Прафесійны падыход да самадзейнага тэатра

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

19 — 20 сакавіка ў Магілёве прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Аматарскі тэатр у сацыякультурным аспекце горада і рэгіёна”, у якім узялі ўдзел каля 50 кіраўнікоў і рэжысёраў аматарскіх тэатральных калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама госці з далёкага новасібірскага краю.

/i/content/pi/cult/739/16052/18.JPGРэсурс развіцця

Начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных устаноў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Раіса Вайцяхоўская сваім выступленнем задала тон усяму семінару. Прааналізаваўшы працу беларускіх тэатральных калектываў, яна прыйшла да важнай высновы: усе яны — надзейны рэсурс культурнага развіцця свайго рэгіёна. Інакш кажучы, самадзейныя артысты — вясковая інтэлігенцыя. Ім уласцівае пастаяннае самаўдасканаленне, яны — пастаянныя наведвальнікі бібліятэк, падрыхтаваныя гледачы і слухачы. Доказ таму больш чым красамоўны: 150 калектываў мае найменне “народны”, 64 — “узорны”, 5 — званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

На думку спадарыні Вайцяхоўскай, адзін з самых сур’ёзных недахопаў — брак рэжысёраў. Далёка не кожны аматарскі тэатр узначальвае асоба са спецыяльнай адукацыяй. А пры падборы рэпертуару мала надаецца ўвагі сур’ёзнай драматургіі.

Традыцыі і матывацыі

Госці з Расіі падзяліліся сваім досведам арганізацыі творчага працэсу. Рэжысёр народнага драматычнага тэатра “Салаір” Маслянінскага дома культуры Аляксандр Драздзенка звярнуў увагу на захаванне тэатральных традыцый калектыву, асаблівасці фарміравання яго творчага складу, матывацыі інтарэсу да тэатра. Сапраўды, амаладжэнне трупы ўносіць у яе дзейнасць безумоўныя карэктывы. Таму важна, каб кожнае новае пакаленне ўдзельнікаў далучалася да напрацаваных раней традыцый.

Потым гаворка ішла пра рэпертуар. Многія аматарскія тэатры не звяртаюцца да класічнай драматургіі з той прычыны, што адаптацыя такога матэрыялу на сучасную аўдыторыю — не надта простая рэч. Яшчэ адной праблемай для калектываў з невялічкіх паселішчаў з’яўляецца тое, што новую пастаноўку можна паказаць не больш за два — тры разы. А потым толькі гастрольная дзейнасць дазваляе ёй працягваць існаванне.

Дырэктар і рэжысёр народнага самадзейнага калектыву Убінскага раёна Максім Іваноў зрабіў акцэнт на неабходнасці павышэння прафесійнага ўзроўню аматарскіх тэатраў. Да прыкладу, у Новасібірскай вобласці вельмі эфектыўна дзейнічаюць школы дэкламатараў, рэжысёраў, папулярнасцю карыстаюцца арт-гульні на розныя тэмы.

Пра развіццё аматарскага тэатральнага руху на Магілёўшчыне распавяла галоўны рэжысёр абласнога метадычнага цэнтра НТіКАР Наталля Маісеева. Гутарка вялася пра разнавіднасці тэатраў, формы іх матэрыяльнай падтрымкі ў рэгіёнах вобласці, а таксама творчыя метадычныя праекты.

Досыць разнастайны вопыт быў прадстаўлены на дыскусійнай пляцоўцы па праблемах жыццяздольнасці аматарскага тэатральнага жанру. Рэжысёр народнага драмкалектыву Івацэвіцкага гарадскога дома культуры Валянціна Кулецкая распавядала пра тое, як аптымальна арганізаваць дзейнасць аматарскага тэатра са складам у 30 — 50 чалавек. Поруч з сур’ёзнымі драматычнымі пастаноўкамі, у якіх задзейнічаць увесь склад немагчыма, тэатр дадаткова робіць вулічныя спектаклі, тэатральна-гумарыстычныя бамонды. І вось, што цікава: паколькі клубных рэжысёраў бракуе, да арганізацыі маштабных раённых мерапрыемстваў прыцягваюцца рэжысёры тэатральныя — і гэта, безумоўна, ідзе не на карысць самадзейнаму тэатру.

Пра вопыт работы старэйшага ў Беларусі народнага тэатра (летась ён адзначыў 100-годдзе!) Краснапольскага раённага цэнтра культуры распавёў яго рэжысёр Аляксандр Кузняцоў. Гаворка ішла пра фестываль-свята “Тэатральныя вечарыны”, якое калектыў справядліва залучае да сваіх дасягненняў. Больш за тое, фестываль — гэта не проста пляцоўка, дзе аматарскія тэатры дэманструюць сваю творчасць, а яшчэ і творчая лабараторыя, у якой абмяркоўваюцца самыя надзённыя праблемы, шліфуюцца новыя ідэі, сустракаюцца аматары тэатральнага мастацтва.

Сінтэтыка батлейкі

Кіраўнік народнага тэатра лялек “Капялюш” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка Андрэй Рэцікаў на прыкладзе свайго калектыву распавёў пра ўласнае бачанне традыцыйнай батлейкі як сінтэтычнага мастацтва. Адзначыў, што сёння іх батлейка працягвае народныя традыцыі лялечных тэатраў. Восем батлеек былі створаны на аснове навуковых выданняў і запісаў даследчыкаў этнаграфіі. У калекцыі ёсць мабільная батлейка, батлейка штокавых марыянетак, удалося адрадзіць такі адмысловы від батлейкі, як “віцебскі жлоб” (прынцып ценявога тэатра). Цікавым
падалося тое, што ў названай установе дзейнічае тэатральны клас, дзе падрыхтоўка батлеечнікаў вядзецца па спецыяльнай праграме.

Тэму працягнула мастацкі кіраўнік народнага лялечнага тэатра “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦК Ірына Вашкевіч. Яна распавяла пра папулярызацыю батлейкі. Асаблівы інтарэс у гледача выклікаюць інтэрактыўныя пастаноўкі, калі ўдзельнікі самі становяцца акцёрамі.

Усё пачынаецца з рэпертуару

Праблемам арганізацыі работы і фарміравання рэпертуару дзіцячых тэатральных калектываў быў прысвечаны даклад рэжысёра ўзорнага тэатральнага калектыву “Летуценнікі” Любанскай ДШМ Васіля Каткаўца. Ён нагадаў пра шырокую палітру дзіцячай драматургіі беларускіх аўтараў, да якой неабходна часцей звяртацца. Гаворка ішла і пра фестываль “Чароўны куфэрак”, які вельмі запатрабаваны сярод дзіцячых тэатральных калектываў Міншчыны. Васіль Каткавец зазначыў, што вельмі важна запрашаць на такія фэсты прафесійных драматургаў — прычым не толькі ў якасці сябраў журы, але і для правядзення майстар-класаў.

Варта дадаць, што семінар-практыкум быў арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы. І ўвага да творчасці самадзейных артыстаў на такім высокім узроўні, зразумела, сама за сябе сведчыць пра важнасць гэтай сацыякультурнай з’явы.

Валянціна ВАЛЧКОВА,
начальнік аддзела
Магілёўскага абласнога
метадычнага цэнтра
народнай творчасці
і культурна-асветнай работы