Каб кожны тут пачуваўся як дома

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

29 сакавіка пасля капітальнага рамонту быў адкрыты інтэрнат для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На ўрачыстай цырымоніі Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар павіншаваў студэнтаў з улазінамі.

/i/content/pi/cult/738/16017/4.JPG— За кароткі тэрмін пры падтрымцы рэспубліканскага бюджэту, рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі і сродкаў Акадэміі музыкі мы змаглі ўвесці ў эксплуатацыю такі цудоўны дом для студэнтаў. Ён вельмі камфартабельны, мае сучасную інфраструктуру: ёсць і Wi-Fi, і спартзала, а ў кожнага студэнта ў жылым пакоі стаіць наша фартэпіяна “Беларусь”, — адзначыў міністр культуры.

Капітальны рамонт распачаўся ў 2014 годзе. За гэты час будынак 1973 года літаральна пераўвасобіўся: былі “зрэзаныя” балконы, умацаваныя міжпаверхавыя перакрыцці, адрамантаваны дах. Таксама цяпер на кожным паверсе з’явіліся кухні, зоны адпачынку і стацыянарная пральня. Акрамя гэтага, будуць спецыяльна арганізаваныя аўдыторыі для заняткаў студэнтаў факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Інтэрнат разлічаны на 661 жыхара. Гэта значыць, што цяпер Акадэмія музыкі можа забяспечыць месцам пражывання ўсіх сваіх іншагародніх студэнтаў.