З эстрады — на “Рамансіяду”

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

Саліст эстрадна-канцэртнага аркестра Гомельскай абласной філармоніі Алег ДУДКО стаў лаўрэатам Трэцяга адкрытага конкурсу рускага раманса “Рамансіяда без межаў” у Маскве. Яго сын Глеб Дудко, сёлетні выпускнік Гомельскага каледжа мастацтваў, які выступаў на конкурсе канцэртмайстрам, адзначаны граматай “Лепшы акампаніятар конкурсу”.

 /i/content/pi/cult/170/1605/Ramans.jpg
— Алег, я шмат гадоў ведаю вас як эстраднага выканаўцу, у рэпертуары якога пераважна песні, у тым ліку запісаныя на радыё. І раптам — рамансы?

— Так, пасля 15 гадоў мікрафонных спеваў я вярнуўся да сур’ёзных заняткаў акадэмічным выканальніцтвам. Год, прысвечаны рамансу, не прайшоў дарма. Конкурс праходзіў у тры туры, я ўдзельнічаў у намінацыі “Прафесіяналы”: там было каля 30-ці спевакоў, прычым большасць з іх — оперныя. Дастаткова сказаць, што другую прэмію падзялілі саліст знанага Маскоўскага музычнага тэатра “Гелікон-Опера”, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, і салістка ансамбля “Дабравест” з багатым оперна-канцэртным рэпертуарам і вопытам педагагічнай дзейнасці. Першая прэмія не прысуджалася ўвогуле.

— Таму ваша трэцяя прэмія выглядае яшчэ больш важкай: вы ж на фоне тых зорак — бы пачатковец?

— Асабліва прыемна мне было пачуць добрыя словы ад заслужанага дзеяча мастацтваў і заслужанай артысткі Расіі Галіны Праабражэнскай, якая ўручала мне дыплом. Мой сын таксама атрымаў шмат шчырых кампліментаў і слушных прафесійных парад ад члена журы конкурсу, заслужанага артыста Расіі, кампазітара Віктара Фрыдмана. Сярод уражанняў — выступленне члена журы конкурсу, народнай артысткі Расіі, салісткі Музычнага акадэмічнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі Ларысы Курдзюмавай. Падобныя конкурсы пашыраюць кругагляд, даюць магчымасць адчуць свае сілы і з яшчэ большым запалам працаваць далей. Раманс, на маю думку, сёння набывае ўсё больш прыхільнікаў і перажывае сваё чарговае адраджэнне. Бо запатрабаванымі аказваюцца не толькі старадаўнія рамансы. Многія сучасныя кампазітары паспяхова звяртаюцца да гэтага жанру. І раптам становіцца відавочна, што раманс — адна з тых універсалій, якія сапраўды не маюць межаў.