Тэатр як дыскусійная пляцоўка

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

4 красавіка ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення інстытута прэзідэнцтва, у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы запрасілі студэнтаў і выкладчыкаў сталічных ВНУ. Ім паказалі спектакль “Дзве душы” паводле Максіма Гарэцкага, а пасля закрыцця заслоны запрасілі на тэматычную дыскусію.

/i/content/pi/cult/739/16040/5.JPGУ галоўнай зале Купалаўскага тэатра прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, грамадскіх аб’яднанняў, сталічных навуковых устаноў, вядучых ВНУ. Мадэратарам дыскусіі выступіў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. Ён падзячыў купалаўцам за магчымасць спалучыць гісторыю беларускай дзяржаўнасці з высокім мастацтвам.

— У грамадстве актыўна абмяркоўваецца пытанні гісторыі станаўлення беларускай дзяржавы. У нашым Інстытуце за апошняе дзесяцігоддзе праведзена вялікая праца па навуковым асэнсаванні гэтай тэмы. На гэтым грунце навукоўцамі падрыхтавана адпаведная канцэпцыя, якая лягла ў аснову пяцітомнай “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”. Два тамы ўжо выйшлі з друку, яшчэ два знаходзяцца ў выдавецтве, пяты — на завяршальнай стадыі падрыхтоўкі, — распавёў на пачатку сустрэчы Вячаслаў Віктаравіч.

Прысутныя мелі магчымасць падзяліцца сваімі думкамі наконт убачанага спектакля, звярнуцца да рэжысёра пастаноўкі, мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна і распытаць пра шляхі станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў выкладчыкаў ВНУ, якіх мадэратар заклікаў на сцэну.

Гледачы актыўна карысталіся магчымасцю абмеркаваць убачанае. Напрыклад, пісьменнік, выкладчык факультэта журналістыкі БДУ Ягор Конеў адзначыў, што ў спектаклі яму не хапіла кахання — магчыма, на гэтай лініі таксама можна было засяродзіцца. І ўзгадаў, як два гады таму на абмеркаванні вынікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі Мікалай Пінігін заклікаў грамадскасць вызначыцца з тым, што ж павінен рабіць тэатр: несці асвету ў масы ці зарабляць грошы.

— Улічваючы сённяшнія складаныя варункі, ці знайшлі вы для сябе адказ, як злучыць гэтыя дзве душы? — запытаўся Ягор Фёдаравіч.

— Палову грошай мы зарабляем самі, а палова фінансуецца з бюджэту. Калі б у тэатраў было стопрацэнтнае фінансаванне і перад імі ставілася задача займацца выключна асветай, паказваць на сцэне душу беларуса, верагодна, мы бачылі б іншы рэпертуар. Бо не было б патрэбы шукаць больш лёгкі матэрыял, каб зарабіць.

Хтосьці са студэнтаў прадэманстраваў шыкоўнае веданне літаратурнай спадчыны Гарэцкага, распавёўшы, што ў драматургічную аснову спектакля пакладзены не толькі твор “Дзве душы”. Спадар Пінігін пацвердзіў: у інсцэніроўцы задзейнічана таксама апавяданне “Рускі”, што дазволіла абвострыць сюжэтныя лініі.

Пра літаратурную аснову спектакля гаварыў і дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка:

— Літаратура — гэта сінтэтычны від мастацтва, які дазваляе спазнаць жыццё глыбей, чым кожная з гуманітарных навук паасобку. Яна — аб’ёмная рэч, бо працуе і з розумам, і з пачуццямі. На мой погляд, па сваім майстэрстве, дасканаласці, глыбіні “Дзве душы” — лепшы твор беларускай літаратуры. І купалаўцы здолелі цудоўна ўвасобіць на сцэне шматпланавы тэкст Гарэцкага, каб глядач змог пранікнуць у развагі геніяльнага прадстаўніка нашай літаратуры.

Іншыя выступоўцы разважалі пра цяжкасці на шляху да станаўлення беларускай дзяржаўнасці, праз якія давялося прайсці нашым продкам. Мікалай Пінігін нагадаў пра няпросты лёс Максіма Гарэцкага, які быў расстраляны ў 1938 годзе. І працытаваў тэзіс Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) з напісанага ў 1921 годзе эсэ “Адвечным шляхам”, якое ў свой час моцна паўплывала на літаратара: “Нам хочацца адначасова быць Усходам і Захадам. Мы, беларусы, вагаліся паміж двума культурнымі тыпамі, не ведаючы, да якога прылучыцца. Нам вельмі падабалася і цягнула шчырасць і вызначанасць Усходу, а з другога боку — большая аб’ектыўнасць і болей чалавечае захаванне Захаду. Жыццё вымагала сінтэзу, згарманізавання абодвух кірункаў, але гэта, як убачым, зрабілася немагчымым. Толькі засценкі Усходу і Захаду могуць засведчыць, колькі ахвяр прынесла Беларусь за сваё маленькае імкненне быць самой сабой”.

Падобныя думкі гучалі і ў спектаклі, на развагі пра няпросты лёс нацыі выходзілі і прысутныя. Вячаслаў Даніловіч падсумаваў:

— Сапраўды, лёс беларускага народа, нашых продкаў такі, што практычна на працягу ўсёй гісторыі мы знаходзімся на своеасаблівым разломе паміж Усходам і Захадам. Праз нашу тэрыторыю стагоддзямі праходзілі войны з аднаго і другога боку. Але нягледзячы на ўсё гэта, беларусы здолелі захавацца як народ. І цяпер мы разам з вамі жывём у незалежнай Беларусі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"