Кармэн у гатэлі. Ды без дэкарацый

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

“Кармэн” Бізэ — адна з самых папулярных опер у свеце. А ў нашым Вялікім тэатры яна ўвогуле штосьці накшталт талісмана. Замацавалася на яго сцэне з дня адкрыцця — і практычна не сыходзіць, хіба пастаноўкі змяняюцца. Ды яшчэ і гастрольныя спектаклі прыязджаюць. Дык што на такім фоне могуць зрабіць студэнты Опернай студыі Акадэміі музыкі? Асабліва пры сціплым бюджэце, амаль без выдаткаў на сцэнаграфію і касцюмы. Але ж пры ўсім гэтым вучэбны, здавалася б, спектакль атрымаўся рэзанансным.

/i/content/pi/cult/738/16028/14.jpgГанна Маторная перанесла дзеянне ў атмасферу сучаснага гатэля, які, паводле рэжысёрских фантазій, прымае гасцей і ўдзельнікаў нейкага фестывалю, дзе і ставіцца опера Бізэ. Пры такім раскладзе — навошта багаты рэквізіт? Амаль усё — сваё, уключаючы
відэапраекцыі, зробленыя той жа Ганнай Маторнай.

Сіл было ўкладзена нямала. Вядомыя творы ўвогуле выконваць складаней. Дый акрамя вакалу патрабавалася добрая акцёрская ігра — тым больш, што “схавацца” за інтэр’ер, багацце строяў і дэкарацый не было ніякай магчымасці. Да таго ж, пры зробленых купюрах опера пачала нагадваць ледзь не камерную разнавіднасць жанра. Больш за ўсё скараціліся масавыя сцэны. У святле пражэктара (у тым ліку, у прамым сэнсе) апынулася тройца цэнтральных герояў, якія склалі любоўны трохкутнік: Кармэн, Хазэ і закаханая ў яго Мікаэла. Дарэчы, менавіта ў яе руку рэжысёр уклала нож, якім будзе забіта суперніца (падобны фінал, дзе не Хазэ, а Мікаэла забівала Кармэн, быў у колішняй пастаноўцы Вячаслава Цюпы ў нашым Вялікім тэатры). А вось Тарэадор са сваімі знакамітымі куплетамі і нават сцэнай паядынку з Хазэ зрабіўся амаль што “ўстаўным нумарам”: у фінале Кармэн сыходзіла не столькі да яго, колькі — ад Хазэ.

Былі падрыхтаваны два склады. Мне давялося ўбачыць і пачуць пяцікурсніц Вольгу Маліноўскую (Кармэн) і Яўгенію Крохіну (Мікаэла). І гэта ўразіла. Можна колькі заўгодна спрачацца: ці дапушчальна, каб галоўную гераіню спявала ўладальніца не мецца, а сапрана? І ўвогуле, як можа Кармэн быць бландынкай? А Хазэ — не вайскоўцам, а хормайстрам? Паводле новай версіі, усё магчыма. Галоўнае, што вобразы і характары атрымаліся вельмі яркімі, псіхалагічна дакладнымі. І па вакале ўсё было вельмі добра. У той жа Кармэн-Маліноўскай такімі сакавітымі, прывабна сексуальнымі былі ніжнія ноты! Нязменным Хазэ выступіў былы выпускнік Акадэміі музыкі, цяперашні саліст Вялікага тэатра і Опернай студыі Аляксей Мікуцель. Вось дзе напоўніцу раскрыліся, нарэшце, яго творчыя магчымасці!

Выразны тон задаваў аркестр на чале з Вячаславам Чарнухам-Волічам: захоўваў ідэальны баланс, дасылаў папраўдзе маладзёжную энергетыку і дасягаў сапраўднай музычнасці ў кожнай фразе. А зробленыя купюры аказаліся настолькі слушнымі і “незаўважнымі”, калі не ведаеш оперу на памяць, быццам Бізэ менавіта так усё і напісаў.

Адно толькі ўзнікае пытанне: калі зноў мы ўбачым гэту версію? А Оперная студыя крочыць наперад: літаральна праз некалькі дзён, у рамках Міжнародных навуковых чытанняў імя Лідзіі Мухарынскай адбудзецца прэм’ера сцэн з оперы Станіслава Манюшкі “Галька” — да 200-годдзя з дня народзінаў гэтага беларускага кампазітара, які стаў класікам польскай оперы і здабыткам сусветнага музычнага мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"