Унія вобразу і факту

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

“На адным полі ваяры” — выстава, што выхоўвае патрыятызм
Ёсць гісторыя і ёсць гістарыяграфія. Гісторыя — гэта тое, што было. Гістарыяграфія — як пра гэта распавядаюць. Сама логіка развіцця нашай дзяржавы і фарміравання нацыянальнай ідэі вядзе да стварэння гістарыяграфіі праўдзівай. Зрэшты, яна ўжо ёсць, хіба што крытычнай масы не стае. З гэтай прычыны асветніцкая справа і выхаванне патрыятызму ў значнай ступені ляжыць на плячах людзей культуры і мастацтва. Гэтай мэце падпарадкаваная, у прыватнасці, творчасць скульптара Сяргея Аганава і графіка Ігара Гардзіёнка. Іх супольная выстава “На адным полі ваяры” — эмацыйны аповед цпра беларускае Сярэднявечча — якая раней экспанавалася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, праходзіць у Нясвіжскім палацы.

/i/content/pi/cult/738/16030/16.JPGСяргей Аганаў ужо вядомы грамадзе сваімі манументальнымі творамі — скульптура войта ў Верхнім горадзе ў Мінску, помнікі “беларускай Жанне д’Арк” княгіні Анастасіі ў Слуцку, Давыду Гарадзенскаму ў Гродне, ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах. Апошні зроблены ў суаўтарстве з Вольгай Нячай, з ёй жа Сяргей зараз працуе над помнікам Гедыміну для Ліды. Эскізныя варыянты некаторых помнікаў прадстаўлены і ў экспазіцыі. Скульптара цікавіць не столькі матэрыяльны свет той ці іншай эпохі, колькі вобразны складнік часу, выяўлены ў абліччы выбітных асоб. Таму ён зыходна аддае перавагу той стылістыцы, якая дазваляе пазбегнуць дробнай дэталізацыі, але засяродзіцца на выразным сілуэце.

Аганаў імкнецца не да гістарычнай канкрэты, але да выяўлення сутнасці праз метафару. Формула ягонага стылю, на маю думку, найбольш выразна выяўлена ў гродзенскім помніку. У “Давыдзе Гарадзенскім” ёсць нешта ад пластыкі “суворага стылю” 1960-х. Хтосьці, гледзячы на гэты манумент, згадае характэрны почырк прыбалтыйскай скульптурнай школы, які мы памятаем з савецкіх часоў. Але пры ўсіх асацыяцыях, гэта абсалютна арыгінальны сучасны твор, удала ўпісаны ў гістарычны ландшафт і ментальную прастору старой Гародні. Не пакінуць гледача абыякавым і іншыя скульптурныя творы згаданай экспазіцыі.

Графічныя творы Ігара Гардзіёнка таксама вядомыя аматарам мастацтва. Ён ілюстратар кніг на гістарычную тэматыку. Прычым кніг, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, не ў малой ступені дзякуючы сваёй мастацкай аздобе. На ягоным творчым рахунку — Гран-пры і дыпломы прэстыжных конкурсаў мастацтва кнігі. Але паколькі кожнаму творцу карціць выйсці за межы сваёй спецыялізацыі, у якой ён ужо дасягнуў поспеху, Ігар Гардзіёнак на выставе ў Нясвіжы прадставіў жывапіс. Аднак не той, які ў каталогах пазначаецца “палатно, алей”, а даволі экзатычны для нашага часу ляўкасны, што бярэ пачатак ад іканапісу. У работах мастака аснова — дошка, пакрытая адмысловым грунтам (ляўкасам), матэрыял — алей або тэмпера. І як аклад на іконах — метал, у якім выкананыя выявы даспехаў і зброі. У дадзеным выпадку такую тэхніку будзе правільней назваць аўтарскай. Сам жа твор займае памежжа жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Нізка партрэтаў вялікіх князёў і ваяроў-літвінаў, якую мы бачым на гэтай выставе, з’яўляецца цэльным канцэптуальна і эстэтычна вывераным творам. Яна магла б стаць аздобай пастаяннай экспазіцыі аднаго з музеяў у сталіцы ці ў рэгіёнах. Прынамсі, пра гэта марыць аўтар.

Выстава “На адным полі ваяры” будзе працаваць у Нясвіжы да 19 красавіка. Той, хто наведае колішнюю рэзідэнцыю Радзівілаў дзеля архітэктурнай перліны, якой з’яўляецца палац, атрымае яшчэ і бонус — творы мінскіх мастакоў, натхнёныя нашай мінуўшчынай.

Дарэчы, адначасова са згаданай выставай у Нясвіжы экспануецца і графіка Паўла Татарнікава. Гэта ілюстрацыі да ўжо культавай кнігі Уладзіміра Арлова “Айчына” — гістарычныя панарамы беларускіх гарадоў і партрэты славутых дзеячоў нашай гісторыі, — а таксама казачна-міфалагічная тэматыка. Абедзве выставы ў прасторы палаца ўспрымаюцца надзвычай арганічна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"