Дзядзька Гена — гумарыст і франт

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

На сцэну Купалаўскага тэатра народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў выходзіць ужо 62 гады! За гэты час змяніліся пакаленні ўнутры тэатра і эпохі за яго сценамі. Генадзь Сцяпанавіч жа працягвае з гумарам глядзець на жыццё, зачароўваць калег і сяброў не толькі сваімі творчымі працамі, але і іранічнымі байкамі. У гэтым змаглі пераканацца ўсе, хто прыйшоў на творчую сустрэчу са слынным “дзядзькам Генам”.

/i/content/pi/cult/738/16021/7.JPGМудры і неверагодна самаіранічны — як пра яго гавораць купалаўцы — спадар Аўсяннікаў да апошняга аднекваўся ад імпрэзы. Сумняваўся, ці можа такая размова быць цікавай па-за сценамі грымёркі. Хваляваўся дарма — творчая сустрэча сабрала на Камернай сцэне сапраўдны аншлаг. У глядзельнай зале побач сядзелі калегі, сябры і прыхільнікі таленту Генадзя Сцяпанавіча.

Рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі, перакладчыца Марыя Пушкіна выводзіла на вялікі экран фотаздымкі з асабістага альбома акцёра. З гэтых здымкаў вырасталі гісторыі. Пра дзяцінства дапытлівага магілёўскага хлопчыка. Пра мараходку, дзе ледзь не сустрэліся будучыя калегі і народныя артысты СССР Аўсяннікаў і Віктар Тарасаў. Пра вучобу на курсе народнага артыста БССР Канстанціна Саннікава. Пра любоў да стыльных строяў у жыцці і адзенне сялян ды салдат на сцэне.

Кім толькі за сваю кар’еру не давялося пабываць дзядзьку Гену! У студэнцтве ён падпрацоўваў у оперным мімансе. У 1950-х тэатральна-мастацкі інстытут месціўся ў будынку Опернага тэатра, таму будучыя акцёры часта падпрацоўвалі ў масоўцы. На радыё ўдзельнічаў у перадачах “Вясёлы паштальён” і “Вясёлы жолуд”, агучваў неверагодныя рэчы — ад гарохавага супу да крокаў Леніна.

— Спачатку па сцэнарыі Ленін павінен быў імкліва падысці да мікрафону. У Паўла Малчанава, які граў правадыра, усё не атрымлівалася крочыць так, каб было чуваць. Я ж прыйшоў на запіс у скураных чаравіках, якія эфектна рыпелі. У выніку я імкліва тупаў да мікрафона, а Павел Сцяпанавіч уступаў голасам, — пад ажыўленне залы ўспамінаў Аўсяннікаў.

На экране з’явіўся здымак са спектакля Валерыя Раеўскага “Што той салдат, што гэты” паводле Бертольда Брэхта. На фатаграфіі малады Аўсяннікаў са смакам ірве зубамі рульку.

— О, рульку спецыяльна гатавалі да кожнага спектакля. Па рэжысёрскай задуме я павінен быў на сцэне яе смакаваць, нават абмазвацца тлушчам, — пасміхаўся Генадзь Сцяпанавіч. — А за кулісамі чакалі жадаючыя даесці “нявыкарыстаны рэквізіт”.

Да сустрэчы купалаўская моладзь падрыхтавала відэапытанні. Цікавіліся ўсім чым заўгодна: ад жыцця па-за сцэнай да складанасцяў у прафесіі і парад, як пазбавіцца хвалявання перад выхадам з-за куліс.

— Самае складанае ў нашай прафесіі — навучыцца чуць партнёра. Калі правільна слухаеш, то з’явіцца арганічная рэакцыя на рэпліку. А наконт хвалявання… Ды ўсё жыццё неабходна хвалявацца! — з усмешкай адмахваецца галоўны герой вечара. — Ніводная прэм’ера не праходзіць без унутранага трымцення. Калі я не захвалююся, то не адгукнецца глядзельная зала, бо не складзецца рэфлекторная дуга. Што ёсць тэатр? Гэта ўзаемадзеянне паміж дзеяй на сцэне і гледачом.

З залы да Генадзя Сцяпанавіча таксама прыходзілі пытанні. У адной з цыдулак папрасілі назваць першую асацыяцыю са словам “тэатр”.

— Роздум, — адказаў Аўсяннікаў. — Хацелася б, каб менавіта так было, калі чалавек прыходзіць на спектакль.

Мінчане маюць сапраўдную раскошу пабачыць знакамітага артыста на купалаўскай сцэне — у пастаноўках “Вечар”, “Людзі на балоце” і “Пан Тадэвуш”. А яшчэ спадар Аўсяннікаў рэпеціруе новы спектакль. У ліпені ён з’явіцца ў прэм’еры “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

— Генадзь Сцяпанавіч — нацыянальная каштоўнасць краіны. Старэйшы чалавек — так вельмі трапна гавораць палякі пра такіх, як ён. Дзякуючы гэтай асобе, якая столькі гадоў працуе ў тэатры, ведала ўсіх легендарных артыстаў, на свае вочы бачыла росквіт Купалаўскага, а цяпер перадае свой досвед моладзі, мы існуём. Аўсяннікаў — карэнні Купалаўскага! — падзячыў акцёру напрыканцы вечара мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"