Калі ружа лунае...

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Свабода і метафары Уладзіміра Тоўсціка
І вось надышоў час, калі на даляглядзе яго жыцця замільгацела лічба “70”. У біяграфіі мастака — тэрмін нежартоўны. Асабліва калі гаворка ідзе пра творцу, які зрабіў ужо нямала, але прагне зрабіць яшчэ больш — бо гэтага патрабуе назапашаны досвед, сталасць, майстэрства, глыбокі выпакутаваны погляд на навакольны свет, на спадчыну беларускай зямлі з яе добрымі і таленавітымі людзьмі, на тое, што саграе сэрца.

/i/content/pi/cult/738/16037/24.JPGСваю юбілейную выставу, святочны вернісаж якой адбыўся 28 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі, народны мастак краіны Уладзімір Тоўсцік падарыў мінскаму гледачу і цікаўным гасцям нашага горада. Як бы сказаў нам усім: “Вось я такі! На гэтай выставе я паказаў вам толькі невялічкі фрагмент таго, што зрабіў на працягу розных гадоў, а таксама і зусім новыя творы! Не судзіце строга: я заўсёды быў перад сабою сумленным, маляваў толькі тое, што падабалася мне, ні перад кім не прагінаўся, ні да каго не падлашчваўся... Я ўвесь перад вамі”.

“Тэрыторыя партрэта. Блізкі погляд” — такая назва выставы невыпадковая: яна ў жывапісе амаль 70-гадовага мастака мае свой, асабісты сэнс, бо ў экспазіцыі ўпершыню прадстаўлена цудоўная серыя жывапісных партрэтаў беларускіх творцаў, якія ў розныя часы так ці інакш былі звязаныя з аўтарам не толькі ўласна духоўнымі, але і сяброўскімі ніцямі. Некаторыя ўжо, на жаль, у іншым свеце (Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Кожух, Юрый Гаўрын, Гаўрыла Вашчанка, Георгій Скрыпнічэнка); іншыя, дзякуй Богу, па-ранейшаму радуюць і натхняюць людзей сваім мастацтвам і сваёй прысутнасцю побач з намі: Леанід Шчамялёў, Валерый Славук, Уладзімір Басалыга, Васіль Шаранговіч, Васіль Сумараў, Уладзімір Слабодчыкаў, Валерый Даўгала, Уладзімір Вішнеўскі, Уладзімір Савіч...

Што казаць, у наш дзіўны час пачатку новай эпохі, сатканы з супярэчнасцяў, з супрацьпастаўлення “нізкага” і “высокага” ў гуманітарных галінах, з нейкага — скажам шчыра — грэбавання грамадскасці сучаснай выяўленчай культурай, часам становіцца крыўдна за тое, што так ці інакш у соцыуме забываюцца тыя буйныя дзеячы мастацтва, якія ўжо пакінулі нашу зямлю. Ды і па-над жывымі, папраўдзе кажучы, лунаюць аблокі індыферэнтнасці тых, для каго, па вялікім рахунку, і існуе Яго Вялікасць Мастацтва. Праблема, якая, канешне, патрабуе асобнай сур’ёзнай гаворкі...

Ці будуць ведаць нашы ўнукі і праўнукі, якімі былі іхнія продкі — будаўнікі нашага духоўнага свету? Як яны выглядалі, як кахалі і тварылі, што іх хвалявала ў жыцці? Адкрыць іх, выявіць іх значнасць у кантэксце эпохі — такую вось задачу паставіў перад сабою Тоўсцік. Хаця, калі ўспомніць, спантанна яе вырашаць ён пачаў яшчэ ў гады творчай маладосці — праз псіхалагічныя вобразы тагачасных сяброў і калег, а таксама беларускіх літаратараў: Купалы, Караткевіча, Дуніна-Марцінкевіча, Быкава, Багдановіча, Брыля.

У экспазіцыі прадстаўлена фігуратыўная карціна менавіта таго часу — “Памяці Уладзіміра Караткевіча”. Пісьменнік паказаны ў месяцовай прасторы на сваёй роднай беларускай зямлі побач са знакамітай Слуцкай брамай. А ў глыбіні палатна — паляванне караля Стаха і іншыя абагульненыя вобразы з яго кніг. На першым плане — стары калодзеж як цэнтр духоўнага прыцягнэння персанажаў карціны — сімвалічная вечная крыніца, з якой Караткевіч чэрпаў уласную філасофію жыцця, свае тэмы і сюжэты. Успомнім яго радкі: “Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі, // Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ”.

— Люблю партрэт, — разважае Тоўсцік. — Цікавы чалавек, калі ты яго малюеш, патрабуе асаблівагай увагі. Для мастака неабходна прасачыць рух яго духоўнага жыцця і далікатна ўвайсці ў яго таямніцу, якая, уласна кажучы, і павінна вызначыць ядро кампазіцыі. Я імкнуся выбраць такі момант быцця чалавека, такую яго позу, такі жэст, такі антураж, каб ён мог закрануць пачуцці гледача, прымусіць яго прасякнуцца вобразам, паверыць яму...

Акрамя таго, у экспазіцыі можна пабачыць і іншыя партрэтныя выявы, і некаторыя шматфігурныя кампазіцыі — як правіла, па тэматыцы звязаныя са светапоглядам, светаадчуваннем аўтара-філосафа. Атрымаў асаблівае задавальненне, калі пабачыў і вельмі даўні твор 34-гадовага Тоўсціка “Вясна 1985. Пачатак”.

Уяўленне мастака вельмі рухавае, чаму спрыяе ягоная натрэніраваная пачуццёвая памяць. І гэтае ўяўленне заглыблена ў мастакоўскую інтуіцыю — адвечны інструмент творчасці. Адсюль — імперсанальнасць палотнаў, шматслойная стылістыка, ад якой часам “палыхае” то веласкесавай пластычнай яснасцю, то п’ерадэляфранчэскавай вытанчанасцю, то колерамузыкай мітуслівага сённяшняга дня.

Іншымі словамі, вобразна-пластычная форма ў Тоўсціка — паняцце не толькі структурнае, але і маральнае, яно нагадвае пра духоўную высакароднасць творцы-філосафа. Гэта — натура Майстра. Натура цэласная і адначасова няўрымаслівая, поўная ўнутраных сумненняў. Яна вечна імкнецца наперад, нібыта той самы лятучы Вершнік, які мне надоўга запомніўся па аднайменнай цудоўнай карціне мастака, створанай, калі не памыляюся, больш за 20 гадоў таму...

Для Тоўсціка “чалавек як творца” заўсёды застаецца найважнейшым звяном жывога духу палатна — пры ўсёй значнасці прадметнага, пейзажнага альбо інтэр’ернага асяроддзя, якое заўсёды любоўна і нават скрупулёзна інсцэніраванае. Канешне, яго пост-традыцыяналісцкае мастацтва — няпростае: яно не падпарадкоўваецца лёгкаму “літаратурнаму” пераказу сюжэтаў. Жывапісец віртуозна “гуляе” з гледачом, апелюючы да ягонага розуму, ведаў і нервовых канчаткаў, дасягаючы пры гэтым надзвычайных светлавых і колеравых эфектаў.

Як, скажам, у палатне “Аднойчы ў музеі”. Уласна кажучы, гаворка — не пра канкрэтны музей: прыйшоў, паглядзеў творы і пайшоў дамоў. Гаворка — пра музей як нейкі духоўны цэнтр, месца віртуальных сустрэч, дзе арганічна злучаюцца прастора і час, дзе сустракаюцца людзі — прафесіяналы ад мастацтва і простыя гледачы з розных краін і розных эпох, дзе ў чалавека павінны нараджацца і выкрышталізоўвацца тыя высокія эстэтычныя ўяўленні пра дабро, любоў і хараство, якія, магчыма, могуць стаць для яго каштоўнымі арыенцірамі на ўсё жыццё.

У экспазіцыіі прадстаўлены ўжо знаёмы гледачу трыпціх “Вербная нядзеля. Трансцэндэнцыя”. Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва 2017 года была прысуждзена мастаку менавіта за гэту работу. Раней я падрабязна ўжо пра яе пісаў. Зараз толькі напомню галоўную ідэю. “Вербная нядзеля” — спроба знайсці адказ мастака на пытанне: хто мы і адкуль? Чым ёсць наша нацыя, наш народ, які існуе стагоддзямі побач з іншымі этнасамі? У якіх складаных умовах нараджалася самасвядомасць, самаадчуванне беларусаў?

Ёсць на выставе і новае палотно “Аднойчы ў горадзе” — на любімую мастаком “урбаністычную” тэму. Там, зразумела, паказаны адзін з любімых сталічных куточкаў мастака настальгічны раён Траецкага прадмесця і мост праз Свіслач. І “Зялёныя стаўні” — таксама пранізліва-лірычная песня пра родны горад мастака. Зрэшты, да якіх бы тэм жывапісец не звяртаўся: Горад, Памяць, Вяртанне ў мінулае, Музыка і Тэатр, Вобраз Цудоўнай Дамы, убачанай скрозь прызму фантастычных мрояў, абліччы тых, дарагіх і блізкіх, хто заўсёды побач, — ён пазбягае надзвычайных знешніх эфектаў і імкнецца да пагыбленага, даследчага спазнання “залюстроўя”, якое напоўнена настальгічнай інтэлектуальнасцю.

Аднак своеасаблівае “зіхаценне” ягонага жывапісу, безумоўна, з’яўляецца своеасаблівым фокусам — як месяц Куінджы альбо знакаміты чэхаўскі аскепак бутэлькі. У гэтым — загадка майстэрства Тоўсціка, які з чарадзейнай лёгкасцю змяняе сваю палітру ў залежнасці ад пластычных задач і кола праблем, звязаных з пошукам чалавека ў ягоным сусветным атачэнні, і ў прыватнасці, ва ўрбаністычнай аўры.

Коратка кажучы, у жывапісе Тоўсцік знайшоў сваю свабоду — свабоду выказвання ўласнага болю і шчасця, уласных разваг пра духоўны шлях, які чалавецтва прайшло ад свайго нараджэння да пачатку трэцяга тысячагоддзя, пра таямніцы сусвету, метамарфозы прасторы і часу, любові як рухальнай сілы духоўнай эвалюцыі чалавека.

Схільнасць да метафары, сімвала, алегорыі працінае ўсю творчасць мастака. На ягоных палотнах “вобраз” не малюецца, не выяўляецца, а — скажу так — лунае. Бо калі ружа не мае водару, дык і легенда пра яе хараство тае, блякне. Ад палотнаў Тоўсціка патыхае менавіта гэтым водарам і цеплынёй, яны дыхаюць, уліваюцца ў душу таямнічымі, нябачнымі на першы погляд ручаінкамі.

Барыс КРЭПАК

Фота аўтара