучаныя з сучасным дызайнам — уручылі ў пяці намінацыях: “Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны”, “Лепшы творчы праект/творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны”, “Лепшая рэалізаваная (або ў працэсе рэалізацыі) рэстаўрацыя/ревіталізацыя/кансервацыя/рэадаптацыя архітэктурнай спадчыны”, “Лепшая “папяровая” канцэпцыя рэстаўрацыі/ ревіталізацыі/кансервацыі/рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны” і “Лепшая інтэр’ерная рэстаўрацыя і рэстаўрацыя буйных твораў мастацтва — для мастакоў-рэстаўратараў”.

Паколькі падобных конкурсаў не ладзілася ўжо вельмі даўно, “справаздачны перыяд” быў максімальна пашыраны — ажно да пяці гадоў!

Агулам заявак прыйшло пад сотню. Не тое каб мала, але і няшмат. Пагатоў, тое шырокае разуменне спадчыны, якое прапагандуе цяперашні кіраўнік беларускага ICOMOS Сцяпан Стурэйка, знайшло адлюстраванне і ў конкурсным палажэнні. Прынамсі дзве з пяці намінацый (лепшы культурны і лепшы творчы праект) дазвалялі ўзяць удзел у спаборніцтве не толькі спецыялістам вузкага профілю накшталт архітэктараў-рэстаўратараў, але і досыць шырокаму колу рупліўцаў.

Журы было даволі вялікім і прадстаўнічым: рэстаўрацыйныя праекты ацэньвалі 15 спецыялістаў у гэтай галіне, а рэйтынгі культурных і творчых ініцыятыў складалі болей за два дзясяткі гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, культурных і грамадскіх дзеячаў. У выніку суміравання балаў былі вызначаныя пераможцы.

Але, як падаецца, у дадзеным выпадку варта канцэнтраваць увагу не толькі на іх. Конкурс выявіў даволі шырокую палітру размаітых ідэй і падыходаў да тэмы спадчыны. Адзін з крытэрыяў ацэнкі заявак заключаўся ў тым, што праект можа быць маштабаваны і выкарыстаны для рашэння падобных праблем у іншых рэгіёнах. І сапраўды, людзі, якія ў той ці іншай меры працуюць са спадчынай — музейшчыкі, бібліятэкары, педагогі — змогуць знайсці сярод прапанаваных на конкурс ініцыятыў нямала крыніц натхнення.

/i/content/pi/cult/741/16080/2.JPGЛепшая рэалізаваная рэстаўрацыя

Кароткі спіс у гэтай намінацыі склалі аб’екты ў розных кутках краіны — ад Брэста і Гродна на захадзе да Мсціслава на ўсходзе.

Многія памятаюць драматычную сітуацыю з былым езуіцкім касцёлам у Мсціславе. Сёння ўжо можна сцвярджаць пра тое, што смяротная небяспека для помніка сярэдзіны XVIII стагоддзя прамінула. Кансервацыяй храма займаецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёва (аўтары праекта — Раман Ніціеўскі, Павел Шастакоў і Таццяна Мацвеенка). У снежні мінулага года былі выкананыя супрацьаварыйныя работы як унутры будынка, так і на яго фасадах і даху. Сітуацыя была ўскладненая зімовым надвор’ем. Тым не менш, нават пры такіх тэрміновых работах знайшлося месца і для стварэння вобраза касцёла — “праблемны” помнік спадчыны, што знаходзіцца ў цэнтры горада, быў зацягнуты банерамі, якія дазваляюць зразумець, наколькі прыгожа ён будзе выглядаць, калі рэстаўрацыя завершыцца.

Дарэчы, на аварыйны стан касцёла ўвагу грамадскасці звярнуў відэаблогер (або, лічы, проста неабыякавы грамадзянін) Дзяніс Касцюкевіч, які таксама ўдзельнічаў у конкурсе — у “творчай” намінацыі. А тое, што абедзве заяўкі засталіся без узнагародаў, — гэта не так ужо і важна. Галоўнае, старыя скляпенні не абрынуцца.

Яшчэ адзін гучны праект, які трапіў у шорт-ліст — капітальны рамонт Свята-Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродна. Для прадухілення аварыйнага становішча ў ёй былі цалкам адноўленыя паўднёвая, і часткова ўсходняя і заходняя сцены будынка.

Праект рэгенерацыі ансамбля знакамітай сядзібы Чапскіх у Станькава, які рэалізуе праектная майстэрня архітэктара М. Лук’янчыка (аўтар Алег Масліеў), быў распачаты яшчэ ў 2007 годзе, а яго рэалізацыя разлічаная ажно да 2035-га. Вынікам мае быць поўнае аднаўленне палацава-паркавага ансамбля.

А пераможца ў гэтай намінацыі быў даволі прадказальны. Трафей у выглядзе цагліны дастаўся ўпраўленню капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама за рэстаўрацыю сядзібнага дома ў Лошыцкім парку — доўгую, шматпакутную, але выніковую.

/i/content/pi/cult/741/16080/3.JPGЛепшая “папяровая” рэстаўрацыя

Не надта шматлікія заяўкі ў гэтай намінацыі адлюстроўваюць і тыя праекты, увасобіць якія ў жыццё яшчэ проста не паспелі (як, напрыклад, першая чарга аднаўлення сядзібнага дома ў Грушаўцы, на якое ўжо атрыманы грант Еўрасаюза), гэтак і выключна добрыя памкненні.

Зразумела, такая намінацыя — цудоўная магчымасць памарыць. А таксама і візуалізаваць свае мары з дапамогай камп’ютарных тэхналогій: маўляў, вось як бы яно было б, калі б… Гэтым напоўніцу скарыстаўся архітэктар Сяргей Ляпін ды яго паплечнікі, якія прапанавалі праект “Пошукі старога Гомеля”. 3D-рэканструкцыі страчаных аб’ектаў цэнтральнай плошчы горада сапраўды ўражваюць: тут і пажарная каланча, збудаваная ў 1913 годзе паводле праекта Станіслава Шабунеўскага, і класіцыстычны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, і ўваходная брама ў палацава-паркавы комплекс Румянцавых і Паскевічаў. Наколькі яны дапасоўваюцца да куды больш сучаснай забудовы плошчы, меркаваць можа кожны сам.

Таксама ў шорт-ліст патрапіў праект экспазіцыйна-асяроддзевага комплексу гістарычнага цэнтра Капыля, распрацаваны раённым краязнаўчым музеем сумесна з Беларускім камітэтам ICOMOS. Удзел у такім пачыне прафесіяналаў (а нярэдка ў падобных выпадках мясцовыя ўлады імі грэбуюць) выгодна адрознівае яго ад цэлага шэрагу аналагаў. Там няма фантазіі з прэтэнзіяй на сапраўднасць — толькі чыстая фантазія. На замкавай гары прапануецца стварыць рэкрэацыйна-забаўляльны комплекс, які складаецца з “будынкаў-сімвалаў”, “горада майстроў” і іншых аб’ектаў. Што цікава, у аснову мастацкай канцэпцыі праекта ляглі вобразы твораў Казіміра Малевіча і Алены Кіш.

/i/content/pi/cult/741/16080/4.JPGПераможцам у гэтай намінацыі стаў вядомы рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі, які прапанаваў канцэпцыю аднаўлення сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Каштанаўка ў Пружанскім раёне. Выглядае ён проста жахліва: непасрэдна на руінах дома раскашавалі сапраўдныя джунглі. Але паколькі аб’ект ужо займеў гаспадара, ёсць надзеі на лепшае.

— Гэта мой заклік брацца за закінутыя помнікі — трэба іх абмераць і даследваць, — адзначыў на цырымоніі вядомы рэстаўратар. — Калі вывучаеш аб’ект, ён застаецца для будучыні і можа адрадзіцца ў новым вобразе

Лепшая інтэр’ерная рэстаўрацыя

Заяўкі ў гэтай намінацыі былі нешматлікімі, але вельмі разнастайнымі. Пастаўскі раённы краязнаўчы музей выканаў рэстаўрацыю сутарэнняў былога палаца Тызенгаўза, дзе ў 2014 годзе адбылося адкрыццё новай музейнай экспазіцыі. Рэстаўратар Юлія Дранец з Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь аднавіла жывапіснае палатно “Фатаграфічны экран”, створанае ў 30-я гады ХХ стагоддзя фатографам з-пад Любчы Савам Сіўко. Палатно паступіла ў фонды музея ў аварыйным стане, каля 50 працэнтаў выявы было страчана. Але ў выніку рэстаўрацыі аб’ект удалося ўратаваць.

Апякунская рада Дома-музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках ініцыявала вяртанне да жыцця старога аргана ў тым касцёле, у якім Чэсь Выджыцкі спяваў у хоры. У лістападзе 2017 года адзіны ў Беларусі барочны арган XVIII стагоддзя з цалкам арыгінальнымі дэталямі загучаў пасля паўстагоддзя маўчання.

Знайшлося месца ў кароткім спісе і для чыста творчай ініцыятывы. Дызайн-студыя “4 Квартал” выступіла з праектам “Ненавуковая форма захавання старых рэчаў”. Старыя прадметы побыту кампануюцца для ўключэння ў інтэр’ер у якасці дэкаратыўных карцін, набываючы тым самым новую функцыю — дэкаратыўную.

Аўтары праекта афармлення творчай майстэрні Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа Ігар Шыкулаў і Аліна Цыганова, паставілі перад сабой задачу сіламі навучэнцаў на практычных занятках распрацаваць дызайн памяшкання, якое знаходзіцца ў корпусе былога кляштара бенедыктынак, сумяшчаючы прынцыпы мастацкай рэстаўрацыі і графічнай кампазіцыі. Мяркуецца пакінуць зандажы аўтэнтычнай цаглянай кладкі і ўключыць у роспіс фрагменты гравюр Францыска Скарыны, “Вітрувіянскага чалавека” Да Вінчы і “Мадулор” Ле Карбюзье — што дазволіць навучэнцам успрымаць
мясцовую культуру ў кантэксце сусветнай.

Без сумневу, ідэя шыкоўная, і сваю цагліну яна атрымала заслужана. Але ўсё ж цяжка назваць яе менавіта рэстаўрацыяй — якая прадугледжвае максімальна магчымае аднаўленне аўтэнтыкі. Зрэшты, у нашым ладна патрапаным гістарычнымі катаклізмамі краі знайсці ацалелыя “сапраўдныя” інтэр’еры не так і проста. Таму, можа, варта задумацца над дапаўненнем назвы гэтай намінацыі? Словы “дызайн” або “рэканструкцыя”, як падаецца, былі б у ёй цалкам дарэчнымі.

Лепшы культурны праект

Спіс 36 прэтэндэнтаў на аўтарства лепшага культурнага праекта выглядае даволі страката. Нацыянальная бібліятэка, раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, праваслаўны прыход у Заслаўі… А побач з імі — прозвішчы простых рупліўцаў, якія не маюць ніякага афіцыйнага “даху”. Неаспрэчна, такая пярэстасць намінантаў можа толькі радаваць: яна лішні раз сведчыць за тое, што зрабіць свой унёсак — хай сабе і сціплы — у захаванне і папулярызацыю спадчыны можа кожны.

І вельмі добра, калі мэта па сваіх маштабах адпавядае магчымасцям. Калі замест памкнення “ўратаваць свет” руплівец бярэцца за канкрэтны праект — і доўга ды планамерна яго робіць. Як, напрыклад, у выпадку з намеснікам дырэктара Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафтэхкаледжа Канстанцінам Петрыманам. Пяць гадоў таму ён разам з аднадумцамі пастанавіў адрадзіць батлейку братоў Сілко, якая цешыла местачкоўцаў на пачатку ХХ стагоддзя, і ад якой на сёння бадай нічога не засталося. Па ўспамінах старых жыхароў удалося рэканструяваць тэксты інтэрмедый і песень, прасякнутыя сакавітай мясцовай гутаркай. І вось, сёння самабытныя спектаклі цалкам можна прапанаваць шматлікім турыстам.

У ліку такіх ініцыятыў, несумненна, і “Прыпынак Адамовіча”. Бабруйскі энтузіяст Андрусь Архіпенка прыдумаў нескладаны, але эфектыўны спосаб ушанаваць памяць пра вядомага пісьменніка ў роднай для яго вёсцы Глуша — па-мастацку распісаць размешчаны там звычайны бетонны прыпынак. Быў абвешаны конкурс эскізаў, атрыманыя належныя ўзгадненні ў мясцовых уладаў. Думаецца, грэх такую ідэю не ўзяць на ўзбраенне тым, хто можа ганарыцца сваім зямляцтвам з іншымі класікамі.

Калі б асобная намінацыя ўручалася за самы арыгінальны праект, галоўным прэтэндэнтам стаў бы эксперымент з гарадской трансфармацыяй Калядаў, прапанаваны групай этнографаў-аматараў “Вольны архіў”. Палічыўшы, што адно рэкаструяваць і захоўваць нематэрыяльную спадчыну замала, бо яна эвалюцыянуе разам з жыццём, “архівісты” вырашылі зрабіць “апгрэйд” Калядаў. Замест традыцыйных салдата і папа, з’явіліся новыя персанажы, з сучаснага жыцця — кшталту даставучага менеджара па продажах або сантэхніка. Урэшце, смелая моладзь адмовілася нават ад Казы: маўляў, гэта раней такая жывёліна была на кожным падворку, а сёння гарадскія жыхары могуць убачыць яе хіба ў заапарку.

Былі і тыя заяўкі, якія пашыралі агульнапрынятае ў нас разуменне спадчыны. Напрыклад, праект Беларускага саюза дызайнераў “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы” — своеасаблівы віртуальны музей, які імкнецца прасачыць лёс гэтага напрамку мастацка-вытворчай дзейнасці на нашых землях ад “сівой даўніны”. Як слушна адзначана ў анатацыі, дызайн у нас пакуль “збольшага яшчэ не асэнсаваны як аб’ект культурнай спадчыны”. А стараннямі Паўла Дарохіна ды іншых рупліўцаў з БСД гэта, хутчэй за ўсё, неўзабаве зменіцца. Літаральна тое самае можна сказаць і пра ініцыятыву Уладзіміра Парфянка (не так даўно дэталёва апісаную на старонках “К”) па стварэнні музея фатаграфіі.

Асобную групу намінантаў складаюць грамадскія фонды, якія канцэнтруюць сваю дзейнасць вакол той ці іншай канкрэтнай праблемы, аб’екта або героя. Дзейнічаюць яны па-рознаму. Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці займаецца карпатлівай і вузкапрафесійнай працай па інвентарызацыі яе пабудоваў. Даўняя ініцыятыва мастака Барыса Цітовіча па ўшанаванні памяці ахвяраў Першай сусветнай вайны спакваля эвалюцыянавала ў прыстойны музейна-агратурыстычны аб’ект (што
праўда, не зусім тэматычны, але ў дадзеным выпадку гэта і нядзіўна: сама тэма агратурызму не спрыяе). Нават дзіўна, што гэтая заяўка не патрапіла ў шорт-ліст.

А летась пачаў актыўнічаць і яшчэ адзін фонд — “Шчорсы і Храптовічы” — і зважаючы на гаротны стан тамтэйшай сядзібы, вельмі своечасова. Ладзіліся даследаванні парку, прайшоў летнік, цягам якога быў прыведзены да ладу фальварак Мураванка (памятаю, хмыззя там было ледзь не па шыю). Што вельмі важна, валанцёры імкнуцца ўключыць у сваю справу мясцовых жыхароў, ладзячы для іх розныя культурныя імпрэзы.

Немалая частка пададзеных на конкурс культурных праектаў актыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі або і наогул “жыве” ў інтэрнэце. У іх ліку і цудоўная ініцытыва Студэнцкага этнаграфічнага таварыства — анлайн-медыятэка “Этнаўсё”, назва якой гаворыць сама за сябе. Дарэчы, на ёй ахвотна размесцяць і тыя этнаграфічныя матэрыялы, якія былі сабраныя ў сваіх мясцовасцях работнікамі культуры і часта дасюль знаходзяцца ў рукапісным выглядзе.

А перамог у “культурнай” намінацыі ўжо даволі вядомы Brest Stories Guide брэсцкага тэатра “Крылы халопа”. Спроба занурыць рэцыпіента ў мінулае з дапамогай “дапоўненай” аўдыягідам рэчаіснасці — без сумневу, вартая пераймання. Тут можна выказаць хіба трохі фармальную заўвагу: здаецца, спецыфічны па сваім фармаце спектакль больш дарэчы было б аднесці ў суседнюю намінацыю — “Лепшы творчы праект”. Зрэшты, мяжа паміж імі даволі няўлоўная.

Лепшы творчы праект

Гэтую намінацыю кожны “расшыфраваў” па-свойму. Былі пададзены і, уласна, творы мастацтва, і мастацкія ды навуковыя выданні, і культурніцкія ініцыятывы. Але калі казаць пра крэатыўнасць падыходу да спадчыны — а гэты крытэрый у дадзеным выпадку, як падаецца, наважнейшы — то асабліва хочацца адзначыць праект Рыгора Хейфеца Belarus Shtetl. Зрабіўшы серыю фота, прысвечаную парэшткам яўрэйскай спадчыны ў беларускіх гарадах і мястэчках, аўтар гэтым не абмежаваўся — ды паспрабаваў пераўтварыць яўрэйскую спадчыну Беларусі ў сучасны брэнд. Апошняму, на думку аўтара, павінна паспрыяць адмысловая серыя дызайнерскага адзення і аксесуараў.

Пераможцам жа ў гэтай намінацыі стаў знакаміты праект Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” — не так даўно адзначаны, дарэчы, і на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”.

Сцяпан Стурэйка адзначыў высокі ўзровень значнай часткі прынятых да разгляду праектаў і прафесіяналізм іх аўтараў. На яго думку, выбар журы сведчыць пра тое, што праекты ў сферы захавання спадчыны павінны абавязкова ўлічваць не толькі тэхнічны бок праблемы, але таксама прадугледжваць асэнсаванне і выкарыстанне помнікаў, іх далейшае развіццё ў сувязі з патрэбамі грамадства.