“Кантактныя” падзеі

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Падведзены вынікі ХІV Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, які днямі завяршыўся ў Магілёве. З 23 паказаных спектакляў з дзесяці краін свету былі вылучаны некалькі пастановак, названых “падзеяй форуму”.

/i/content/pi/cult/738/16022/8.JPGНа думку прафесійных крытыкаў з Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны, найлепшым быў плутаўскі раман “Кандыд, альбо Аптымізм” Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Дарэчы, шэсць гадоў таму Гран-пры фестывалю атрымаў трагі-фарш “Гамлет” таго ж тэатра і таго ж рэжысёра Ігара Казакова. Паслядоўнасць “Гамлет” — “Кандыд…”, як палічылі прафесіяналы, можна назваць тэатральным дыпціхам.

Маладыя крытыкі, якія не першы год гуртуюцца вакол Магілёўскага драмтэатра і яго фестывалю, у якасці падзеі цяперашняга форуму вылучылі арт-брут “Многа шуму з анічога” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра “Субота”. Можа, каб прынцыпова супрацьпаставіць сябе тэатразнаўцам? Бо тыя спектакль раскрытыкавалі: “многа шуму — і нічога”.

Сваіх улюбёнцаў абіралі і гледачы, пасля кожнага спектаклю апускаючы квіткі ў спецыяльныя скрыні для галасавання. Паводле глядацкай версіі, перамог монаспектакль Нарынэ Грыгаран “Мая сям’я ў маім валізку” Ераванскага дзяржаўнага тэатра лялек, вельмі высока ацэнены і прафесійнымі крытыкамі. А вось інтэрнэт-галасаванне, якое вялося праз сацыяльныя сеткі, аддало перавагу “Голаму каралю” з Даўгаўпілса. На другім месцы апынулася “Каралева прыгажосці” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, на трэцім — “Вішнёвы сад” з польскага горада Забжэ. Але такая размаітасць меркаванняў — сведчанне папраўдзе багатай фестывальнай праграмы: спыніцца на чымсьці адным было даволі праблематычна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"