“Каб вам жыць у цікавыя часы”

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Менавіта такой тэме — May you live in interesting times — мусіць адпавядаць кожны з праектаў 58-й Міжнароднай выставы сучаснага мастацтва ў Венецыі. Да яе пачатку засталося трохі болей за месяц. Як ужо паведамляла “К”, нашу краіну сёлета прадставіць праект “Exit/Выхад” куратара Вольгі РЫБЧЫНСКАЙ і скульптара Канстанціна СЕЛІХАНАВА. Што змогуць убачыць наведвальнікі беларускага павільёна ў Венецыі з 11 мая па 24 лістапада, распавядаюць аўтары.

/i/content/pi/cult/739/16041/6.JPGВыраз пра цікавыя часы, што стаў агульнай тэмай біенале, хтосьці лічыць старажытным кітайскім выслоўем-праклёнам, хтосьці — цытатай з прамоў палітыкаў. Але ў кожным разе афарызм прачытваецца як намёк на часы не найлепшыя.

Яшчэ ўлетку, абвяшчаючы аднолькавую для ўсіх краін-удзельніц тэзу, куратар сёлетняй выставы Ральф Ругаф (дырэктар Hayward Gallery у Лондане) патлумачыў свой выбар тым, што біенале мусіць прадэманстраваць агульны погляд на сацыяльную функцыю мастацтва, якая спалучае эстэтычнае задавальненне і крытычнае мысленне творцаў. На думку спадара Ральфа, само па сабе мастацтва не можа спыніць ніякія працэсы ў грамадстве, але яно здатнае ўскосным шляхам даць падказку, як жыць і думаць у “цікавыя часы”.

Уявіць сябе скульптурай

Адпаведнасць зададзенай тэме — адзін з галоўных крытэрыяў, паводле якіх абіраецца пераможца конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі для нацыянальнага павільёна. Дык якім жа чынам праект “Exit / Выхад” выяўляе тэму людзей і мастацтва ў эпоху змен?

— Уваходзячы ў павільён, глядач бачыць пяць састаўных аб’ектаў, у цэнтры якіх змешчаны чалавечыя фігуры ў натуральную велічыню, — апісвае прастору, якая неўзабаве з’явіцца ў цэнтры Венецыі, куратар Вольга Рыбчынская. — Побач з кожнай са скульптур знаходзяцца розныя рэдзі-мэйд аб’екты: телевізар, неонавы надпіс, упаковачныя скрыні і гэтак далей — тое, з чым чалавек кожны дзень можа ўзаемадзейнічаць у рэальным жыцці.

Сярод інсталяцый няма галоўнага аб’екта, яны ўсе звязаныя і разам ствараюць нейкія аповеды. Галоўнае тут — успрыняцце гледачом прасторы, разрозненых сюжэтаў. Сама атмасфера нясе ў сабе пасланне пра “цікавыя часы” і пра час увогуле.

“Выхад” — снаванне паміж

— Цікавыя часы — гэта ж сказана са злой іроніяй, — адзначае скульптар Канстанцін Селіханаў. — Акурат для мяне такія часы не вельмі добрыя — мы іх ужо перажылі раней і ў нейкім сэнсе працягваем пражываць, таму што наш агульны жыццёвы, ды і мой асабісты досвед назапашваўся на пераломе розных эпох — 1980-я, 1990-я… І ўсе мы быццам яшчэ намагаемся іх асэнсаваць. “Выхад” — гэта ўжо не першае маё разгорнутае выказванне пра гісторыю, сучаснасць і час. Для мяне яно не з’яўляецца адкрыццём — я проста працягваю гнуць сваю лінію, якую пачаў у некалькіх папярэдніх праектах (“Адзін і многія” ў 2012-м і “Рэканструкцыя героя” ў 2016-м у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура — “К”). Гэты праект ужо быў у рабоце, калі абвясцілі тэму біенале, таму ў ім няма нічога спецыяльна прыдуманага. Проста тэма, якую мы распрацоўвалі, супала з запытам.

— Чаму мы ўспрымаем наш час як крызісны ці адчуваем нестабільнасць і трывогу? Таму што лінейная сувязь “мінуўшчына — сучаснасць — будучыня” перарвалася, — дадае Вольга Рыбчынская. — Час быццам вызваліўся і існуе сам па сабе, а мы намагаемся вярнуцца да нейкай кропкі пачатку, зразумець, што ж з намі адбываецца. І вось “Выхад” — гэта пра пастаяннае пераасэнсаванне таго, што было, дзіўны рэжым існавання ў прасторы “паміж”. Гэта не сучаснасць, не будучыня і не мінулае, а ўсё і адразу — месца пастаяннай турбулентнасці, зона, у якой наш сучаснік пераўтвараецца ў фігуру, якая пазначае сабой зрух кантэкстаў: савецкае — постсавецкае, лакальнае — глабальнае, гістарычнае — постгістарычнае і гэтак далей. Мы спрабуем вызначыць і даследаваць гэты стан.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"