Папяровае дзівацтва

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

23 ліпеня певень прачнуўся папяровым. Паспрабаваў пракукарэкаць — не атрымалася, толькі чырвоная “пеўнева” выцінанка ледзь гайданулася на сцяне... Наўкол — інтэр’ер Нацыянальнага мастацкага музея. А вось і сам майстар — Вячаслаў Дубінка: адкрываецца яго выстаўка выцінанкі — самага маладога з традыцыйных відаў народнага выяўленчага мастацтва. Выстаўку назвалі “...Карагодзілі-спявалі...”

 /i/content/pi/cult/170/1604/Papyarovaje.jpg

Кожная выцінанка тут — думка-ўспамін, вясёлы і тужлівы адначасова, пра беларускую вёску, з яе абавязковымі карагодамі-спевамі, легендамі, калыханкамі і, канешне, бабулінымі казкамі. Нават пачынаецца выстаўка выцінанкай з назвай “Гукайце і нас у сваю казку”. Ёсць сюжэты пра бабулю: “У бабуліным агародзе”, “У бабулі на вакацыях”, “Бабуліны вазоны”... Шмат якія выцінанкі маюць таемныя, чароўныя, загадкавыя назвы: “У кветкавым палоне”, “Птушкі задуменныя”, “У карагодзе красачак”, “Заглянула сонца ў маё ваконца”, “Дрэва і вечнасць...”
Аднак выцінанкі Дубінкі нельга назваць мудрагелістымі, узоры на іх — заблытанымі, а сэнс — глыбока схаваным. Гэта і не ўласціва традыцыйнаму беларускаму мастацтву. Дубінка выразае зразумелыя і простыя, але ўзнёслыя “карціны” — у гэтым іх зачараванне. Варта дадаць, што мастак шмат прыдумаў і зрабіў для развіцця гэтага віду творчасці. Напрыклад, аздобіў выцінанкамі не толькі свае выданні (ён — аўтар каля дзесяці мастацкіх кніг), але і ўпрыгожыў некалькі зборнікаў паэзіі і прозы вядомых беларускіх аўтараў, кніжкі казак. А за тое, што праілюстраваў выцінанкамі вершаваную азбуку Артура Вольскага “Жывыя літары” (1984), Дубінка быў узнагароджаны дыпломам імя Францыска Скарыны! Для “Жывых літар” прыдумаў і выразаў галерэю невядомых традыцыйнай беларускай выцінанцы вобразаў: тут і вожык, і шасцілапы жук, пугач, ліса, шыпшына, печ, пачвара ды шмат іншага, незвычайнага. А любімы персанаж выцінанак — вядома ж, певень, а таксама традыцыйныя для мастацтва выцінанкі куры, “павы”, іншыя птушкі, Дрэва жыцця, папараць, розныя геаметрычныя формы, распаўсюджаны апошнім часам культавы матыў. Вобразы класічныя, але, зразумела, перапрацаваныя аўтарам…
Мая бабуля таксама выразала пеўняў на фіранках з паперы і распавядала, як у пасляваенныя гады — з-за беднасці і з-за жадання ўзрадаваць сям’ю адноўленай прыгажосцю хаты — кожная гаспадыня ў вёсцы рабіла ўзоры на папяровых абрусах, фіранках, аздабляла выцінанкамі з арнаментам абразы, падваконні, прыдумвала ёлачныя цацкі з паперы...
Пасля ўсё адышло, забылася. І добра, што рупнасцю і майстэрствам такіх творцаў, як Дубінка, якога з мастацтвам выцінанкіпазнаёміла маці, вяртаецца.
Вячаслаў Дубінка калісьці трапна назваў выцінанку “папяровым дзівацтвам” — пэўна, гэта адначасова вызначэнне і сутнасці народнага мастацтва, і характарыстыка ўласна аўтарскага стылю майстра са Случчыны: яго творы здзіўляюць не толькі тэхнікай, але і фантазіяй...

Наталля ДАШКЕВІЧ