Пра хор — на мове музыкі

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Красавік 2019 — юбілейная дата для народнага хору народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Родніца”. Узгадваюцца радкі Ніла Гілевіча: “Будзь благаславёна тая сіла, што нас прымусіла спяваць”. Вось ужо 40 гадоў яна трымае ў сваіх абдымках гэты калектыў. Даволі часта пра добрую і ладную справу кажуць: “як па нотах”. А распавядаць пра хор-юбіляр можна нават з выкарыстаннем пэўных музычных тэрмінаў.

/i/content/pi/cult/739/16053/19.JPGZeloso (іт.) — старанна, рупліва. Менавіта так у далёкім 1979 годзе ўзялася за справу арганізацыі спеўнага гурта супрацоўнік фізічнага факультэта БДУ Рэгіна Міхайлава. У тыя часы былі папулярнымі агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Па выніках аднаго з іх культурна-масавая камісія і вырашыла стварыць агульнаўніверсітэцкі хор выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Гэтую ідэю ўхваліў і горача падтрымаў тагачасны рэктар БДУ акадэмік Уладзімір Белы. За аснову ўзялі харавы калектыў фізфаку. А ўсім зацікаўленым з іншых падраздзяленняў БДУ прапанавалі да яго далучыцца.

Deciso (іт.) — рашуча і смела ўзначаліла новаствораны хор тагачасная выпскніца Ленінградскага інстытута культуры імя Надзеі Крупскай Ларыса Снапкова. Маладая, няўрымслівая, працавітая, таленавітая, адказная… Так новы лайнер рушыў па хвалях самадзейнай мастацкай творчасці. Дарэчы, і сёння спадарыня Снапкова — дацэнт кафедры беларускай народна-песеннай творчасці БДУКіМ — не перарывае сувязі са сваім “першынцам”: час ад часу прыводзіць да нас на практыку студэнтаў.

Ab initio (лац.) — спачатку было цяжкавата і страшнавата. І ў кіраўніцы, і ў харыстаў бракавала ўпэўненасці ў тым, што ўсё атрымаецца як задумана. Былі і слёзы, і пакуты, і бяссонныя ночы, і моманты адчаю. Але ўсе нягоды мы цярпліва перанеслі.

Con delizia (іт.) — радасна, ўсхвалявана ў 1985 годзе ўспрыняў хор вестку аб тым, што за актыўную канцэртную дзейнасць, прапаганду народнай песні і высокае выканаўчае мастэрства яму нададзена ганаровае званне “народнага”.
Неўзабаве калектыў стаў лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці, а многія ўдзельнікі атрымалі званне “Артыст народнага хору”.

Continuamente (іт.) — пастаянна, бесперапынна вёў хор канцэртную дзейнасць па Беларусі ў сваё першае дзесяцігоддзе. Абласныя цэнтры і маленькія вёсачкі, калгасы і саўгасы — куды толькі ні заводзілі нас лёсаносныя сцежкі!

Festante (іт.) — святочна і радасна гучала харавая супольнасць, выконваючы шэдэўры народнай творчасці.

Lasciare (іт.) — пакінуць. Паступова па розных сямейных, працоўных ці жыццёвых абставінах пакідалі хор “першапачаткоўцы”. На сённяшні дзень з іх у калектыве — толькі Рэгіна Міхайлава. Але яго склад папаўняўся новымі аматарамі спеваў. У 1990-я хор узначаліў выпускнік Акадэміі музыкі Валерый Гаплінчык.

Con energia (іт) — энергічна, рашуча ўзяўся за справу выхаванец прафесара Дрынеўскага. Новымі сіламі ўзмацніўся хор, новымі творамі ўзбагаціўся рэпертуар, новыя маршруты мастацкіх вандровак папоўнілі дарожны атлас калектыву, які неўзабаве атрымаў назву “Родніца”. Яго аўтарства належыць былой харыстцы Галіне Семянковай.

Aile (фр.) — акрылена адчулі сябе раднічанцы пры новым кіраўніку, поўным новых ідэй і планаў. Абноўлены рэпертуар, першыя замежныя гастролі... Спярша гэта была Польшча, а ў 1996 годзе і больш далёкае замежжа — Нарвегія, дзе ладзіўся сусветны фальклорны фестываль. Падарожжа доўжылася 20 дзён. Канцэртнымі пляцоўкамі станавіліся храмы, школы, культурныя цэнтры і проста плошчы гарадоў. Уражанняў хопіць на ўсё жыццё!

У 1999 годзе хор адсвяткаваў 20-гадовы юбілей. Тады ў яго ўсё ладзілася, многа было галасістых салістаў, канцэрты ішлі рэгулярна, прыязна ставілася да нас універсітэцкае кіраўніцтва. Той час можна назваць зорным для калектыву.

Debutto (іт.) — дэбют Уладзіміра Зяневіча ў нашым хоры ў якасці кіраўніка адбыўся ў 2000 годзе. Больш за дзесяць гадоў ён адпрацаваў на гэтай пасадзе. Дзякуючы яго арганізатарскаму таленту мы сталі ўдзельнікамі шматлікіх замежных фальклорных фестываляў. Зразумела, што такія ваяжы былі карыснымі для ўсіх: і для хору, удзельнікі якога імкнуліся як мага лепш падрыхтавацца да кожнай мастацкай імпрэзы, і для тых, хто, магчыма, упершыню чуў пра Беларусь, але зацікавіўся, адкрыў для сябе нешта новае і непазнанае.

Abbell, imento (іт.) — упрыгожанне “Родніцы” — наша сённяшняя кіраўніца Таццяна Улога. Імпульсіўная, энергічная, хваткая, таленавітая… Яна імкнецца падтрымліваць і захоўваць традыцыі, прынесеныя ў калектыў яе папярэднікамі, свята ахоўвае дух беларускасці, патрабавальна ставіцца да падбору рэпертуару і якасці выканання.

Намаганні мастацкага кіраўніка “Родніцы” поўнасцю падтрымлівае кіраўнік музычнай групы Міхась Шостак. Сапраўдны прафесіянал, ён не дае хору ні хвіліны спакою, дамагаючыся зладжанасці і сугучнасці.

Precipitando (іт.) — спяшаючыся, імкліва бяжыць час, гады віруюць… Пасталеў хор і пастарэў, менш прыходзіць у калектыў маладых галасістых спевакоў — а нам яны неабходны як глыток свежага паветра. Менш зацікаўлена да гэтай справы сталі ставіцца многія прадстаўнікі факультэцкай адміністрацыі.

Зразумела, сучаснасць дыктуе зусім іншыя прыярытэты. З другога боку, нязменным павінна заставацца самае істотнае — нашы адносіны да радзімы, да яе гісторыі і фальклорнай спадчыны.

Dilettazione (іт.) — задавальненне, асалода для ўсіх раднічанцаў — спяваць. Песня акрыляе, ачышчае, ратуе, гартуе, абуджае, супакойвае і натхняе. На рэпетыцыях мы працуем і адпачываем, вучымся і навучаем, аддаем і атрымліваем, хвалюмся і суцяшаемся. Бо мастацтва, няхай і самадзейнае, — неспазнаная і неверагодная таямніца, чароўнае ўздзеянне якой мы заўсёды будзем адчуваць на сабе.

Таццяна СМОЛЬСКАЯ, удзельніца хору