Снег нясе цяпло?

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

Напрыканцы сезона ў Беларускім тэатры “Лялька” адбылася прэм’ера спектакля “Сонейка і снежныя чалавечкі” па казцы А.Весялова. Спектакль паставіў украінскі рэжысёр Сяргей Брыжань, запрошаны з лялечнага тэатра Хмяльніцкага.

 /i/content/pi/cult/170/1607/Sneg.jpg
Гісторыя пра двух маленькіх снегавікоў, прызначаная для дзяцей з 4 гадоў, расказана вельмі даступна і наглядна. Снегавікі ідуць шукаць сонейка, каб папрасіць яго не прыходзіць. Па дарозе яны сустракаюць розных лясных жыхароў, якія замярзаюць у заснежаным лесе, дапамагаюць ім. Снегавікі спачуваюць сябрам, і гэтае пачуццё перамагае ў іх страх растаяць: яны клічуць сонца хутчэй сагрэць зямлю, каб не загінулі жывёлы і дрэвы. Сонца паслухалася і выйшла, а снегавікі — растаялі...
Халоднае можа несці цяпло, — гаворыць рэжысёр вуснамі сваіх герояў.
Як расказаў Сяргей Брыжань, у спектакле ўсяго ў меру — і музыкі, і вершаў, і песень. “Лялечны рэжысёр павінен умець прыгатаваць для дзяцей смачную і здаровую “ежу”, — лічыць аўтар спектакля. Калі меркаваць па рэакцыі першых гледачоў, такая страва атрымалася. Хлопчыкі і дзяўчынкі, перажыўшы сумную і светлую гісторыю добрых персанажаў, магчыма, адкрылі ў сабе нейкія добрыя рысы, зразумелі жаданне ахвяраваць сабой дзеля іншых.
У спектаклі заняты акцёры Алесь Маханькоў, Вольга Корзун, Ніна Шабанава і іншыя. Лялькі і дэкарацыі стварылі мастакі Ганна і Алесь Сідаравы. Шырокая глядацкая аўдыторыя ўбачыць спектакль у новым тэатральным сезоне.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск