Калейдаскоп радасці ў Год парсючка

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Гэты населены пункт — лепшая ілюстрацыя таго, як могуць жыць нашы аграгарадкі. Вядомаму не толькі ў межах краіны прадпрыемству пастаянна патрэбны новыя працоўныя рукі. Значыць, і інфраструктура павінна адпавядаць, каб не на сезон — два заставаліся людзі, а пускалі тут карані. А якасць побыту — яна зусім не толькі ў прыгожых новых дамах, але і ў тым, ці ёсць дзе чалавеку прабавіць вольны час, ці мае ён магчымасці рэалізаваць свае духоўныя патрэбы ды творчыя схільнасці? І ўсходаўская культура такія магчымасці прапануе...

/i/content/pi/cult/739/16054/20.JPGА найперш патрэбна ўвага

У бібліятэчнай сістэме Валянціна Дружыніна працуе больш за 20 гадоў — хай і з перапынкам. Усходаўскай сельскай бібліятэкай яна кіруе трэці год і так кажа пра сваю працу:

— Калі да яе ставіцца фармальна — выдаў чалавеку кніжку, і ўсё на гэтым — то ён можа больш і не прыйсці. Чалавеку найперш патрэбна ўвага. У аграгарадку ёсць сярэдняя школа, яслі-садок, дзейнічаюць гурткі ад магілёўскага Аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Я прыходжу туды, распавядаю пра фонды бібліятэкі, запрашаю наведаць яе, запісацца. І гэта не толькі рэклама, але і проста праява павагі да людзей.

Установа абслугоўвае 650 чытачоў — не толькі з аграгарадка, але і з вёскі Вiльчыцы. Адпаведна, чытачом у гэтых мясцінах з’яўляецца практычна кожны чацвёрты. Наведванне за той жа перыяд складае недзе 6,5 тысяч. Статыстыка, вядома, уражвае. З іншага боку, калі б насельніцтва Усходу змяншалася, яна была б, магчыма, іншай. Але ў аграгарадок людзі наадварот прыязджаюць. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, “агракамбінат “Усход” — адна з самых высокапрадуктыўных гаспадарак Беларусі, якая вырабляе і перапрацоўвае свініну на вытворчай аснове”. Атрымліваецца, што паводле кітайскага календару, сёлета — год гэтага прадпрыемства....

Пры бібліятэцы арганізаваны дзіцячы клуб “Чамучка”. Праз гульні, віктарыны, вырабы, проста гутаркі пра ўсё на свеце Валянціна Аляксееўна ўводзіць дзяўчынак і хлапчукоў у кніжны свет.

/i/content/pi/cult/739/16054/21.JPG— Прыцягнуць дзяцей, а асабліва падлеткаў, пачынаючы гадоў з 14, да любой кнігі — папяровай ці электроннай — стала цяжка, — прызнае відавочную ісціну бібліятэкар. — А калі яны і чытаюць, то многія выбіраюць нешта вельмі лёгкае: раманчыкi для дзяўчынак, фантастыку.

Ну, я таксама ў свае 14 — 16 захапляўся... не, не раманчыкамi (а ці былі яны ў мой час наогул у бібліятэках?), а фантастыкай. Мабыць, мая суразмоўца мела на ўвазе менавіта “чытво”, “палп-фікшн” любога гатунку. І добра, што ў спадарыні Дружынінай і такія чытачы ёсць. А да літаратуры іншай якасці яны
прыйдуць, калі кніга іх ужо “засмактала”.

— Чытаць абавязкова трэба! — працягвае Валянціна Аляксееўна. — З чалавекам, які не чытае, няма пра што размаўляць, вузкі кругагляд у такіх людзей. А кніга развівае разумовыя здольнасці, выхоўвае. Добрая літаратура вучыць дабру. Што асабліва цяпер важна, калі дзеці нярэдка растуць азлобленымі.

На маё пытанне аб тым, ці практыкуе бібліятэка праекты, звязаныя з прапагандай беларускай літаратуры, беларускай мовы, спадарыня Дружыніна адказала адмоўна.

— Пакуль да праектаў яшчэ не дайшлі, — кажа яна і ўдакладняе. — Я прапагандую літаратуру беларускіх аўтараў праз кнігі, прапаноўваючы наведвальнікам тое ці іншае. Да мяне прыходзіць адна чытачка, якая заўсёды просіць што-небудзь з твораў нашых пісьменнікаў, і толькі на беларускай. І абавязкова класіку, сучаснае ёй не вельмі падабаецца.

Такім чынам, да “беларускіх праектаў” установа, напэўна, хутка ўжо дойдзе. А калі казаць пра краязнаўчую працу, то яна вядзецца і сёння. У планах на гэты год — працяг даследавання гісторыі Усходу.

А пакідаў я бібліятэку ў той момант, калі ў яе прыйшла група школьнікаў — на мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана...

Фальклорны стрыжань і сучасная абалонка

Вольга Крывашчапава вельмі сціпла прэзентавала мне ўстанову, якой яна кіруе з 2016 года:

— Я думаю, што наш Цэнтр культуры і вольнага часу — адзін з лепшых у Магілёўскім раёне.

Дырэктар ЦКiВЧ родам з Расіі. У 2006-м на запрашэнне магілёўскіх сваякоў пераехала ў Беларусь. І тут жа закахалася ў горад на Дняпры. А потым і ва Усход, дзе жыве цяпер разам з мужам і трыма дзецьмі. Па
адукацыі сацыяльны педагог, у сваім свядомым жыццi спадарыня Крывашчапава заўсёды сябравала з мастацтвам, прымаючы ўдзел у канцэртах, часам у ролі вядоўцы. І спявала. Як спявае і сёння (праўда, выходзячы на сцэну ўжо радзей — усё-такі, вунь якая сям’я) — у ансамблі народнай песні “Вербніца”. Склад, дарэчы, у ім падабраўся рознаўзроставы — ад зусім-зусім моладзі да зусім-зусім пажылых жанчын. І рэпертуар у яго размаіты — ад фальклору аўтэнтычнага да яго сучасных апрацовак. Да апошніх старэйшае пакаленне ставіцца, між іншым, нават з задавальненнем.

— Мне даводзілася сутыкацца з тым, што некаторыя крытычна ўспрымаюць такія перапрацоўкі, — Вольга Алегаўна закранае тэму, якая не раз усплывала ў маіх размовах з кіраўнікамі розных устаноў культуры. — Маё меркаванне такое: стрыжань твору павінен заставацца нязменным, але яго “абалонка” можа адпавядаць зменліваму часу ды музычнай модзе.

А акрамя “Вербніцы” ў Цэнтры функцыянуюць яшчэ ажно дзевяць фармаванняў: вакальны ансамбль “Фантазія”, яго дзіцячы адпаведнік “Вербнiчка”, гурткі сольных спеваў, мастацкага слова, эстраднай мініяцюры, дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, “Лялькі”, аматарскае аб’яднанне аматараў казкі і дыска-клуб “Усход”.

— Вельмі часта робім абрадавыя святы — наўпрост на вуліцы, — распавядае спадарыня Крывашчапава. — Дзявяты раз у маі адбудзецца раённы фестываль “Калейдаскоп радасці” — гэта такі як бы агляд творчых сіл клубных устаноў раёна. У рамках фэсту праходзяць розныя конкурсы, традыцыйным стала тэатральнае шэсце. Гасцямі “Калейдаскопа” былі вядомыя выканаўцы — Іван Буслай, Дзмітрый Азаранка. Паболей бы наогул зорак да нас прыязджала — Хлястоў, напрыклад, або Герман...

Не абмінуўшы магчымасці пахваліцца новай апаратурай, Вольга Алегаўна падзякавала за выдзеленыя на яе набыццё сродкі з вобласці. І ўсё ж заўважыла, што будынку патрэбны рамонт: “Вясна прыйшла — пара наводзіць парадак у сваім доме”.

Будаўнік, які стаў паэтам

Бібліятэкар Валянціна Дружыніна прызналася, што ў яе установе сустрэча з Аляксандрам Церахавым пакуль не праходзіла. Але абяцае, што яна неўзабаве абавязкова пройдзе. Сёння ж ён выступіць у ролі рэцэнзента ўсходаўскай культуры. Родам з вёскі Галубоўка Хоцімскага раёна. Па адукацыі будаўнік, у 1980-я завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шмат гадоў працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты “Магілёўскія ведамасці”. Пісьменнік, публіцыст, паэт, мастак. Цяпер на пенсіі, а ва Усходзе жыве каля трох гадоў.

“Край мой белых берез и туманов синих, очарован я до слез Хотимщиной милой. Васильковое небо жаворонком опето, помню я где бы ни был августовское лето…” — не адзін, не два і не тры вершы спадара Церахава прысвечаны тым мясцінам, у якіх засталіся яго дзяцінства ды юнацтва. Не адпускае малая радзіма Аляксандра Іванавіча, і не адпусціць ніколі.

Каментарый Аляксандра ЦЕРАХАВА:

— Маёй кніжкі, дарэчы, у бібліятэцы няма. Быў адзін асобнік, але хтосьці, мабыць, яго “зачытаў”... Параўноўваючы, скажам, хоцімскую культуру і ўсходаўскую, я аддам пальму першынства апошняй — ніколькі не жадаючы пакрыўдзіць радзіму. Яна такая… вельмі “жывая”. А фестываль тут які выдатны праходзіць! Ну і паколькі аграгарадок развіваецца, ён, адпаведна, і новымі жыхарамі папаўняецца, прычым пераважна моладдзю. І ёй акрамя працы і сямейных справаў і на культуру часу хапае — і ў якасці гледачоў, і ў ролі ўдзельнікаў імпрэзаў або наведвальнікаў гурткоў Цэнтра культуры і вольнага часу.

А параўноўваючы расійскую рэгіянальную культуру і беларускую, Вольга Крывашчапава прызналася мне, як ёй радасна бачыць, што кожнаму нашаму куточку, дзе ёсць “культурныя ўстановы”, надаецца самая пільная ўвага на дзяржаўным узроўні. “Але і ў Расіі, вядома, таксама многае і многае робіцца для мясовай культуры”, — тут жа “зраўняла лік” дырэктар ЦКiВЧ.

Хай для яе і калегаў па культуры Усходу гэты год будзе ударным у працы — багатым на смелыя ідэі і праекты. І хай камбінату ён “свінню” не падкладзе — а наадварот атрымаецца прыбытковым. Бо ўзаемазалежнасць тут відавочная.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"