Падзяка за высакароднасць

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

10 красавіка ў рэзідэнцыі “Дыпсэрвіс Хол” адбылася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў Рэспубліканскай акцыі “Мецэнат культуры Беларусі — 2018”.

/i/content/pi/cult/740/16060/5.JPGЛаўрэатамі акцыі сталі 130 беларускіх і замежных банкаў, прадпрыемстваў, кампаній і прыватных асоб.

Адкрываючы ўрачыстую імпрэзу, міністр культуры Юрый Бондар адзначыў, што падтрымка айчынных бізнесменаў Беларусі дазволіла зрабіць больш маштабнымі такія творчыя праекты, як міжнародны музычны фестываль “Славянскі базар” у Віцебску, рэспубліканскае свята “Александрыя збірае сяброў”, мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ, міжнародны фэстываль Юрыя Башмета і многія іншыя. Летась пры падтрымцы спонсараў з вялікім размахам прайшоў нацыянальны конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”, а ягоная пераможца паспяхова выступіла на конкурсе “Міс свету”, упершыню заваяваўшы тытул “Міс Еўропа”.

Міністр выказаў падзяку тым мецэнатам, якія ў “Год малой радзімы” зрабілі неацэнны ўнёсак у рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры і ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў культуры. Сярод найбольш прыкметных пачынаў — набыццё раялю для Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжу імя Агінскага і абсталявання для Светлагорскага цэнтра культуры.

Пры падтрымцы спонсараў ажыццёўлены многія выдавецкія і музейныя праекты, былі зладжаны мерапрыемствы з удзелам лаўрэатаў і стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прычым некаторыя бізнес-структуры не толькі дапамагаюць дзяржаве ў рэалізацыі культурнай палітыкі, але і здзяйсняюць уласныя ініцыятывы, якія маюць шырокі грамадскі розгалас і істотна ўмацоўваюць духоўны падмурак краіны і культурны патэнцыял грамадства.

/i/content/pi/cult/740/16060/6.JPGМіністр выказаў спадзяванне, што ўрачыстая імпрэза паспрыяе наладжванню больш шчыльнага сумоўя, вынікам якога стане пашырэнне спонсарства і мецэнацтва ў нашай краіне і ўдасканальванне заканадаўства дзеля стварэння сістэмы стымулаў і заахвочванняў для тых, хто заняты гэтай высакароднай справай.

Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка ў сваім выступленні засяродзіў увагу на той акалічнасці, што культура для дзяржавы і грамадства — такі ж вызначальны рэсурс развіцця, як і эканоміка. Без адукаваных, выхаваных на лепшых узорах нацыяльнай культуры грамадзян цяжка ўявіць будучыню дзяржавы. А з гэтага вынікае важнасць дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў культурнай галіне.

Вечарыну аздобілі выступленні салістаў Беларускай оперы. Гэта была своеасаблівая форма падзякі мецэнатам за дапамогу ў рэалізацыі сцэнічных праектаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"