На персіку да мэты бліжэй

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Дзіцячых балетаў у сталіцы — па пальцах адной рукі пералічыць. А тыя, што ідуць, маюць доўгую гісторыю існавання, таму бацькам застаецца несур’ёзны выбар: ці па дзясятым разе павесці малечу на загледжаны на памяць спектакль, ці выбраць для іх іншы від мастацтва. Нарэшце з’явілася альтэрнатыва: на тыдні ў Музычны тэатр запрасіў на балет для ўсёй сям’і “Джэймс і Персік-велікан”. Напярэдадні прэм’еры аглядальнік “К” завітала да балетмайстра-пастаноўшчыка Сяргея МІКЕЛЯ, каб распытаць пра новы для яго досвед работы з дзіцячым матэрыялам.

/i/content/pi/cult/738/16034/22.JPGГалівудскія прысмакі

— Перш за ўсё мне хацелася знайсці новы сюжэт, бо ўсё, да чаго звычайна звяртаюцца пастаноўшчыкі, калі гаворка заходзіць пра дзіцячы рэпертуар, па шчырасці, не цягне на свежую ідэю. Аднак ад чаго адштурхоўвацца? Вырашыў звярнуцца да кінематографа. Мне вельмі імпануе Цім Бёртан — ён круты рэжысёр! Стаў даследаваць, якую літаратуру той бярэ ў распрацоўку. Раптоўна для сябе даведаўся, што яго шыкоўнае фэнтэзі з Джоні Дэпам “Чарлі і шакаладная фабрыка” мае ў аснове аднайменную аповесць Роальда Даля.

Пачаў капаць далей і высветліў: пісьменнік, чыё прозвішча большасці беларусаў невядома, звышпапулярны на Захадзе. Яго кнігамі зачытваюцца дзеці і дарослыя, тыя аповесці з нечаканымі канцоўкамі вельмі любіць Галівуд. Уключыце фільм “Вялікі і добры велікан” ці анімацыйную стужку “Непараўнаны містар Фокс” — у цітрах пабачыце прозвішча Даля. І гэта толькі з прэм’ер апошняга дзесяцігоддзя, насамрэч, англійскага аўтара актыўна экранізавалі ў мінулым стагоддзі, і працягваюць звяртацца да яго і зараз.

Валянцін Елізар’еў, калі я яму распавёў пра ідэю балета, засумняваўся, маўляў, ці збярэ гледачоў невядомая назва. А мы якраз на гэтым і хацелі згуляць. Для нас кніга “Джэймс і гіганцкі персік” сапраўды свежае дыханне, хоць і напісана яшчэ ў 1960-х. Яна надзвычай папулярна на Захадзе, да гэтага дня ў Еўропе і Амерыцы ставяць аднайменныя школьныя мюзіклы, у якіх іграюць дзеці. У студыі Дысней існуе аднайменны поўнаметражны анімацыйны фільм. Нават дзіўна, што для нашай публікі гэтая гісторыя амаль невядома.

Мяне гэтая літаратура заахвоціла адсутнасцю павучання. У кнізе “правільнага” алгарытму накшталт “падзі туды, лажыся роўна а 21-й, не забывайся чысціць зубы, а калі не памыеш рукі, то памрэш”. Роальд Даль не асуджае ўчынкі сваіх герояў, бо ніхто не ведае насамрэч, як трэба паступаць у той ці іншай сітуацыі. Пісьменнік назірае за персанажамі і прапаноўвае чытачу, бачачы прыклад, у што можа выліцца той ці іншы ўчынак, самому выбіраць свой шлях.

Мой сябра, Зялёны Конік

— На стадыі распрацоўкі лібрэта самым складаным для мяне было вызначыцца, што з кнігі можна прапусціць, толькі абазначыць, а што закруціць у сцэнічнае дзеянне. Зразумела, я адразу адсек вершаваныя песенькі, вялікую колькасць дыялогаў і маналогаў. Сканцэнтраваў разгорнутую роуд-муві ў балет у двух актах, кожны з якіх цягнецца не больш за паўгадзіны.

/i/content/pi/cult/738/16034/21.JPGЯ адмовіўся ад закладзенай у кнізе вандроўкі з пункту А ў пункт В. “Джэймс і Персік-велікан” у першую чаргу — падарожжа ў часе. Напачатку і напрыканцы спектакля мой Джэймс — дарослы чалавек, вакол якога гуртуюцца сябры дзяцінства. Ва ўспамінах ён вяртаецца да тых часоў, калі трапіў хлопчыкам у дом сваіх цётухнаў. Асірацелы маленькі чалавек адчуваў сябе надзвычай самотным, пакуль не сустрэў Чарадзея і не атрымаў магічны
падарунак. Ён дапамог вырасці гіганцкаму персіку, на якім Джэймс выпраўляецца насустрач сваёй запаветнай мары, а падтрымліваюць яго сябры-насякомыя. Праз гэтую гісторыю мне хацелася распавесці гледачам пра разнастайнасць свету, пра сапраўднае сяброўства, пра патрэбу ў стасунках з блізкімі людзьмі не толькі прымаць, але і аддаваць. Падтрымка блізкіх — вось што дапамагае ў жыцці пераадольваць любыя складанасці і дайсці да вызначанай мэты. Нават калі ты ўсяго маленькі хлопчык.

У нашым спектаклі насякомыя, што суправаджаюць Джэймса ў
падарожжы, з’яўляюцца яго казачнымі ўспамінамі пра сяброў, з якімі ён ідзе праз усё жыццё, з якімі перажыў агонь, ваду і медзяныя трубы. Гэтая паралель яскрава прачытваецца ў касцюмах мастака-пастаноўшчыка Любові Сідзельнікавай. У сцэнах-фантазіях артысты выходзяць у касцюмах, блізкіх да ўяўлення пра насякомых: вусікі, крыльцы, махнатыя лапкі. Напрыканцы, у дарослым свеце, глядач зможа супаставіць некаторыя элементы касцюмаў, каб скласці для сябе пазл: “Вось гэтая сяброўка была Божай Кароўкай, а вось там падышлі былы Зялёны Конік і містар Дажджавы Чарвяк”.

Любоў Акцябрынаўна вынайшла незвычайнае па колеры сцэнічнае афармленне. Мы з ёй знарок адмовіліся ад кіслотных фарбаў, якім чамусьці часцей за ўсё аддаюць перавагу ў дзіцячых пастаноўках. Сцэнаграфія вырашана ў блакітна-сініх тонах, перыядычна з’яўляецца аранжавы, жоўты, чорны і шэры колеры. На кантрастах атрымліваецца прыцягальнае адчуванне, дэкарацыі заварожваюць.

Кульмінацыйным момантам становіцца знаёмства з Воблачным каралеўствам, якое загадвае надвор’ем. У нас атрымаўся адмысловы белы акт. Паветраныя, радасныя, шчаслівыя Воблачныя Жыхары адкрытыя вандроўнікам, і ўсё ж не зусім няпростыя. Яны дораць цёплы ветрык і сонца, але да таго часу, пакуль іх не крыўдзяць. Па сюжэце, вандроўнікі на гіганцкім персіку ўразаюцца ў вясёлку, якую толькі што фарбавалі Воблачныя. Пакрыўджаныя жыхары ўчыняюць буру, і вось некалькі хвілін таму прыязныя кароль і каралева ператвараюцца ў пагрозлівага навальнічнага насарога. І толькі Джэймс, устаўшы на абарону сяброў, выпраўляе небяспечную сітуацыю.

Ушчыльніць, каб загучала

— Гэта трэці балет, над якім мы працуем разам не толькі з мастаком, але і дырыжорам-пастаноўшчыкам Марынай Траццяковай. Шчыльнае партнёрства прыносіць у выніку шмат плюсаў. З пачатку я напісаў сцэнарый і падрабязны план з шэрагам сцэн і нумароў. Пасля мы сустрэліся ўтрох. Я, як балетмайстар, накідваў вобраз, які хацеў стварыць на сцэне. Кампазітар — а гэта першае разгорнутае музычнае палатно для маладога аўтара Кацярыны Шымановіч — складвала мае адчуванні ў партытуру. А Марына Мікалаеўна падказвала, што можна дадаць, дзе больш шчыльна зрабіць аркестр ці нешта прыбраць, каб атрымаць у музыцы той эфект, які задумаў балетмайстар.

У нашым грамадстве ёсць непрыемная рыса лічыць пастаноўку дзіцячага спектакля дробяззю, непараўнальнай з “сур’ёзным мастацтвам”. Маўляў, трэба ўсяго закласці ў малюнак ролі смешныя падзенні — і зала збярэцца. Аднак ці можна балет для юнай аўдыторыі рабіць элементарным з акцэнтам на плоскіх жартачках накшталт штуршкоў і падножак, а для бацькоў накручваць і шукаць арыгінальныя хады? На сабе я адчуў, што прынцып работы аднолькавы, незалежна ад узросту твайго патэнцыйнага гледача.

Наш “Джэймс” насычаны дуэтамі, у другім акце выконваецца вялікае адажыё. Калі мы ладзілі на сцэне прагон, дырэктар нашай балетнай трупы падышла і сказала, што гэта абсалютна сур’ёзная харэаграфія. Вось гэтага я і дабіваўся! Мы наўмысна паставілі на афішы “0+”. “Джэймс” — балет для ўсёй сям’і. Зусім маленькіх прыцягнуць стракатыя колеры і актыўнае дзеянне. Тых, што паболей, зацікавіць гісторыя. Школьнікі змогуць праводзіць паралелі. Упэўнены, што дзяцей неабходна выхоўваць на прыгажосці, а не на прымітыўных прыёмчыках.

На скейце за акулай

— У прэм’ернай пастаноўцы я задзейнічаў усю балетную трупу. Адначасова на сцэне можа знаходзіцца больш за 30 артыстаў. Напачатку ізноў чуў: навошта так многа — гэта ж усяго дзіцячы спектакль. Тыя, хто так гавораць, забываюцца, што ў тэатр прыходзяць дзеці новага пакалення. Пакалення, якое ад нараджэння акружана гаджэтамі, якое натуральна ўспрымае бясконцыя патокі інфармацыі. І ў балеце таксама нікуды не сысці ад сучаснай псіхалогіі, ад разумення кліпавага ўсведамлення гледача. Таму ў спектаклі шмат персанажаў, дынамічная змена планаў, высокі тэмпарытм дзеяння.

Пры гэтым я не хацеў перабольшваць з візуальнымі прыёмамі. Так, у нас задзейнічана відэапраекцыя, аднак акцэнт на ёй не робіцца. Повязь з сучаснасцю хутчэй адбываецца праз выразныя дэталі, прынамсі, нашыя акулы носяцца па сцэне на скейтах.

Артысты з задавальненнем уключыліся ў падрыхтоўку балета, нягледзячы на пэўныя складанасці. Яны прызвычаіліся да традыцыйнай пластыкі, калі для выказвання дастаткова, павароту галавы, выразнага жэсту. У дзіцячай пастаноўцы ўсё ж не абысціся без мімікі. Яна павінна быць выразнай, яркай, можа дзесьці ненатуральнай. Я прашу артыстаў утрыраваць: недзе перакасіць твар, выпучыць вочы, больш яскрава схапіцца за партнёра — адным словам, зрабіць тое, чаго на вечаровых паказах звычайна не робіцца. Не ва ўсіх тое атрымалася адразу.

Танцоўшчыкам і балерынам давялося выходзіць з зоны камфорту. Зразумела, яны баяліся паказацца смешнымі, недарэчнымі. Таму я раз за разам паўтараў: жанр нашага спектакля прадугледжвае гэта. Наадварот, калі вы не будзеце іграць тварам, прыгладзіце жэсты, то пачняце выглядаць белай варонай на фоне астатніх.

Выйсці за рамкі прызвычаенага складана. Аднак менавіта з такога памкнення пачынаецца шлях да спектакля, які знойдзе водгук у гледача. Ці не дзеля гэтага мы працуем?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"