Праграмы выступленняў былі складзены так, каб паказаць не толькі ўвесь аркестр на чале з Віктарам Бабарыкіным, але і асобныя інструментальныя ансамблі, утвораныя ўнутры гэтага зладжанага калектыву. У абодвух канцэртах удзельнічаў дэцымет драўляных духавых, якім кіраваў другі дырыжор аркестра Віталь Кульбакоў. Многія папулярныя творы ў пералажэнні для такога складу набылі новыя адценні. Той жа “Танец рыцараў” з балета “Рамэа і Джульета” С.Пракоф’ева страціў жорсткую няўмольнасць поступу, стаўшы больш камерным, крыху “безабаронным”.
У Мінску ўсё другое аддзяленне было аддадзена ансамблю саксафонаў, які выконваў самыя разнастайныя пералажэнні — ад музыкі Г.Гендэля да рэпертуару “Бітлз”. У Полацку, улічваючы скіраванасць самой залы, саксафоны не саліравалі. Затое ў праграме з’явіліся Варыяцыі на тэму ракако П.Чайкоўскага, дзе з аркестрам выступіў выбітны малады віяланчэліст Аляксей Афанасьеў. Аркестр ужо выконваў гэты твор на Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета, але з іншым салістам, таму зараз “музычны дыялог” атрымаўся абсалютна новым.
У абодвух канцэртах удзельнічала таксама шыкоўная скрыпачка, салістка Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі Юлія Ігоніна — былая выпускніца Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі, якую звязвае з аркестрам даўняе і надзвычай плённае супрацоўніцтва.
— У наступным сезоне, — сказаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра В.Бабарыкін, — спадзяёмся правесці не асобны канцэрт, а цэлы фестываль нашага калектыву ў Полацку. Папярэдняя дамоўленасць ужо атрымана. Цяперашні ж канцэрт выйдзе на СD i DVD як падарункавы камплект.
Святлана УЛАНОЎСКАЯ