Музычныя адкрыцці вясны

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Міжнародная “Мінская вясна”, якая штогод расквечвае афішу Беларускай дзяржаўнай філармоніі, святкуе юбілей: гэта ўжо 35-ты такі фестываль. Чым ён будзе адметны? Творчымі знаходкамі — ад Баха да сучаснікаў.

Усё больш разнастайных музычных імпрэз ладзіцца апошнім часам да Вялікадня. Дастаткова згадаць Вялікапосныя канцэрты, якія днямі прайшлі ў Акадэміі музыкі і з’ядналі не толькі харавыя калектывы краіны, але і музыкантаў-інструменталістаў. Вось і “Мінская вясна”, ахапіўшы больш за тры тыдні — з 3 па 26 красавіка, пачнецца адметнай вечарынай сучаснай духоўнай музыкі: аўтары абодвух твораў спалучаюць сваю кампазітарскую дзейнасць з царкоўным санам. Будуць выкананы “Страсці паводле Матфея”, але не знакамітыя бахаўскія: твор у гэтым жанры напісаў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў), чыя музыка ўжо неаднойчы выконвалася ў Беларусі. Магутнай інструментальнай кульмінацыяй канцэрта стануць сімфанічныя антыфоны “Духоўнае супрацьстаянне” протаіeрэя Андрэя Бандарэнкі з Гродна — аўтара безлічы цудоўных харавых партытур і оперы “Князь Наваградскі”, якая ў пачатку 1990-х была ўвасоблена ў нашым Вялікім тэатры.

Не забыты і Бах. Яго страчаныя “Страсці паводле Марка”, рэканструяваныя Ёрнам Бойзенам з Нідэрландаў, прагучаць у канцы фестывалю, стварыўшы своеасаблівую арку. А ўласна фінальны канцэрт, названы “Вайна і Мір” і насычаны перлінамі ХХ стагоддзя, зробіць “мадуляцыю” да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

200-годдзе Станіслава Манюшкі будзе адзначана на традыцыйным “Вечары кансерваторыі”. Студэнцкія калектывы і салісты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканаюць, у тым ліку, не самыя шырокавядомыя творы кампазітара. Асобны канцэрт будзе прысвечаны Моцарту, дзе разыначкай вечарыны стане знакаміты Рэквіем — у пералажэнні для струннага аркестра.

А колькі выдатных выканаўцаў можна будзе пачуць! Адзін толькі юбілей аркестра Уладзіміра Перліна — славутага калектыву Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі — збярэ цэлае суквецце сусветных зорак, якія ў свой час былі яго выхаванцамі.

Сапраўды, можаце абіраць любыя канцэрты “Мінскай вясны” — памылка выключана. Бо кожная вечарына ўтрымлівае маленькія і вялікія адкрыцці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"