Ён нарадзіўся 7 студзеня 1953 года ў Мінску. Яго бацька — легендарны дыктар і педагог Ілья Курган. Уладзімір пайшоў па бацькоўскіх слядах, паступіўшы вучыцца на акцёра ў тэатральна-мастацкі інстытут.
— Светлы, добры, тактоўны чалавек. 1972 год, лета, тысячы абітурыентаў у БДТМІ… Ён падыходзіў да кожнага абітурыента, выслухоўваў, падтрымліваў… — успамінаў у сацсетках пра сустрэчу з Уладзімірам Ільічом віцебскі рэжысёр і педагог Ігар Баярынцаў.
Сціплы па жыцці, Уладзімір Курган раскрываўся напоўніцу на сцэне. А яшчэ — у сваіх вучнях. Уладзімір Ільіч выхаваў не адно пакаленне акцёраў, тэле- і радыёжурналістаў. Ён умеў далікатна ўказаць на памылку, выправіць недарэчнае, ухваліць за перамогу над сваімі недахопамі.
— Усе, хто працаваў на мінскіх радыёстанцыях і вучыўся ў яго мове, клікалі яго “наш Ільіч”. Ён — адзін з нямногіх людзей, якіх я быў рады бачыць і чуць заўсёды і пры любых абставінах. Светлая памяць і зямля пухам, — адрэагаваў на сваёй старонцы ў FB на сумную навіну кампазітар Дзмітрый Фрыга.
Апошні спакой Уладзімір Ільіч знайшоў на Паўночных могілках. Яго пахавалі побач з маці.