Яшчэ раз пра Персік і балетныя прысмакі

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Паўпустая зала, ніякага ажыятажу, які звычайна папярэднічае прэм’еры — тым больш, нацыянальнай. А на сцэне — папраўдзе адметны спектакль, годны паказу не толькі на айчынных пляцоўках. У Беларускім дзяржаўным музычным тэатры паставілі балет “Джэймс і Персік-велікан” маладога беларускага кампазітара Кацярыны Шымановіч.

/i/content/pi/cult/740/16071/15.JPGФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Насамрэч, з гледачамі ўсё не так дрэнна. Проста абодва прэм’ерныя спектаклі прыпалі на ранішнія будні вясновых канікулаў. Дзеці, вядома, вольныя, але ж бацькі — на працы. Праўда, ёсць яшчэ бабулі-дзядулі, ды яны не такія “прасунутыя” ў сучаснай замежнай літаратурнай класіцы для дзяцей, і назва балета ім ні пра што не гаворыць. А між тым, англійскі пісьменнік нарвежскага паходжання Роальд Даль (1916 — 1990), паводле казкі якога створаны спектакль, уганараваны безліччу прэмій. Наша публіка магла сустрэцца з яго героямі год таму на гастрольным мюзікле з Украіны “Чарлі і шакаладная фабрыка”. Дый экранізацыямі сваіх кніг ён не абдзелены — вядома, замежнымі. Так што на красавіцкім і майскім паказах, як можна прагназаваць, сітуацыя павінна палепшыцца: будзем спадзявацца, што спрацуе “сарафаннае радыё”, якое яшчэ ніколі не падводзіла.

Чым адметна новая казка? Усім. У аснове — незашмальцаваны прыгодніцкі сюжэт пра чароўнае падарожжа. Куды? Спачатку — унутр вялізнага Персіка памерам з дом, дзе жывуць такія ж вялікія казуркі. Потым, разам з Персікам і яго насельнікамі, — па моры і па небе. Чым не казачны даведнік па біялогіі з геаграфіяй? Але насамрэч тая вандроўка — унутр чалавечай душы. Без падзелу на дзяцей і дарослых, бо ад душэўнай адзіноты, калі ты гатовы “закапацца ў норку” і не вылазіць адтуль, баючыся неразумення іншых, могуць пакутаваць усе без выключэння.

/i/content/pi/cult/740/16071/16.JPGВабіць надзвычай прыгожая, багатая на вобразнасць сімфанічная музыка — без налёту таннай ілюстрацыйнасці ці эстрадных падлашчванняў. Яе аўтар Кацярына Шымановіч — нядаўняя выпускніца нашай Акадэміі музыкі па класе Вячаслава Кузняцова, пяру якога належаць “Вітаўт”, “Анастасія” і шэраг іншых балетных партытур, не гаворачы пра безліч іншых твораў практычна ва ўсіх жанрах і стылях. Яшчэ ў часы навучання студэнтка, а потым выкладчыца згаданай ВНУ вызначалася асабліва беражлівым, па-жаноцку трапяткім стаўленнем да класічна сціплай, “ціхай”, часам незаўважнай прыгажосці, якая так часта разбураецца ў сучасным свеце, пераможаная яркім, кідкім, ваяўнічым наступам павеваў маскульта. Рана выявілася ў Кацярыны і схільнасць да дзіцячай музыкі: пагатоў, яна маці чацвярых дзяцей.

Пры ўсёй сваёй “англійскай трываласці”, пры ўсіх манерах “сапраўднай ледзі” ў дачыненні да лепшых музычных традыцый, у новым балеце Шымановіч напоўніцу выпускае на волю сваю прыродную сонечнасць. Яго старонкі (нават пазначаныя рысамі неакласіцызму ці этнаматывамі са спасылкамі на Сярэднявечча) ззяюць свежасцю, пазбаўленай пылу мінулых гадоў. Шматлікія сола практычна ўсіх інструментаў, уключаючы бас-трамбон, не толькі расквечваюць музыку чысцінёй фарбаў, але і ўтвараюць своеасаблівы “паралельны аповед”: кожны з музычных тэмбраў становіцца быццам дадатковым жыхаром казачнай краіны, і сачыць за іх лёсам не менш цікава, чым за яркім відовішчам.

Мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава ўклала шмат фантазіі ў сцэнаграфію і сцэнічныя строі. Удала дапаўняюць “карцінку” аздобленыя анімацыяй відэапраекцыі Алены Ахрэменка. Балетмайстар Сяргей Мікель надаў героям адметную “партрэтную” пластыку, спалучаючы ўласна харэаграфію з паэтызаванымі побытавымі рухамі.

Каларытныя цётачкі Джэймса, у адрозненне ад сваіх кніжных прататыпаў — зусім не злосныя, а хутчэй смешныя, парадыйныя. Яны спраўна фінцяць на абцасіках элементы эстраднага танца. Да месца аказаўся і сінтэз са спортам, бо жаночы кардэбалет выкарыстоўвае ўласцівыя мастацкай гімнастыцы стужкі, а мужчынскі — скейты. Прычым катаюцца на іх лежачы, быццам плаваючы на “марской глыбіні”. А падзеленыя на часткі выявы насарога і акул бяруць пачатак не толькі з сучасных пазлаў ці вулічных шэсцяў з транспарантамі, але і з сярэднявечнага рыцарскага балету, удзельнікі якога часцяком трымалі літары, складаючы з іх “апорныя словы” сакральнага сэнсу.

Аркестр на чале з дырыжорам-пастаноўшчыкам Марынай Траццяковай з любоўю грае кожную нотку, даносіць усе дэталі кампазітарскай задумы. Ды ўсё ж сцэна буры падалася крыху млявай, у ёй так і хацелася адчуць больш напалу. Намаляваная на палотнішчы вясёлка, у якую ўразаюцца персікавыя пасажыры, спускаецца з каласнікоў. А хочацца тэатральнага цуду, створанага светлавымі эфектамі! У пачатку спектакля не заўсёды “чытаюцца” сюжэтныя перыпетыі — тым больш, што сцэны шчаслівага дзяцінства хлопчыка з бацькамі, у параўнанні з кнігай, больш працяглыя.

Але ўсе гэтыя і магчымыя іншыя заўвагі — дробязь у параўнанні з сапраўднай мастацкай падзеяй, якой стала прэм’ера балета. Так што чытайце з дзецьмі казку — і выпраўляйцеся ў Музычны тэатр.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"