Нястомны руплівец гісторыі

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Не так даўно споўнілася 80 гадоў Эмануілу Рыгоравічу Іофе. Доктару гістарычных навук, прафесару БДПУ імя Максіма Танка. Гісторыку, чыё імя вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Дыяпазон яго навуковых інтарэсаў неверагодна шырокі, а даробак вымяраецца ажно дзвюма тысячамі розных публікацый! У іх ліку — і манаграфія, выдадзеная напярэдадні святкавання 90-х угодкаў з дня стварэння БССР, у якой паказаны жыццёвы шлях і дзейнасць усіх кіраўнікоў Савецкай Беларусі. Да Эмануіла Рыгоравіча ніхто такіх кніг не выдаваў.

/i/content/pi/cult/739/16057/26.JPGБудучы прафесар нарадзіўся 20 сакавіка 1939 года ў горадзе Беразіно. Бацька — Рыгор Саўлавіч — быў удзельнікам грамадзянскай вайны, пасля займаў адказныя пасады ў народнай гаспадарцы. Маці — Куна Навумаўна працавала сакратаром Бярэзінскага народнага суда і карысталася вялікай павагай сярод жыхароў мястэчка.

У часы Вялікай Айчыннай вайны сям’і Іофе пашанцавала — яна паспела з’ехаць у эвакуацыю, тым самым выратаваўшыся ад немінучай пагібелі. Жылі спачатку ў Тамбоўскай вобласці, потым у Казахстане. А ўжо па вяртанні ў роднае Беразіно хлопчык пайшоў у першы клас.

Потым быў гістфак БДУ. Вучыўся ён на выдатна, актыўна праяўляў сябе ў грамадскай працы, паспяхова спрабаваў сябе ў навуцы. А пасля атрымання дыплому — і ажно да сённяшняй пары — несупынна шчыруе на гістарычнай ніве як даследчык і педагог. Паслядоўнасць, вартая павагі! Недарэмна за Эмануілам Рыгоравічам даўно і трывала замацавалася рэпутацыя нястомнага працаўніка навукі.

Вяртанне Пічэты

Найбольш значную яго працу, выдадзеную ў савецкі перыяд, могуць ацаніць у поўнай меры хіба спецыялісты. Манаграфія “З гісторыі беларускай вёскі (Савецкая гістарыяграфія сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускай вёскі сярэдзіны ХVII — першай паловы ХIХ ст.)”, якая ўбачыла свет у 1990 годзе, стала першым і ў той жа час вельмі ўдалым вопытам сістэмнай рэканструкцыі даследаванняў навуковай супольнасці СССР, прысвечаных беларускай вёсцы. Праца грунтуецца на беспрэцэдэнтнай па насычанасці крынічнай базе — яна ўтрымлівае спасылкі практычна на ўсе кнігі, брашуры, артыкулы, дысертацыі, зборнікі дакументаў, матэрыялы навуковых форумаў, бібліяграфічныя паказальнікі, якія толькі выходзілі па гэтай тэме. Прычым не толькі ў БССР, як гэта было ў папярэднікаў. Эмануіл Рыгоравіч скрупулёзна даследаваў адпаведную спадчыну таксама і расійскіх, украінскіх, літоўскіх, польскіх навукоўцаў.

Але вельмі важны тут і іншы аспект. Прафесар Іофе ўпершыню глыбока і максімальна аб’ектыўна прааналізаваў уклад у распрацоўку праблем айчыннай аграрнай гісторыі такіх аўтараў, як У.І. Пічэта, К.І. Кернажыцкі, Ф.І. Забела, М.В. Мялешка, А.А. Шлюбскі, В.К. Шчарбакоў, М.М. Улашчык, Я.П. Шлосберг, В.Д. Друшчыц, — адзначаючы як станоўчыя, так і негатыўныя бакі ў іх напрацоўках. Варта адзначыць, што за кожнай з пералічаных вышэй асоб стаіць не толькі варты ўвагі навуковы патэнцыял, але і драма, перажытая ў часы панавання сталінскага рэжыма.

/i/content/pi/cult/739/16057/27.JPGА яшчэ ў лютым 1975 года Эмануіл Іофе абараніў у Інстытуце гісторыі АН БССР кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Уладзіміру Пічэту і яго даследаванням сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў эпоху феадалізму. Можна адназначна сцвярджаць, што менавіта дзякуючы гэтай працы постаць першага рэктара БДУ, рэпрэсаванага яшчэ ў 1929-м, была вернутая з небыцця.

Дарэчы, апанентам на абароне гэтай дысертацыі быў тагачасны мэтр афіцыйнай гістарычнай навукі Лаўрэнцій Абецэдарскі. І ў сваім выступе ён рашуча вітаў і тэму, і падыход суіскальніка! Лаўрэнція Сямёнавіча зацікавілі многія выкладзеныя ў дысертацыі факты. Напрыклад, згадкі пра тое, што Пічэта быў вызвалены з ГУЛАГу дзякуючы ўмяшальніцтву прэзідэнта Чэхаславакіі Эдварда Бенеша. Доктарская дысертацыя беларускага навукоўцы пра аграрную рэформу Жыгімонта II Аўгуста ацэньвалася Эмануілам Іофе як этапная падзея ў вывучэнні аграрнай гісторыі Беларусі.

Суіскальнік і апанент неаднойчы сустракаліся і пасля абароны. Абецэдарскі з вялікай цікавасцю слухаў расказы Іофе пра гутаркі з жонкай Пічэты, яго вучнямі, якія працавалі ў Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі АН СССР.

З часоў Полацкага княства

Ужо ў постсавецкі перыяд ключавой тэмай навуковых пошукаў Эмануіла Іофе становіцца гістарычная гебраістыка. Ён вывучаў сацыяльна-эканамічны аспект гісторыі айчынных яўрэяў, дзейнасць іх арганізацый, партый і фондаў на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, даследчык не мог абмінуць увагай і тэму Халакосту.

У навуковай літаратуры ўстаялася сцвярджэнне, што гісторыя беларускага яўрэйства пачынаецца з XIV стагоддзя. Аднак Эмануіл Іофе прывёў у сваіх даследаваннях факты, якія даводзіць, што гэты этнас быў прысутны на нашай зямлі ўжо ў часы Полацкага княства — у XII і нават XI стагоддзях.

Навуковец паслядоўна аспрэчвае многія міфы, якія тычацца этнічных стасункаў на нашых землях. Адзін з іх — перманентная несумяшчальнасць інтарэсаў яўрэяў і іншых народаў, якія насялялі Беларусь. У супрацьвагу яму Эмануіл Іофе прыводзіць наступны довад. Кропка адліку гісторыі айчынных яўрэяў супала з рэзкім пашырэннем купецкага супольніцтва, рамесніцкага корпуса, пераадоленнем дэфіцыту ў лекарскіх кадрах. Адсюль даследчык робіць выснову, што запоўніўшы адпаведныя сегменты сацыяльнай структуры яўрэі дзейнічалі ў інтарэсах усёй грамады.

Яшчэ адзін міф — заўсёдная заможнасць гэтага этнасу. З кніг Іофе можна даведацца пра тое, што яўрэйская супольнасць часам мела не менш вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы, чым астатнія: “У 1765 годзе ўсе літоўскія і беларускія яўрэі аказаліся неплацежаздольнымі. Толькі галоўныя кагалы — віленскі, берасцейскі, гародзенскі і пінскі, дзе ў сукупнасці жыло 13 тысяч душ абодвух палоў — вінаватыя былі 1 600 000 злотых…” Зразумела, у такіх умовах відавочнай глебы для міжэтнічных антаганізмаў не было.

Сацыяльна-эканамічны аспект гісторыі айчынных яўрэяў па-рознаму тлумачыцца ў гістарычнай навуцы. Адны навукоўцы імкнуцца быць гранічна аб’ектыўнымі, другія захапляюцца міфатворчасцю. Публікацыі Эмануіла Іофе трэба расцэньваць як пераканаўчы адказ падобным міфатворцам.

Не толькі ў ролі ахвяраў

У сваёй манаграфіі “Беларускія яўрэі: трагедыя і гераізм. 1941 — 1945” даследчык развівае даволі новую, нават у пэўнай меры нечаканую для многіх тэму — ролю беларускіх яўрэяў у змаганні з нацызмам. Адзін з герояў кнігі — знакаміты партызанскі камбрыг Мікалай Нікіцін, чыя брыгада з мая 1942 па кастрычнік 1942 года была сярод лідараў у плане выніковасці дзеянняў. Прафесар выступіў піянерам у сістэмнай рэканструкцыі Аляксандраўскага боя 14 чэрвеня 1942 года, які пераканаўча сведчыў аб выдатных аператыўна-тактычных здольнасцях гэтага камандзіра. У той дзень партызанская база на выспе сярод балотаў была атакаваная карнікамі. Але дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву, купка лясных мсціўцаў змагла адбіць усе атакі, нанесці нацыстам вялікія страты і прарвацца скрозь ачапленне.

Як засведчыў даследчык, нямала яўрэяў было і сярод савецкіх камандас — байцоў спецгруп НКУС, якія выпраўляліся на акупаваныя беларускія землі. Сярод вернутых з забыцця імёнаў — кіраўнік легендарных “Наватараў” Уладзімір Літвінскі (псеўданім “Давыдаў”). Мудры камандзір і таленавіты арганізатар, ён дабіўся павелічэння сваёй спецгрупы да 126 чалавек, немалую частку з якіх складалі яўрэі. Прафесар уводзіць у навуковы ўжытак багата новых фактаў, звязаных з дыверсіямі “Наватараў”, і пераканаўча даводзіць, што дзякуючы дзейнасці групы стратэгічна важная чыгуначная галіна Ваўкавыск —Баранавічы не змагла выканаць ускладзеныя на яе акупантамі функцыі. У актыў спецгрупе можна запісаць і буйныя страты сярод нямецкіх вайскоўцаў і калабарацыяністаў.

Паводле падлікаў Эмануіла Іофе, 23 савецкія яўрэі сталі Героямі Савецкага Саюза, прычым 15 з іх здзейснілі подзвіг менавіта на беларускіх землях. А колькі яшчэ герояў так і не атрымалі сваю ўзнагароду!

Імя шматгадовага старшыні калгаса імя Гастэлы Яўгена Мірановіча ў савецкія часы гучала на ўвесь голас — яго ўзвялічвалі як выдатнага гаспадарніка. Эмануіл Рыгоравіч фактычна адкрыў для чытача іншую грань гэтай асобы — як выбітнага партызанскага камандзіра. Пяць разоў яго прадстаўлялі да звання Героя Савецкага Саюза — і шторазу вышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва СССР адказвала адмовай. Магчыма, прычынай таму — сапраўднае прозвішча партызана: Тэвель Фінкельштэйн? У кожным разе, як падаецца, гістарычная справядлівасць павінна ўзяць верх — хай ужо і пасля смерці героя.

Зразумела, гэта далёка не ўсе адкрыцці і гіпотэзы, агучаныя за доўгія гады працы вядомым гісторыкам. Што асабліва радуе, ён і сёння не зніжае сваёй актыўнасці, не зважаючы нават на паважны век. Не сумняюся, наперадзе нас чакае яшчэ мноства цікавых публікацый яго аўтарства.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар