Наперадзе — конкурс

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Падрыхтоўку беларускага ўдзельніка Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2019” Івана Зданюка возьме на сябе прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ”. З такой прапановай звярнуліся да яго Міністэрства культуры краіны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Адпаведна, сёлета гэты прадзюсарскі цэнтр будзе адказваць за падрыхтоўку абодвух прадстаўнікоў Беларусі на конкурсах “Славянскага базару” — нагадаем, што пераможцам Нацыянальнага адбору на дзіцячы вакальны конкурс “Віцебск — 2019” стала выхаванка студыі Malinovka by Spamash Ксенія Галецкая.

Як адзначыў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю прадзюсарскага цэнтра Іван Прус, сёння цэнтр мае ўсе магчымасці для рэалізацыі самых смелых творчых ідэй. У яго распараджэнні — уласная, найсучасная ў краіне студыя гуказапісу. Над пастаноўкай нумароў будзе працаваць уласная каманда цэнтра пад кіраўніцтвам дасведчанага спецыяліста Анжалікі Мікульскай. Што ж тычыцца музычнага складніку, то за яго адказваюць сапраўдныя профі — знакаміты кампазітар Леанід Шырын, які з’яўляецца мастацкім кіраўніком цэнтра, і кіраўнік дзіцячай студыі мастацтваў Настасся Марчук.

Таксама цэнтр возьме на сябе піяр-суправаджэнне артыстаў, парупіцца ён і пра ўдасканаленне іх іміджу, які гледачы здолеюць ацаніць дзякуючы эксклюзіўным фотасесіям і відэакліпам.

За сваю 15-гадовую гісторыю цэнтр ужо не раз рыхтаваў артыстаў да розных міжнародных конкурсаў, у тым ліку і тых, што ладзяцца ў рамках “Славянскага базару”. У 2008 годзе Віталь Гардзей атрымаў першую прэмію конкурсу, Алена Ланская прынесла краіне Гран-пры “Віцебск - 2011”, а ў 2016 годзе высокай узнагароды конкурсу быў уганараваны Аляксей Грос.

Будзем спадзявацца, што залу славы цэнтра неўзабаве папоўніць і Іван Зданюк. У кожным разе, няма сумневу, што перадфестывальныя месяцы жыцця 19-гадовага спевака стануць для яго насычанымі і карыснымі.