Творцы ў Калегіуме

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

У Аршанскай гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі ў чарговы раз завершана рэалізацыя штогадовага праекта “Калегіум”. Сёлета выстава асаблівая — дзясятая, юбілейная. Доўгатэрміновая акцыя распачалася ў 2009 годзе. Назва — невыпадковая: у перакладзе з лацінскай яна абазначае “таварыства”, “садружнасць”.

/i/content/pi/cult/738/16019/5.JPGАпрача таго, галерэя сённямесціцца менавіта ў колішнім езуіцкім калегіуме. У яе сценах пастаянна збіраюцца людзі, якія мысляць крэатыўна, там фарміруюцца новыя традыцыі і прэзентуюцца аўтарскія эксперыменты.

Кожная выстава — сімвал паяднання мастакоў з розных краін. Геаграфія праекта год ад году пашыраецца.Тут ужо выстаўляліся творцы з Беларусі, Расіі, Балгарыі, Арменіі, Малдовы, Украіны, Германіі, Ізраіля і Латвіі. Буйнеюць і маштабы. У першы год рэалізацыі праекта свае творы ў Калегіуме прэзентавалі каля 20 аўтараў. Цяпер іх — 85.

Партрэты і пейзажы, абстрактныя і рэалістычныя кампазіцыі, нацюрморты і тэматычныя карціны... У экспазіцыі, якая налічвае больш за 150 работ, прадстаўлены самыя розныя жанры.

Работы маладых аўтараў суседнічаюць з творамі народных і заслужаных мастакоў. Сярод пастаянных удзельнікаў акцыі — знаныя майстры Анатоль Жураўлёў, Мікалай Таранда — аршанскія мастакі, куратары выставы, а таксама мастакі з Расіі — Валерый Ляшэнка, Генадзь Русецкі, Міхаіл Цыбульскі.

Аляксандра ЧАРНЯК,
навуковы супрацоўнік Аршанскай гарадской мастацкай галерэі
Віктара Грамыкі