Далі без ажыятажу

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Да добрага хутка прызвычайваешся і пачынаеш успрымаць яго як данасць. Здаецца, не так даўно, каб пабачыць мастацкі авангард ХХ стагоддзя (які, дарэчы, ужо і забранзавець паспеў), беларусу трэба было выпраўляцца кудысьці за мяжу. А цяпер і ў нашым Нацыянальным мастацкім адкрылася выстава Сальвадора Далі. Прычым шалёнага глядацкага ажыятажу яна ўжо не выклікае: у тым самым музеі рэгулярна ладзяцца выставы знакамітасцяў. Прызвычаіліся…

/i/content/pi/cult/738/16029/15.jpgМіжнародны выставачны праект, прысвечаны мэтру сюррэалізму, дасягнуў Мінска пасля “гастроляў” па больш як сотні музеяў і выставачных залаў усяго свету. Гэта частка калекцыі італьянскага арт-дылера Беньяміна Леві, які працаваў з Сальвадорам Далі яшчэ з 1960-х. Славуты мастак мае папулярнасць найперш як жывапісец. Яго графіка, дазволю сабе сцвярджаць, вядомая ўжо адносна шчыльнаму колу, а вось скульптура ды ўвогуле трохмерныя аб’екты — хіба толькі фанатам і экспертам.

Мінская выстава прапануе гледачам знаёмства якраз з графікай і скульптурай бадай самага славутага містыфікатара ХХ стагоддзя. Велізарная колькасць работ, якія пакінуў пасля сябе Далі, стварае ілюзію, нібыта і вобразаў ён стварыў нямерана. Між тым шэраг сапраўды арыгінальных вобразаў і стылёвых знаходак у мастака не такі ўжо і доўгі. Яны ў розных варыяцыях і спалучэннях вандруюць з палатна ў палатно, з графікі ў жывапіс, з жывапісу ў скульптуру.

Гэта бачна і па экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Блізкія ладам і зместам выявы сустракаюцца і на малюнках, і на трохмерных аб’ектах рознага фармату — ад настольнага да амаль манументальнага. Гэта найперш творчы пошук, мэта якога — знайсці для выяўлення ідэі той матэрыял, які найбольш ёй пасуе, а таксама і найбольш эфектны кантэкст. Але ведаючы біяграфію Далі, няцяжка заўважыць у такой практыцы і прагматычны разлік — прадаць адно і тое ж некалькі разоў, толькі змяняючы ўпакоўку тавару.

На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала вернісажу, уладальнік калекцыі спадар Леві распавядаў пра тое, як яна збіралася. Паводле ягоных слоў, да сур’ёзнага занятку скульптурай, да якой у Далі зыходна не было схільнасці, мастака падштурхнула Гала, яго жонка і муза. Яна была, відаць, адзінай у свеце асобаю, якая магла прымусіць гэтага свавольнага чалавека рабіць тое, што было яму не даспадобы. Як Далі быў геніяльным мастаком, так Гала была геніяльным менеджарам. Яна на ўзроўні інтуіцыі адчувала, які праект будзе паспяховым, а значыць — прыбытковым. Тое, што Далі сцвердзіўся як скульптар і ювелір, у значнай ступені яе заслуга.

Той, хто бачыў карціны Далі хаця б у рэпрадукцыях, знойдзе ў графічных творах выставы знаёмыя вобразы, але на стадыі эскізаў. Потым яны стануць славутымі палотнамі — як нібыта выпадковыя нататкі калі-нікалі выкрышталізоўваюцца ў паўнавартасны літаратурны твор. А ёсць у экспазіцыі і такая графіка, якая ўспрымаецца цалкам самадастатковай дзякуючы арыгінальнаму спалучэнню колеру і ліній.

Паміж прэс-канферэнцыяй і вернісажам было крыху часу для нефармальнага сумоўя паміж журналістамі і спадаром Леві. У прыватнасці, ён сказаў, што вельмі рады прадстаўляць сваю калекцыю ў такім прэстыжным месцы як Нацыянальны мастацкі музей Беларусі; што яму вельмі даспадобы Мінск сваёй манументальнай архітэктурай і чысцінёй (асабліва ў параўнанні з гарадамі Італіі, удакладніў госць са смехам). На пытанне, ці не хацеў бы ён, ужо маючы ў розных краінах свету некалькі музеяў, дзе ягоная калекцыя экспануецца на пастаяннай аснове, арганізаваць яшчэ адзін, на постсавецкай прасторы, спадар Леві адказаў: “Чаму не? Падумаю”.

А было і такое пытанне: “Сюррэалізм калісьці ўспрымаўся як выбух, як рэвалюцыйная з’ява ў мастацтве і ў грамадскай свядомасці. А ці актуальны ён сёння? Мо для сучаснага чалавека сюррэалізм ужо не надта цікавы?”

— Бадай што так, — адказаў спадар Леві, — бо сюррэалізму сёння хапае ў рэальным жыцці. Ён сышоў з палотнаў такіх мастакоў, як Далі, у грамадскую прастору. Пра вашу краіну не скажу, не ведаю. А на захадзе Еўропы яно менавіта так.

Мяркую, гэтыя словы знакамітага знаўца творчасці Далі трэба ўспрымаць як мастацкую гіпербалу, але задумацца над імі варта.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"