Дзевяць дзён, якіх не забыць

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

75 гадоў таму, у сакавіку 1944 года, нямецкай арміяй напярэдадні адступлення з Гомельшчыны былі створаныя Азарыцкія лагеры смерці. У іх гвалтоўна ўтрымлівалі каля 50 тысяч чалавек, каля 20 тысяч з іх загінулі. Сёння частка даследчыкаў лічыць, што гэта была спроба выкарыстання цывільнага насельніцтва ў якасці своеасаблівай біялагічнай зброі — у лагерах была справакаваная і пашыраная эпідэмія тыфу, якая, паводле задумы нямецкага вайсковага кіраўніцтва, павінна была спыніць наступ савецкай арміі. Лагеры ля Азарычаў існавалі толькі дзевяць дзён, але былыя вязні падкрэсліваюць, што гэта былі самыя страшныя дні ў іх жыцці, якія ім удалося перажыць толькі цудам.

/i/content/pi/cult/738/16024/9.JPGЛагеры такога кшталту нямецкі вермахт стварыў упершыню менавіта ў Беларусі — як высветлілі гісторыкі, гэта быў нялюдскі эксперымент, досвед якога нацысты планавалі выкарыстоўваць і ў будучыні. Чым важная памяць пра Азарыцкія лагеры, як яе захоўваць і якія ўрокі трэба вынесці з гэтай трагедыі? Гэтыя пытанні не раз гучалі падчас мемарыяльных мерапрыемстваў, якія
прайшлі ў Мінску і Азарычах з 18 па 20 сакавіка.

Трагедыя і яе наступствы

Тры канцэнтрацыйныя лагеры ў ваколіцах пасёлка Азарычы (цяпер у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці) былі створаныя 10 сакавіка 1944 года па загадзе камандуючага 9-й арміі вермахта генерала Ёзафа Харпе, камандзіра 56-га танкавага корпуса генерала Фрыдрыха Госбаха і камандзіра 35-й пяхотнай дывізіі генерала Георга Рыхерта. Туды былі сагнаныя непрацаздольныя жыхары навакольных тэрыторый — жанчыны, дзеці і старыя.

Дакладную колькасць ахвяраў вызначыць цяжка, бо многія людзі паміралі ці былі забітыя яшчэ на шляху ў лагер, калі іх гналі туды пехатой, а многія памерлі ад хваробаў ужо пасля вызвалення. Лагеры ўяўлялі з сябе вялізныя прасторы, агароджаныя калючым дротам ды міннымі палямі. Ніякіх пабудоваў на тэрыторыі не было, людзі знаходзіліся пад адкрытым небам без вады і ежы, ім не дазвалялі нават запальваць вогнішчы. У лагерах імгненна распаўсюдзілася эпідэмія сыпнога тыфу, якую нацысты планавалі скарыстаць як біялагічную зброю супраць савецкай арміі.

У дэпартацыі насельніцтва ўдзельнічалі 14 нямецкіх дывізій, але акрамя вермахта прымалі ўдзел у злачынствах таксама і органы СД — зондэркаманда 7а на чале з Гельмутам Лоасам. Сярод карнікаў былі не толькі немцы, але і мясцовыя паліцаі. Між іншым, трагедыі Азарычаў, асэнсаванню памяці аб ёй і праблеме ўдзелу ў злачынствах мясцовых здраднікаў прысвечаная аповесць “Суд у Слабадзе”, створаная ў 1978 годзе пісьменнікам Віктарам Казько, які трапіў у лагер смерці калі яму было ўсяго чатыры гады.

Лагеры пад Азарычамі былі вызваленыя 19 сакавіка 1944 года — дакладней, у той дзень сюды прыйшлі першыя часткі Чырвонай арміі. Але былыя вязні падкрэсліваюць, што рэальнае вызваленне для многіх надышло толькі 20 — 21 сакавіка, калі былі абясшкоджаныя мінныя палі і стаў магчымым масавы выхад з лагераў. Паводле матэрыялаў Нюрнбергскага працэсу над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі, сярод вызваленых з Азарыцкіх лагераў людзей каля 16 тысяч складалі дзеці да 13 гадоў.

Многія каты Азарычаў пасля вайны панеслі заслужанае пакаранне. Гэтак, Ёзэф Харпе быў павешаны ў 1946 годзе ў Мінску, а камандзіры дывізій гэтай арміі асуджаныя на 25 гадоў зняволення. Але, напрыклад, камандзір 56-га танкавага корпуса Фрыдрых Госбах ці кватэрмейстар 9-й арміі Вернер Бодэнштайн наогул не панеслі ніякай адказнасці. А кіраўнік зондэркаманды 7а Гельмут Лоас пасля вайны нават працягваў працаваць у Заходняй Германіі настаўнікам.

Даследчыкі таксама адзначаюць, што Азарычы былі не адзіным лагерам такога кшталту ў Беларусі. Пазней, у чэрвені 1944, падобныя “метады абароны” вермахт прымяняў і на ўсходнім беразе Дняпра на Віцебшчыне. Там утрымліваліся каля 12 тысяч мірных жыхароў.

Вярнуўся з пакаяннем

Сёлетнія памятныя мерапрыемствы да гадавіны вызвалення Азарыцкіх лагераў былі зладжаныя пры ўдзеле міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”, якое апякуецца ахвярамі вайны, Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау, Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Калінкавіцкага райвыканкама. Але галоўнымі і найбольш важнымі ўдзельнікамі, вядома, сталі былыя вязні Азарыцкіх лагераў, якія ў тыя страшныя часы былі яшчэ дзецьмі.

Памятныя мерапрыемствы распачала канферэнцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы. З вітальнай прамовай выступіў пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр Дэтмар, які адзначыў, што сёння важна не толькі захоўваць памяць пра трагедыі вайны, але і асэнсоўваць яе, каб не паўтарыць памылак мінулага. Дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Зам падкрэсліла важнасць беларуска-нямецкага супрацоўніцтва для захавання памяці аб ахвярах вайны ў абедвзвюх краінах.

З дакладамі пра ролю Азарыцкіх лагераў у гісторыі вайны і памяць пра іх у сучасным грамадстве выступілі навуковы супрацоўнік фонда “Помнік забітым яўрэям Еўропы” Адам Керпель-Фроніюс і прафесар універсітэта горада Аснабрук Крыстаф Рас — аўтар кнігі “Чалавечы матэрыял”, прысвечанай злачынствам вермахта. Сярод іншага, ён распавёў, што яго дваюрадныя прадзед і дзед у свой час наведвалі Мінск у складзе нямецкай арміі як захопнікі падчас Першай і Другой сусветных войнаў, таму для яго важна было прыйсці сёння на беларускую зямлю з пакаяннем і падзяліць адказнасць за віну сваёй краіны.

Нямецкія даследчыкі падкрэслілі, што доўгія гады пасля вайны віна нямецкіх вайсковых частак у знішчэнні мірнага насельніцтва акупаваных тэрыторый замоўчвалася, і толькі з нядаўняга часу ў грамадстве пачалі ўздымаць пытанне аб усеагульнай віне салдат вермахта і беспакаранасці часткі ваенных злачынцаў.

Падчас мерапрыемства адбылася таксама прэзентацыя кнігі, створанай былымі вязнямі лагера Аркадзем Шкуранам і Міхаілам Сінкевічам. Праца “Палессе: трагедыя і памяць” складае каля 700 старонак і ўтрымлівае як тэксты даследчыкаў гісторыі Азарыцкіх лагераў, так і дакументы ды ўспаміны вязняў. На наступны дзень, 19 сакавіка, у гадавіну вызвалення Азарыцкіх лагераў, кніга была прэзентаваная ў тых мясцінах, дзе адбывалася трагедыя, а ля мемарыяльнага знаку ў Азарычах прайшоў памятны мітынг.

Памятаюць да драбніцаў

Як распавёў Аркадзь Шкуран, наймаладзейшым вязнем Азарычаў стала дзіця, народжанае непасрэдна ў лагеры 16 сакавіка 1944 года. Найстарэйшаму з тых, хто дасюль жывы, сёння ўжо 90. Нягледзячы на ўзрост, вязні, многія з якіх на момант стварэння Азарыцкіх лагераў былі дзецьмі, захоўваюць памяць аб падзеях тых дзён да драбніцаў.

20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэзентацыя выставы “Азарычы: трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі”, куратарам якой выступіла загадчыца аддзела навукова-даследчай работы Наталля Яцкевіч. Аснову экспазіцыі склалі фота, зробленыя 18 — 19 сакавіка 1944 года ваеннымі карэспандэнтамі С.В. Альперыным, Я.В. Падшывалавым, П.С. Кекалам і Я.Д. Капытам. Выстава складаецца з шэрагу тэматычных блокаў, прысвечаных баявым дзеянням Чырвонай арміі ў раёне Азарычаў, злачынствам вермахта, выратаванню і выхаду вязняў з лагераў. Адлюстраваны і такія тэмы, як далейшы лёс вязняў, іх лячэнне, захаванне памяці аб трагедыі, пакаранне злачынцаў.

Хіба найбольш пранізлівым і знакамітым сімвалам трагедыі ў Азарычах стаў фотапартрэт Веры Кур’ян, якая малой дзяўчынкай прайшла праз жахі лагера смерці. У экспазіцыі побач са здымкам 75-гадовай даўніны размешчаны здымак 2015 года, зроблены падчас наведвання Верай Кур’ян музея — такая падача ўражвае гледача, падкрэсліваючы повязь часоў і паказваючы, што маленькія ахвяры вайны жывуць сярод нас, а гісторыя робіцца вельмі блізкай, калі толькі надаваць больш увагі яе сведкам.

На заканчэнне памятных мерапрыемстваў адбыўся паказ дакументальнага фільма “Азарычы, 1944”, знятага пад кіраўніцтвам Крыстафа Раса ў 2005 годзе. Стужка ўтрымлівае як спробу аналізу гісторыі стварэння лагераў смерці, так і жывыя сведчанні ацалелых вязняў. Па выніках прагляду фільма адбылася дыскусія, падчас якой асноўная ўвага была нададзеная праблемам захавання памяці і клопату пра былых вязняў Азарычаў. Як адзначыла ў сваім выступе старшыня МГА “Узаемапаразуменне” Анжаліка Аношка, тэме Азарыцкіх лагераў смерці сёлета ці не ўпершыню была нададзеная такая вялікая ўвага.

Агульны погляд вязняў на праблему памяці аб трагедыі выказала адна з іх — Валянціна Шышло: “Мы нічога не забылі”. Не варта і іншым забываць, што побач з намі жывуць ахвяры вайны, якія дзецьмі ці падлеткамі прайшлі праз лагеры, эпідэміі, голад і іншыя нягоды.