Фэст, які знаёміць суседзяў

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

На гэтых выхадных па ўсёй краіне праходзіць дзясяты Фэст экскурсаводаў, традыцыйна прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Задума, якая ўзнікла ў коле гідаў ды краязнаўцаў у 2008 і была рэалізаваная на наступны год, вылілася ў цікавы і надзвычай папулярны праект. Калі першы фэст у 2009 годзе налічваў толькі 25 экскурсій, то сёлета з 10 да 22 красавіка адбудуцца каля 300 экскурсій, прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — у тым ліку ў Мадрыдзе, Празе, Вільні, Беластоку, Даўгаўпілсе і Маскве. Арганізатарамі фэсту сёлета выступаюць Беларускі камітэт ICOMOS, Нацыянальнае агенцтва па турызме і Беларускі фонд культуры.

/i/content/pi/cult/740/16066/9.JPGСёлета каля двух дзясяткаў экскурсій адбудзецца ў Магілёўскай вобласці, каля трох дзясяткаў — у Брэсцкай і Віцебскай абласцях, у Гомельскай вобласці можна будзе наведаць каля 40, а ў Гродзенскай — каля 50 экскурсій, і яшчэ каля 100 пройдзе ў Мінску. Як і
заўсёды, усе яны бясплатныя. Адметнасць фэсту ў тым, што ўдзельнічаць у ім у якасці экскурсаводаў могуць не толькі атэставаныя гіды, але і тыя, хто мае што распавесці ды паказаць і хоча паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе пад наглядам і з дапамогай прафесіяналаў.

Спіс экскурсій фэсту заўжды здзіўляе сваёй разнастайнасцю. Штогод у яго праграме — новыя гіды і маршруты. Знайсці вандроўку на свой густ змогуць нават самыя пераборлівыя аматары спадчыны. Акрамя традыцыйных пешаходных, адбудуцца таксама велаэкскурсіі, аўтобусныя вандроўкі і нават выправа на аўтамабілях-пазадарожніках па мясцінах Першай сусветнай вайны.

Яшчэ з адметнага — у Мінску пройдзе інклюзіўная экскурсія для людзей з інваліднасцю. Паболела квэстаў. З’явіліся цікавыя літаратурныя экскурсіі — паводле канкрэтных празаічных твораў. Адбудуцца экскурсіі на мовах іншых народаў, якія жывуць у Беларусі — украінскай і польскай. Адметнасць сёлетняга фэсту таксама ў тым, што акрамя экскурсій у яго праграме ўпершыню будуць лекцыі спецыялістаў у розных галінах, звязаных з турызмам і аховай спадчыны.

Арганізатары заўжды падкрэсліваюць, што перадусім гэты праект пакліканы абудзіць у людзей цікаўнасць да тых мясцін, дзе яны жывуць, не заўважаючы іх адметнасцяў. Фэст дазваляе нанова адкрыць для сябе ўласныя прывычныя гарадскія раёны ці родныя вёскі, даведацца пра іх багатую гісторыю, адшукаць у знаёмых краявідах не заўважаныя раней сляды мінуўшчыны.

Многія наведвальнікі фэсту ў Мінску абіраюць экскурсіі не па гістарычным цэнтры, а па Грушаўцы, Каменнай Горцы, Пушкінскім пасёлку, Серабранцы, Старажоўцы, Уруччы, пасёлку Трактарнага завода... Я сам ужо трэці год запар ладжу экскурсію па сваім родным раёне ля старога мінскага аэрапорта. Нягледзячы на блізкасць да цэнтра горада, гэтыя мясціны часта застаюцца незнаёмымі для многіх мінчукоў, і нават далёка не ўсё мясцовыя жыхары ведаюць мінуўшчыну сваёй ускраіны.

Ідэя экскурсіі нарадзілася яшчэ ў 2015 годзе, калі я стварыў у інтэрнэце інтэрактыўную мапу помнікаў і цікавых мясцін Кастрычніцкага раёна Мінска. Акрамя пунктаў з апісаннямі канкрэтных месцаў, на сучасную карту горада была накладзеная сетка вуліц па стане на 1940 год — так удалося стварыць нагляднае ўяўленне аб тым, як выглядаў раён да вайны, калі ён быў амаль цалкам забудаваны драўлянымі аднапавярховымі дамамі. Разам са стварэннем карты распачаўся збор інфармацыі пра гісторыю і сучаснасць тых мясцін у сацыяльных сетках на старонках пад назвай “Аэрапорт Мінск-1 і ваколіцы”.

Прыкладна ў той жа час у інтэрнэце з’явіліся аналагічныя краязнаўчыя праекты, прысвечаныя гісторыі Старажоўкі (яго стварыла гісторык Паўліна Скурко, і ў многім я натхняўся яе прыкладам), а таксама пасёлку Трактарнага завода (тут ініцыятарам выступіў паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль). У 2016 годзе ўсе гэтыя ініцыятывы атрымалі свой працяг, выйшаўшы з віртуальнай прасторы на гарадскія вуліцы — у форме экскурсій фэсту.

Вядома ж, лягчэй і цікавей за ўсё распавядаць пра тыя мясціны, якія ведаеш з дзяцінства. Водзячы людзей па раёне, дзе сам вырас і які аблазіў цалкам, можна амаль не задумвацца і не выпісваць дакладны тэкст экскурсіі — нешта прыгадваецца само сабою нават ужо падчас вандроўкі, самі мясціны дыктуюць працяг і адгалінаванні. Часта аповед гіда дапаўняюць экскурсанты — асабліва калі яны мясцовыя, а часам і старэйшыя ўзростам, і таму памятаюць аб мінулым значна больш. Пасля экскурсій наведвальнікі часта далучаюцца ў інтэрнэце да адпаведных краязнаўчых старонак у сацыяльных сетках, публікуюць там свае ўспаміны, фотаздымкі, узгадваюць і абмяркоўваюць мясцовыя рэаліі мінулых гадоў.

Галоўная каштоўнасць такіх “раённых” экскурсій у тым, што яны ствараюць міжасабовыя сувязі на мясцовым узроўні. Падчас вандровак па раёне завязваюцца знаёмствы паміж суседзямі. Такім чынам не толькі захоўваюцца і назапашваюцца веды пра гісторыю раёнаў, але і развіваюцца лакальныя супольнасці, якія могуць у будучыні вырашаць і надзённыя пытанні. Цікаўнасць да мінулага спрыяе ўзаемадапамозе і добрасуседскім стасункам у сучаснасці і будучыні.

У наш час, калі ўсё большую папулярнасць набіраюць аўдыягіды і турыстычныя праграмы для смартфонаў, а любую інфармацыю, здаецца, можна знайсці ў інтэрнэце, Фэст экскурсаводаў выглядае сапраўдным цудам. Выводзячы на вуліцы гарадоў, мястэчак і вёсак тысячы цікаўных экскурсантаў, гэтае мерапрыемства яшчэ раз даводзіць, што жывы кантакт з гідам і вандроўка па
мясцінах, пра якія ён распавядае, яшчэ доўга будуць заставацца па-за канкурэнцыяй сярод аматараў даўніны. А можа, нехта з сённяшніх экскурсантаў так натхніцца пачутым і пабачаным падчас фэсту, што наступным разам і сам захоча паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода? З уласнага прыкладу ведаю, што гэта цалкам рэальна.