Сугучча дзвюх літаратур

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

2 красавіка ў Доме прэсы быў арганізаваны “круглы стол”, прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Тэма для абмеркавання была наступнай: “Сугучча: беларуска-расійскія літаратурныя праекты”. Да размовы былі запрошаны пісьменнікі, выдаўцы, кіраўнікі і супрацоўнікі вядучых беларускіх выданняў.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня таварыства “Беларусь — Расія” Міхаіл Пазнякоў гаварыў пра ролю літаратуры ў паразуменні паміж народамі. Па яго словах, дыялог беларускіх і расійскіх майстроў мастацкага слова год ад года становіцца больш выніковым.

Гуманітарныя стасункі такога роду шырацца і за кошт літаратурных перакладаў. Галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры” Віктар Шніп займаецца гэтай справай ушчыльную. Серыя “Сябрына: паэзія народаў Расіі” неўзабаве папоўніцца творамі пісьменнікаў з Дагестана, Калмыкіі, Татарстана, Чачні, Чувашыі…

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка згадаў сумесны праект “Беларуская зямля ў дакументах і ўспамінах XIX — XX стагоддзяў. Па матэрыялах расійскіх і беларускіх архіваў”.

Вынікам сумеснага праекта стала і выданне кнігі-альбома “Максім Горкі і Адам Багдановіч”. Перапіска дзвюх выбітных асоб — яшчэ адзін доказ тых повязяў, што здавён лучылі рускую і беларускую літаратуры. Пра гэта гаварыла галоўны рэдактар тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Ларыса Цімошык.

Мадэратарам пасяджэння выступіў намеснік дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Іван Чарота.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"