Palina і яе новы “красавік”

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

8 красавіка ў Мінску спявачка, раней вядомая беларускаму слухачу пад псеўданімам Рэспубліка Паліна, пасля вялікага перапынку прэзентуе свой новы альбом. Цягам гэтых чатырох гадоў Паліна ПАЛАНЕЙЧЫК не толькі даглядала свайго маленькага сына Сцёпу, але вучылася музыцы, змяніла псеўданім на Palina і займела немалы поспех на ўкраінскім тэлешоу “Х-фактар”. Апошнім часам яна багата гастралюе па суседняй краіне, але прызнаецца, што ў Беларусі адчувае сябе лепей. Я сустрэлася са спявачкай, каб пагаварыць пра яе новы музычны досвед, пераасэнсаванне сваёй творчасці і прафесійныя клопаты.

/i/content/pi/cult/737/16013/22.JPGПра новыя магчымасці і жаданні

— У 2015 годзе вы надоўга прыпынілі канцэртную дзейнасць. Што новага для сябе адкрылі за гэты час перапынку?

— Я ўжо даўно пачала вывучаць кампутарныя праграмы па стварэнні музыкі. Аднак раней у мяне не было сістэмнага падыходу, які я нарэшцэ атрымала на курсе па электронным софце Ableton light у школе Уладзімера Патапенка. Дзякуючы яму я зразумела, як рабіць музыку! Сёння магчымасці тэхнікі дазваляюць працаваць з гукамі розных інструментаў. З дапамогай клавіятуры сінтэзатара можна сыграць што заўгодна. Цяпер я ведаю як. І кожны гук для мяне — асэнсаваная праца.

Потым я хадзіла на курс па імправізацыі і кампазіцыі да Аляксея Варсобы. Гэта было занурэнне ў метафізіку музыкі, якое моцна мяне натхніла. Маю намер працягваць вучобу, але для гэтага мне пакуль не хапае часу. Ёсць планы і нават канкрэтныя прапановы, якімі займуся, калі закрыю ўсе цяперашнія дэдлайны.

— Цяпер вы зазвычай выступаеце з сінтэзатарам. Раней вас часцей можна было ўбачыць з гітарай. З чым звязана такая эвалюцыя?

— Раней я не грала на сінтэзатары, бо ў мяне быў гэткі комплекс вучня перад іспытам. Увесь час падавалася, што калі я вазьмуся за клавішы, мяне будуць ацэньваць суворыя настаўнікі. Каб пераадолець гэты страх, я ўсё ж грала на канцэртах некалькі песень, хаця вельмі баялася схібіць. А потым на адным украінскім фэсце ўзнікла нейкая тэхнічная праблема, і мне давялося граць на чужым сінтэзатары. І вось пасля гэтага форс-мажору мне стала лягчэй!

Я ўжо далёка адышла ад класічнага рок-фармату. Калі толькі пачынала граць, думала, што ўсё павінна быць так: барабаншчык, гітарыст, бас-гітарыст… Аднак цяпер мне хапае аднаго кампутара, каб атрымаць розныя гукі, якія я сама не змагла б запісаць у студыі. У новым альбоме можна пачуць нават егіпецкія інструменты! З іншага боку, гэта ўсё ж штучныя гукі, з якімі не атрымаецца такі груў, як з жывой музыкай.

— Не было жадання зноў сабраць свой бэнд з жывымі інструментамі?

— Жаданне ёсць. Апошнім часам спрабую рабіць сумесныя праекты — як, напрыклад, live-відэа з Intelligency, якое выйшла сёлета. Уласна, я і імкнуся вучыцца, каб у будучыні растлумачыць іншаму музыканту, чаго ад яго хачу. Вельмі цяжка і нявесела граць адной. Але ж я пакуль не знайшла аднадумцаў, да таго ж не магу пракарміць музыкай нават сябе, дык што ўжо гаварыць пра цэлы гурт. Нават па лагістыцы для арганізатараў канцэртаў зручна запрашаць аднаго чалавека. Бо музыка — гэта адна справа, а ёсць яшчэ фінансавыя і тэхнічныя варункі.

— Ці не павінен усімі арганізацыйнымі справамі займацца менеджар?

— Так, павінен. Аднойчы я вырашыла запісаць на паперы ўсе свае справы — і зразумела, куды ж сыходзіць увесь час, якога мне заўсёды не хапае. Кожны раз калі думаю, як зрабіць наступны канцэрт, з’яўляецца такая колькасць пытанняў, якія трэба вырашыць самой! На музычны канцэпт часам нават не застаецца сіл. Разумею, што мне патрэбны менеджар, і шукаю чалавека, на якога магла б перакласці пэўную частку адказнасці. Аднак мне ж трэба будзе забяспечыць яму фінансаванне. Цяпер увесь заробак з канцэртаў укладаю ў наступныя выступы, крыху грошай яшчэ застаецца на звядзенне трэкаў. Нядаўна мне сказалі: “Добра, што ты ўсё сама ўмееш, але адна ты не зможаш пашырыць свой фармат”. Я была б вельмі шчаслівая мець уласную каманду.

Пра досвед і важныя знаёмствы

— У вас быў істотны досвед на шоу “Х-фактар”, дзе вы вельмі спадабаліся публіцы і затрымаліся на пэўны час. Ці атрымалася там за штосьці зачапіцца?

— Калі ты ўдзельнічаеш у падобных шоу, то мусіш зразумець, што наўрад ці там з зробяць з цябе крутога артыста. Ты можаш выпрабаваць сябе, аднак што гэта дасць? Можа, хіба вялікі ахоп аўдыторыі, новых падпісчыкаў у сацсетках... Гэта складаная тэма, звязаная са шматлікімі расчараваннямі. Я цяпер зразумела, што на шоу асабліва не варта спадзявацца. Хаця за час удзелу ў “Х-фактары” мне і сапраўды ўдалося атрымаць цікавы досвед. Напрыклад, пабывала на студыі, дзе працуе прадзюсар Насты Каменскіх, Патапа, гурта “Время и Стекло”. Я бачыла, як там усё робіцца. Уразіла тое, што для іх няма такога слова, як “немагчыма”. Спатрэбілася раптам зрабіць шлем адзінарога — праз гадзіну ён ужо гатовы!

— Ва Украіне добра развіты шоу-бізнес. Артысты часта звяртаюцца па дапамогу да вядомых прадзюсараў або лэйблаў. Ці не думалі вы скарыстацца такой магчымасцю?

— Прадзюсар — гэта той чалавек, які робіць з артыста брэнд. Калі ты маеш цікавы матэрыял, добрую знешнасць і ведаеш, чаго хочаш, тады прадзюсар падумае, ці не варта яму ўкласці ў цябе свае грошы. Можна таксама працаваць з лэйбламі, але ў іх вельмі нязручныя ўмовы: яны абяцаюць прасоўванне па сістэме 70 на 30 — большая частка аддаецца лэйблу. Яны забіраюць правы на тваю музыку, а потым часам нічога з ёй не робяць. Тым не меней, шмат хто гэтай сістэмай карыстаецца. 

Пра асаблівы стыль

— Мы размаўлялі пра артыста як брэнд. Як вы адчуваеце, новая Palina — гэта ўжо брэнд?

— Я зразумела, якія раней рабіла памылкі. Напрыклад, у мяне былі папулярныя трэкі: у Беларусі і Украіне “Сарафан”, а ў Расіі — больш “Як ты”. Іх чулі і перапявалі шмат людзей, але ніхто не ведаў, што я аўтарка гэтай музыкі. Я не рабіла пэўныя крокі для таго, каб мая творчасць дапасоўвалася ў свядомасці публікі да маёй персоны. Атрымалася, што трэкі існуюць быццам самі па сабе, а я асобна. Таму не думаю, што ўжо сёння я з’яўляюся брэндам. У мяне нават старонка на YouTube пачала развівацца толькі сёлета, хаця спяваю ўжо сем гадоў.

— Аднак за апошні год ваша дзейнасць займела выразны візуальны складнік: з’явіліся прыгожыя афішы, кліп, і нават сваё адзенне вы абіраеце так, каб яно гарманічна дапасоўвалася да іміджу. Па гэтым стылі вас пачалі адразу пазнаваць.

— Файна, калі гэта сапраўды відаць. Мне вельмі дапамагае мая сяброўка Каця, якая працуе над усім візуальным матэрыялам, пачынаючы ад вопраткі і макіяжу і заканчваючы фотасесіямі і здымкамі кліпаў. Няма ніякага асаблівага канцэпту, нам проста цікава гэтым займацца. Аднак аднойчы Каця спытала, што я за артыст, і мне было цяжка адказаць. Я заўсёды розная: калі пішу музыку, калі граю тую ці іншую песню… Усё раблю інтуітыўна. Аднак пакуль мне падабаецца такі нерв у маёй творчасці, цікава жыць з гэтым імпульсам, нават не маючы пэўнай канцэпцыі.

— Вы адышлі ад бардаўскага фармату ў бок гэткага інды... Для некаторых старых песень нават запісалі новыя аранжыроўкі.

— У нашым асяроддзі лічыцца, што бардаўская песня — гэта пра душэўныя разважанні ў інтымнай атмасферы. Цяпер мне здаецца, што калі артыст вызначае свой жанр — гэта таксама маркетынгавы ход. Калі я стаўлю хэштэг #грустнаяпевица, няцяжка зразумець, што за ім хаваецца.

Пра сваіх слухачоў і новы альбом

— Як змянілася ваша аўдыторыя пасля творчага перапынку?

— Частка слухачоў адсеялася: можа, я не апраўдала іх надзеі ці перастала падабацца... Бываюць розныя водгукі, аднак, нягледзячы ні на што, шмат людзей у мяне паверылі і цяпер падтрымліваюць. Раней я думала, быццам на мае канцэрты прыходзяць толькі такія самыя дзяўчынкі, як я. Цяпер яны ўжо выраслі, але на канцэрты пачалі прыходзіць і дарослыя мужчыны. Спачатку гэта падалося дзіўным, а потым мне стала зразумела, што людзі ідуць сем’ямі. Таму я маю дастаткова шырокую аўдыторыю — і гэта матывуе!

Таксама большая частка маіх слухачоў успрымаюць мяне як спявачку-сяброўку. Мая аўдыторыя мусіць памарынавацца дзесьці год, перажыць са мной нейкую драму, складаны перыяд у жыцці, і толькі потым прыйсці на канцэрт. Можа таму яны так і ставяцца, паколькі думаюць, што я ўсё пра іх ведаю.

— Ужо 8 красавіка вы прадставіце свой новы альбом. Якім ён будзе?

— Я працую над ім ужо тры гады. Песні там з розных перыядаў жыцця: штосьці з гэтага эксперымент, штосьці — проста мая музычная думка, зафіксаваная ў часе, або зборнік замалёвак. Мой альбом — не нейкі канчатковы прадукт, і для мяне ён каштоўны як працэс, цягам якога я вельмі шмат чаго пераадолела, забіла свае страхі і комплексы. Праца ішла ўвесь час: дома, на лецішцы, нават у цягніку. Там будуць і мае старыя сінглы, і каля шасці новых трэкаў.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"