Аўтограф Гагарына? Калі ласка!

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Герцэна — 100 гадоў!
Што ні кажы, а стогадовы юбілей бібліятэчнай установы — не толькі нагода для святочных імпрэз, але і для гутаркі пра творчыя здабыткі бібліятэкараў, іхнія адметныя праекты і планы на перспектыву. Балазе, гарадскія бібліятэкі Гомеля — гэта, на жаль, terra incognita як для чытачоў “К”, так і для саміх журналістаў. Таму сённяшні юбілейны матэрыял стане толькі “першай ластаўкай” у справе асвятлення дзейнасці супрацоўнікаў бібліятэк абласнога цэнтра. Бо паказаць ім, паверце, ёсць што.

/i/content/pi/cult/740/16075/21.JPG

Ад Шамякіна да Салжаніцына

Пра дзейнасць Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі можна расказваць гадзінамі і нават цэлымі днямі. Таму не буду хадзіць вакол, а проста спытаю: вось вы, напрыклад, бачылі калі-небудзь аўтограф Аляксандра Салжаніцына? А Юрыя Гагарына? Я бачыў. А яшчэ сотні іншых аўтографаў знакамітых людзей не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краін свету.

Усе яны сабраныя ў адным месцы — Музеі аўтографа, які размясціўся на трэцім паверсе цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Адметная “фішка”? І не кажыце!

— Музейная ўстанова ў гомельскай кніжніцы была адкрыта яшчэ ў 2011 годзе, — распавяла дырэктар бібліятэкі і адначасова кіраўнік Сеткі публічных бібліятэк Гомеля Таццяна Уласава. — На сёння яна змяшчае блізу 1300 дакументаў, якія ўтрымліваюць аўтографы вядомых пісьменнікаў, ганаровых гараджан, ветэранаў, гасцей горада, афіцыйных асоб, дзеячаў навукі, папулярных савецкіх акцёраў і музыкантаў, сучасных эстрадных выканаўцаў і нават прызёраў алімпійскіх гульняў.

Сярод рэдкіх — аўтографы Юрыя Гагарына, Сямёна Будзёнага, Кшыштафа Занусі, Уладзіміра Мулявіна, Юрыя Башмета. А самы значны раздзел экспазіцыі — і гэта цалкам натуральна — складаюць аўтографы літаратурныя.

— У ім прадстаўлены кнігі з дарчымі надпісамі вядомых беларускіх і расійскіх пісьменнікаў, — распавядае вядучы бібліятэкар Тамара Ахраменка, ладзячы для мяне невялікую экскурсію. — Напрыклад, вось аўтограф Івана Шамякіна, вось — Васіля Быкава, вось — Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Максіма Танка, Аляксандра Салжаніцына, Яўгена Еўтушэнкі, Святланы Алексіевіч...

Дзеля таго, каб гэтыя цікавыя дакументы з фонду музея былі даступныя ўсім ахвотным, бібліятэкары стварылі базу даных, размясціўшы яе ў інтэрнэце. Запачаткаваны і адмысловыя праекты — “Аўтограф юбіляра” і “Людзі і кнігі”.

Акрамя таго, Музей аўтографа працуе і ў якасці галерэі — пад лозунгам “Выставачныя прастора — маладым!” Цяпер там дэманструецца выстава маладога краязнаўцы і фотамастака з Гомеля Аляксандра Нікіціна, а раней свае карціны паказвалі маладыя мастакі. Многія з тых, хто выстаўляўся ў Музеі аўтографа, былі дэбютантамі. Вось такая знакавая і адметная бібліятэчная ініцыятыва, скіраваная на раскрыццё патэнцыялу маладых творцаў Гомеля.

Праект за праектам

Зразумела, што гэта толькі адзін з праектаў гарадской бібліятэкі. Хапае тут і іншых, прычым на самую розную тэматыку, у першую чаргу — краязнаўчую. Бо, як пераканана Таццяна Уласава, яна з’яўляецца адным з галоўных пунктаў дзейнасці бібліятэкараў.

Яшчэ дзесяць гадоў таму з праспекта Леніна (былая вуліца Замкавая) цэнтральная бібліятэка пераехала ў адрамантаваны гістарычны будынак па вуліцы Савецкай. Але брэндавы літаратурна-мастацкі салон “Сустрэчы на Замкавай”, які творча інтэрпрэтуе краязнаўчую тэматыку, працягвае дзейнічаць і па новым адрасе.

— Стварылі мы яго яшчэ ў 1996 годзе, — кажа Таццяна Уласава. — Думаю, не памылюся, калі скажу, што салон з’яўляецца цэнтрам зносін творчай інтэлігенцыі горада.

Кожны месяц тут збіраюцца вядомыя пісьменнікі, драматургі, журналісты і выдаўцы Гомельшчыны. Цягам больш як 23 гадоў адбылося мноства цікавых сустрэч: і юбілеі, і творчыя вечары, і прэзентацыі кніг, і тэматычныя літаратурна-музычныя кампазіцыі.

Яшчэ адна цікавостка — літаратурныя квэсты на самыя розныя тэмы: па “Новай зямлі”, “Людзям на балоце”, “Палескім рабінзонам”... А найбольш запамінальным, відаць, атрымаўся квэст па “Шляхціцы Завальні” Яна Баршчэўскага, які ладзіўся ў межах бібліяночы — яшчэ аднаго праекта, які прыйшоў на Беларусь не так даўно, але з поспехам у нас прыжыўся. У тым ліку і ў Гомелі: як расказвалі мне самі бібліятэкары, акцыя “Бібліяноч” стала адной з самых чаканых у горадзе, якая збірае мноства наведвальнікаў і патрабуе ад супрацоўнікаў максімум намаганняў пры яе падрыхтоўцы і правядзенні.

Хто чытае лепей?

Наступны праект, які называецца “Лепшы чытач дзіцячых кніг”, мне давялося пабачыць на свае вочы. Дакладней кажучы, я папрысутнічаў на заключным конкурсе гэтай бібліятэчнай ініцыятывы, падчас якога кампетэнтнае журы выбірала самага лепшага маленькага чытача сярод дзясятка спаборнікаў.

Па словах Таццяны Уласавай, гэты праект рэалізуецца бібліятэкарамі цягам 13 гадоў. Праводзіцца ён у два этапы: спярша ў гарадскіх бібліятэках па выніках праграмы летняга чытання выбіраюць па адным лепшым чытачы, а затым гэтыя дзеці ўдзельнічаюць у фінальным літаратурным спаборніцтве.

Конкурс праходзіць пры падтрымцы Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншых арганізацый. Старшынёй журы на працягу многіх гадоў з’яўляецца пісьменнік і драматург Васіль Ткачоў — дарэчы, адзін з актыўных пазаштатных карэспандэнтаў “Культуры”. Ганаровымі гасцямі конкурса ў розныя гады былі пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, Валерый Квілорыя, а сёлета — Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Фінал заўжды прымеркаваны да Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі.

У сёлетнім спаборніцтве ўдзельнічалі 11 самых начытаных хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзятва і танцавала, і спявала, і нават рабіла інсцэніроўкі — нумар з неандэртальцамі, якія моляцца на кнігу, стаўся, на мой погляд, шэдэўральным, — і прамаўляла вершы, і паказвала сваю кемлівасць ды дасведчанасць у сапраўдным моры дзіцячай літаратуры. Лепшай чытачкай у выніку журы абрала дзесяцігадовую Маргарыту Глушакову (бібліятэка-філіял № 11 Гомеля).

— На мой погляд, гэта цудоўнае свята чытання, свята кнігі, і мне вельмі прыемна было назіраць, як адказваюць дзеці на такія цяжкія пытанні, што часам і сам аўтар на іх адказаць адразу не зможа, — кажа Кацярына Хадасевіч-Лісавая. — Добра, што падобныя конкурсы ладзяцца на пастаяннай аснове. Калі бачыш перад сабой падобных цікаўных чытачоў, дык і працаваць над наступнымі дзіцячымі кнігамі яшчэ больш становіцца ў радасць.

Дадам, што кожны ўдзельнік атрымаў цэлы стос падарункаў і ад арганізатараў, і ад членаў журы. Так што ніхто з хлопчыкаў і дзяўчынак не сышоў з конкурсу засмучаным ці расчараваным.

Пра бібліятэкараў і “вечны” расклад

— Шчыра скажу, што не баюся “смерці кнігі”, пра якую так часта цяпер гавораць, — распачала нашу гутарку пасля завяршэння імпрэзы Таццяна Уласава. — На мой погляд, у будучыні нас чакае сімбіёз інтэрнэт-рэсурсаў і папяровых выданняў. А яшчэ ў бібліятэках абавязкова стане больш кампетэнтных супрацоўнікаў, якія змогуць не толькі выдаваць кнігі па запатрабаваннях наведвальнікаў, але і стаць дарадцамі чытачоў самых розных узростаў у падборы спецыялізаванай літаратуры. Бо бібліятэкар сёння — і дасведчаны ў кніжнай справе спецыяліст, і арганізатар мерапрыемстваў, і ў нечым артыст, які можа сыграць любую ролю — ад вядоўцы імпрэзы да ўдзельніка літаратурнай вечарыны, — і маркетолаг, які імкнецца да супрацоўніцтва з рознымі сацыяльнымі партнёрамі... Я назвала толькі некаторыя якасці бібліятэкара — агулам іх, натуральна, болей. Але, пагадзіцеся, гэтыя — самыя запатрабаваныя.

Па словах дырэктара, цяпер у цэнтральную бібліятэчную ўстанову Гомеля часцяком прыходзяць на сталую працу маладыя людзі. І задача іхніх калег — даць адаптавацца навічкам на новым месцы, навучыць іх працы з людзьмі, у калектыве.

— На жаль, выпускнікі БДУКіМ да нас чамусьці не даязджаюць, — кажа Таццяна Уласава. — Таму сёння ў бібліятэцы працуе шмат маладых спецыялістаў з філалагічнай адукацыяй. Натуральна, рэкамендуем ім павысіць сваю кваліфікацыю на базе нашай бібліятэкі, заахвочваем да паступлення на профільныя спецыяльнасці. Так што кадравая праблема ў нас адчуваецца даволі востра.

Яшчэ адна праблема, якая хвалюе спадарыню Уласаву, — камп’ютарызацыя тых устаноў, якія ўваходзяць у склад сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля.

— У некаторых нашых бібліятэках мы ўжо стала перайшлі на працу ў аўтаматызаваным рэжыме, — кажа Таццяна Уласава. — Але ж у гэтым кірунку яшчэ даволі шмат работы наперадзе. Прыкладам, трэба вырашыць пытанне са састарэлым камп’ютарным абсталяваннем, а таксама знайсці кваліфікаваных спецыялістаў са сферы камп’ютарных тэхналогій.

Апошняя праблема турбуе дырэктара таксама досыць даўно. Справа ў тым, што наяўны штатны расклад, зацверджаны яшчэ блізу 20 гадоў таму, увогуле прадугледжвае толькі адну стаўку інжынера-электроншчыка на ўсю бібліятэчную сетку!

— Напрыклад, да нас на працу ўладкаваўся малады спецыяліст, які дапамог нам зрабіць наш бібліятэчны сайт, чый выгляд і рэсурсныя магчымасці мяне на сёння цалкам задавальняюць, — кажа Таццяна Уласава. — Але гэты спецыяліст ад нас сышоў, адпрацаваўшы два гады паводле заканадаўства.

Утрымаць дасведчанага і кваліфікаванага знаўцу камп’ютарных тэхналогій цяжка з прычыны малых заробкаў бібліятэкараў, а таксама і таму, што падобныя спецыялісты не прапісаны ва ўжо згаданым штатным раскладзе. Адпаведна, даплат і надбавак, прадугледжаных, напрыклад, бібліятэкарам, такія супрацоўнікі атрымаць не могуць.

Што ж, праблема, акрэсленая Таццянай Уласавай, відавочная. Тэме змянення штатнага раскладу наша газета прысвяціла нямала газетных палос. Але воз, як кажуць, і дасюль там, бо падводных камянёў на шляху да новага штатнага раскладу, як аказалася, куды болей, чым здаецца на першы погляд.

Як бачна, святочны юбілей не стаўся для Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі часам спачывання на лаўрах. Яе супрацоўнікі ў рамках святкавання плануюць зладзіць дзясяткі розных імпрэз: фотавыставы, прэзентацыі, літаратурныя вечарыны, вернісажы ды многае іншае. Не сумняюся, што пра найбольш знакавыя мерапрыемствы, “Культура” яшчэ абавязкова раскажа. А пакуль — са святам вас, дарагія сябры і калегі! Разам мы робім агульную справу!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"