З ніадкуль. З любоўю

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Перш чым стаць беларусам, ён пабыў афрыканцам, іспанцам і французам. Ведаў некалькі моў. Беларусь жа была ягонай радзімай на працягу апошніх 15 гадоў. У жыцці ён перабраў шмат прафесій, а вось мастаком адчуў сябе менавіта на нашай зямлі. Ягоная выстава “Рады знаёмству” не так даўно прайшла ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на Някрасава).

/i/content/pi/cult/739/16050/16.JPGМарка Антоніа Ліло — так завуць мастака. Дакладней, звалі, бо выстава пасмяротная. Па словах тых, хто яго ведаў, прагу творчасці ён меў неўтаймаваную. Маляваў на чым прыйдзецца, на тым, што трапіць пад руку. Але за вонкавай рэфлексіўнасцю і эмацыйнай спантаннасцю пры жаданні можна было разглядзець асобу з трывалым унутраным стрыжнем і мысленнем, не пазбаўленым лагічнага чынніку. Сутнасна спадар Марка быў сюррэалістам. Прынамсі, сюррэалісты лёгка прызналі б яго сваім. Асабіста мне ягоны жывапіс чымсьці нагадвае Джорджа дэ Кірыко.

Праўда, у адрозненні ад згаданага класіка, спадар Марка не абцяжарваў сваю творчасць складанымі філасафічнымі пабудовамі. Ягоныя карціны вабяць дынамічнай кампазіцыяй і эфектным колеравым дысанансам. Выкажу меркаванне, што нават маючы нейкі тэматычна-сюжэтны імпульс, Марка Ліло імкнуўся найперш зрабіць нешта проста прыгожае, вонкава прывабнае, а ўжо пад тое, што атрымлівалася, потым падганяў сякую-такую канцэпцыю. “Аскепкі і кавалкі”, “З ніадкуль з любоўю”, “Турбуленцыя”, “Апошняя вандроўка” — гэта жывапісныя цыклы. А гучаць як назвы літаратурных твораў… Не здзіўлюся, калі высветліцца, што мастак яшчэ і вершы пісаў. Вось толькі на якой мове? У любым выпадку, ягоная творчасць — падстава для роздуму пра тое, ці можна правесці нацыянальныя межы ў віртуальнай прасторы мастацтва. Можна быць і з ніадкуль, галоўнае — каб з любоўю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"