Імёны ля Брамы памяці

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Дзесяць аднолькавых пліт з фібрабетону ў цэнтры спярэшчаныя літарамі. Толькі падышоўшы бліжэй, можна зразумець, што гэта імёны — тых дзесяці тысяч жыхароў Аўстрыі, якія былі закатаваныя нацыстамі ў мінскім канцлагеры Малы Трасцянец. Манумент “Масіў імёнаў”, адкрыццё якога адбылося 28 сакавіка з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца, распачынае новую частку мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”, якая падкрэслівае, што трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны аб’ядналі ўсю Еўропу. Тут, на ўскраіне Мінска, знайшлі свой спачын прадстаўнікі многіх нацый.

/i/content/pi/cult/738/16016/226333-01-S+.jpg

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц
на адкрыцці помніка ахвярам нацызму “Масіў імёнаў” на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. 
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА

Як адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, гэты мемарыял — напамін пра тое, што свет вельмі крохкі, а чалавечае жыццё — бясцэннае. Пра тое, як далёка можа завесці агрэсія, якая бярэ верх па-над здаровым сэнсам, непамерныя палітычныя амбіцыі, антынавуковыя і антычалавечныя тэорыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што манумент “Масіў імёнаў” не толькі вяртае з нябыту імёны тысяч ахвяр — ён сімвалізуе памкненне новых пакаленняў захоўваць памяць пра сваіх продкаў.

Па словах Себасцьяна Курца, гэтае жахлівае месца павінна служыць для нашчадкаў перасцярогай, падкрэсліваючы дэвіз “Ніколі зноў”. Як адзначыў канцлер Аўстрыі, пахаваўшы сваіх ахвяраў у масавых магілах, забойцы імкнуліся пазбавіць іх імёнаў. І таму сёння сучаснік павінен зрабіць хаця б тое, што ў яго сілах, каб гэтыя імёны былі ўвекавечаныя.


Напярэдадні адкрыцця ў Трасцянцы помніка грамадзянам Аўстрыі карэспандэнт “К” сустрэўся з адным з яго аўтараў — скульптарам Канстанцінам КАСЦЮЧЭНКАМ. Менавіта ён у 2015 годзе стварыў цэнтральны манумент трасцянецкага мемарыяла — “Браму памяці”. І вось — новы твор у супрацы з аўстрыйскім архітэктарам Даніэлем Занвальдам.

— Як скульптар я адштурхоўваўся ад той ідэі, якую прапанаваў архітэктар, — тлумачыць спадар Канстанцін сваё мастацкае рашэнне. — Гэтыя дзесяць калон сімвалізуюць дзесяць цягнікоў, на якіх аўстрыйскіх грамадзян прывозілі нібыта на новае месца жыхарства, а насамрэч — на смерць. Назва помніка — “Масіў імёнаў”, бо ад гэтых людзей толькі імёны і засталіся. У Трасцянцы загінулі прадстаўнікі шмат якіх нацыянальнасцяў, але канкрэтна з Аўстрыі, з Вены сюды прывозілі менавіта яўрэяў. Таму архітэктар імкнуўся зрабіць так, каб помнік адлюстроўваў бы гэты факт і сваім характарам адпавядаў яўрэйскай рэлігійнай традыцыі. Маёй жа справай як скульптара было адаптаваць гэтую ідэю да ўжо існых складнікаў мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”.

/i/content/pi/cult/738/16016/2.JPG— Ці прадугледжвае канцэпцыя мемарыялу ягонае далейшае развіццё? У прыватнасці, з’яўленне новых скульптурных аб’ектаў?

— Так. Яшчэ на стадыі праектавання мемарыялу яго галоўны архітэктар Ганна Аксёнава прапанавала закласці алею, дзе любая з дзяржаў, чые грамадзяне загінулі тут, магла б паставіць свой помнік. Нешта падобнае, дарэчы, ужо ёсць у Бухенвальдзе. “Вуліца нацый” — 18 пілонаў з назвамі краін, жыхары якіх былі вязнямі канцлагера. Ідэя знайшла падтрымку, і цяпер яна паступова рэалізуецца. Алея даўжынёй больш за паўкіламетры пачынаецца ад “Брамы памяці” і цягнецца ў бок Шашкоўкі, дзе былі ямы-печы, у якіх спальвалі забітых. Аўстрыя першай выступіла з ініцыятывай ушанаваць на нашай зямлі памяць сваіх грамадзян — ахвяраў фашызму.

— Як новыя складнікі мемарыяла ўпісаліся ва ўжо сфарміраванае архітэктурнае асяроддзе?

— Мяркую, новы помнік вельмі добра ў яго ўпісаўся. Аўстрыйскі бок падышоў да справы вельмі сур’ёзна. Спачатку была грамадская ініцыятыва па стварэнні такога помніка. Потым — рашэнне ўрада Аўстрыі. Затым адбыўся архітэктурны конкурс. У ім перамог праект Даніэля Занвальда. Наступны крок — яго абмеркаванне з беларускімі спецыялістамі. Архітэктары “Мінскпраекта” ўнеслі пэўныя заўвагі, якія былі ўлічаныя. Вызначалася месца, дзе будзе стаяць помнік, карэктаваліся памеры і сілуэт. Каб манумент не выпадаў з агульнай кампазіцыі, яго праект быў узгоднены з Ганнай Аксёнавай.

— Цэнтральны аб’ект мемарыяла — ваша “Брама памяці”. Цяпер кожны новы манумент у Трасцянцы павінен так ці інакш скарэкціравацца пад яе. Пэўна, менавіта таму аўстрыйцы звярнуліся да вас?

— Год таму ў Мінск прыязджала вялікая аўстрыйская дэлегацыя. І разам з імі я з’ездзіў у Трасцянец. Я выказаў свае ідэі адносна далейшага развіцця мемарыяла, адказаў на іх пытанні. І пасля гэтага яны запрасілі мяне паўдзельнічаць у праекце дзеля рэалізацыі ідэі помніка Даніэля Занвальда.

— На вашу думку, ці варта такі аб’ект, як мемарыял “Трасцянец”, “замацоўваць” за адным скульптарам — дзеля захавання стылістычнай паслядоўнасці? Або наадварот — розныя аўтары могуць прынесці паліфанічнасць бачання тэмы?

— Асабіста мне было б цікава паглядзець, як на гэтым мемарыяле будуць выяўляць свае творчыя здольнасці і іншыя аўтары. Цалкам магчыма, што іншая дзяржава прапануе нейкім іншым скульптарам, нашым ці сваім, папрацаваць над далейшым развіццём мемарыяла. Не думаю, што ў гэтай сітуацыі хтосьці можа валодаць манаполіяй. Тым больш, тыя аб’екты, якія ўсталёўваюцца на гэтай тэрыторыі, для грамадства вельмі значныя. Яны застануцца ў гісторыі. А за месца ў гісторыі, зразумела будзе канкурэнцыя. Творчая канкурэнцыя, я падкрэслю! І гэта абсалютна нармальна.

/i/content/pi/cult/738/16016/3.JPG— А калі вы ўпершыню звярнуліся да тэмы Трасцянца?

— Калі пасля заканчэння акадэміі вучыўся ў нашай мастакоўскай аспірантуры — Акадэмічных майстэрнях Савіцкага. Маім кіраўніком быў Леў Мікалаевіч Гумілеўскі. Там я і зрабіў кампазіцыю “Брама памяці”.

— Ці спадзяваліся тады, што ваш праект будзе рэалізаваны?

— Кожны мастак марыць, што ягоныя ідэі будуць увасоблены ў нейкіх значных для грамады аб’ектах. Канешне ж, і я марыў…

— У мемарыялах, створаных за савецкім часам, дамінуе фігуратыўная скульптура. Цяпер звыклым стаў зварот да абстрактных форм. Вось і аўстрыйскі помнік для Трасцянца — зусім не фігуратыўны. Чым вы тлумачыце гэтыя змены?

— У параўнанні з часам, які вы згадалі, у мастака з’явілася больш выяўленчых магчымасцяў, больш свабоды ў рэалізацыі сваіх ідэй. У прыватнасці, грамада даспела да ўспрымання нефігуратыўнай пластыкі. Адносна нядаўна мала хто б адважыўся прадставіць нейкі абстрактны аб’ект на сур’ёзны конкурс. Цяпер гэтым нікога ўжо не здзівіш: на агульнарэспубліканскія мастацкія конкурсы акрамя звыклай для нас скульптуры прапаноўваюць таксама і работы нестандартныя, пазбаўленыя нават намёку на фігуратыўнасць. І часта яны па сваім эмацыйным складніку, па сэнсавай напоўненасці ні каліва не саступаюць пластыцы традыцыйнай. Я лічу, што адыход ад рэалістычных традыцый — не даніна модзе, а праява новага мыслення, новы далягляд у скульптуры.

— Я бачу ў вашай майстэрні скульптуры ў рознай стылістыцы. Няўжо вам самому ў часе працы не цяжка перастройвацца з рэалістычных форм на абстрактныя?

— Не. У звязку з гэтым я хачу сказаць добрае слова пра нашу Акадэмію мастацтваў, якая рыхтуе спецыялістаў шырокага профілю. Найперш, канешне ж, у нас вучаць фігуратыўнай пластыцы. І я сам ужо перадаю гэты вопыт сваім студэнтам. Аднак, нягледзячы на пэўныя прыярытэты, студэнты маюць поўную творчую свабоду. Калі ў цябе ёсць цікавыя ідэі, якія патрабуюць нестандартнага падыходу, нязвыклай стылістыкі, дык ніхто не стане замінаць іх увасобіць. Што да мяне… Той ці іншы стылістычны ход або пластычнае рашэнне мне падказвае сама тэма. Гэта мой прынцып, і гэтаму я вучу маладзейшых.


Імёны ля Брамы памяці

Ілья СВІРЫН


Колішнія дзеці — а цяпер ужо глыбокія пенсіянеры — якія цудам не патрапілі ў тыя цягнікі, што рушылі з нямецкіх і аўстрыйскіх гарадоў у нікому невядомы там Мінск, распавядаюць пра свае маладыя гады. Пра сям’ю, школу, захапленні. Пра таварышаў па гульнях, чые імёны сёння выгравіраваныя на “камянях спатыкнення” ў брукаванцы знаёмых вуліц.

Насуперак сучасным трэндам, у стужцы няма пастановачных эпізодаў. Толькі старыя фота, інтэрв’ю і сучасныя здымкі. Тым не меней, уздзейнічае яна вельмі пераканаўча. Дагледжаныя вуліцы еўрапейскіх гарадоў утойваюць памяць пра тыя драматычныя падзеі, якія сёння нават не ўкладаюцца ў галаву.

Пасля паказу сцэнарыст фільма Барыс Герстэн нагадаў вядомую ўсім акалічнасць, пра якую мы, аднак, часам забываем. Цяперашняе пакаленне — ужо апошняе, якое можа асабіста пагутарыць са сведкамі вайны. Змяніць гэты стан рэчаў ніхто не можа — па зразумелых прычынах. І менавіта таму вельмі важна паспець зафіксаваць сведчанні тых людзей.

Важна хаця б па адной прычыне. Статыстыка — а менавіта ў яе, як вядома, пераўтвараецца смерць мільёнаў — не здатная ўздзейнічаць на чалавечую свядомасць настолькі ж моцна, як канкрэтныя асабістыя гісторыі. Тут у гледача спрацоўвае просты прынцып: ты ставіш сябе на месца героя фільма.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"