Нітка Арыядны і вузельчыкі нотак

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Сусветная прэм’ера фантасмагорыі “Ніці” адбылася летась на Міжнародным музычным фестывалі моладзі (FIMU) у французскім Бельфоры. А днямі ў крэатыўнай прасторы Оk16 гэты незвычайны канцэрт-спектакль мог убачыць і беларускі глядач.

/i/content/pi/cult/737/16008/16.JPGПраект яднае харавое мастацтва з харэаграфіяй, тэатралізаванымі інструментальнымі сола і відэапраекцыямі. Удзельнікі — Камерны хор Salutaris, Тэатр танца “Альтана” і салістка Dzivasil Trio Una (аkа Іна Перасецкая-Малаковіч). Сінтэз мастацтваў? Вядома. Але ён — не самамэта, а ўсяго толькі сродак, каб паўната эстэтычных уражанняў спалучылася з глыбокай сэнсавай асновай, здатнай выклікаць яшчэ і філасофскі роздум.

Назва праекта добра абыгрываецца ў афармленні афіш і праграмак — да кожнага з пальцаў чалавечай рукі прывязаны ніткі, што ператвараюцца ў пяць нотных лінеек. Насупраць — такая ж “прывязаная” рука, якая цягнецца быццам для прывітальнага поціску. Вузельчыкі — ноткі.

Знітаванасць нумароў, што выконваюцца без перапынку, утварае цэласную, непадзельную палатніну. Пра што? Пра наша жыццё — ад ранку да ночы, ад вясны да зімы, ад нараджэння да сыходу ў іншасвет. Выкшталцоныя апрацоўкі беларускіх народных песень (Андрэя Саўрыцкага, Канстанціна Яськова, Іны Перасецкай-Малаковіч, удзельніцы хору Настассі Бяндэрскай) спалучаюцца з аўтарскімі кампазіцыямі замежных творцаў і нашай Вольгі Вараб’ёвай. Прычым не па кантрасце — маўляў, вось нашае, а вось “чужое”. Наадварот, шукаюцца паралелі, працягваюцца нітачкі да ірландскага фольку, сучасных твораў кампазітараў Латвіі і ЗША.

Беларуская музыка ў такім кантэксце выступае “роўнай сярод роўных”, звязанай з агульнаеўрапейскімі і сусветнымі тэндэнцыямі. Дый прапанаваныя фальклорныя апрацоўкі не зусім звычайныя: у іх выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці харавой фактуры, сучасныя прыёмы, ашчаднае далучэнне інструментарыя — ад віяланчэлі да варгана і ўдарных, зварот да шэптаў-шоргатаў ды іншых шумавых эфектаў, якія часцей ужываюцца ў тэатры і кіно. Атрымліваецца гэткая імпрэсіянісцкая аўра, часам блізкая да медытацыі. На першы план выходзіць атмасфернасць.

Відэавыявы не ілюструюць песні, а надаюць ім папраўдзе касмічны аб’ём, змяшчаюць іх у шырокае асацыятыўнае поле, вытлумачанае ў тэксце праграмкі: нітка Арыядны, ніткі думак, лёсаў, душы, выпрабаванняў і смутку, клубок чалавечых адносін, вузельчыкі страт. Повязі ілюзій і ісціны, радасці і надзеі, здольныя залатаць “чорныя дзіркі”, тканіна часу, сусвету — любові ў яе самым шырокім разуменні.

Замест танцавальных прытупванняў-скокаў, якімі звычайна суправаджаюцца фальклорныя апрацоўкі, — сучасная пластыка, якая, тым не менш, вельмі тонка, бы на запаволенай хуткасці, працягвае тыя ж народна-абрадавыя дзеянні. Не забыты і ўласна “ніці”, у ролі якіх выступаюць доўгія чорныя шалікі і такія ж вялізныя, праз усю сцэнічную прастору, скруткі. Чым не спасылка на знакамітыя беларускія паясы ці ільняныя адрэзы-палотны?

Сувязь пластыкі са спевамі вызначаецца не толькі іх сінхранізацыяй, але і мабільнасцю саміх артыстаў хору. Спевакі ўвесь час рухаюцца, змешваюцца з танцорамі — зладжана і ў той жа час нязмушана. Не сыходзячы са сцэны, змяняюць сцэнічныя строі, блізкія да трансформераў. Утвараюць сваёй пластыкай ды пераходамі мудрагелістыя ніці-лініі — і тыя скручваюцца-раскручваюцца, рассыпаюцца на звёны і асобныя адзінкі, зноў збіраюцца ў шчыльнае кола, бы ў жывы клубок — гэткі “вузельчык на памяць”.

Salutaris і Тэатр танца “Альтана” на чале з Ганнай Корзік трымаюцца на вялізным энтузіязме ўсіх удзельнікаў. Рыхтуючы праграмы, яны самі выступаюць у ролі дызайнераў, мастакоў, стваральнікаў відэакантэнту, адміністратараў, распаўсюджвальнікаў квіткоў. Дарэчы, гэта быў не першы сумесны праект двух калектываў.

— Мы супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў, — распавяла кіраўнік хору Salutaris Вольга Янум. — “Альтана” далучалася да нас яшчэ ў 2016-м, калі мы атрымалі запрашэнне выступіць у Марыінскім тэатры Санкт-Пецярбурга на міжнародным фестывалі “Спеўная Масленіца”. Дый пазалетась наш 15-гадовы юбілей — сольны канцэрт у Нацыянальнай школе прыгажосці, дзе мы паказвалі “Беларускі альбом”, быў аздоблены харэаграфіяй Ганны Корзік. Цяперашняя праграма “Ніці” рыхтавалася да фестывалю ў Францыі. У праект было ўкладзена столькі сіл, што шкада было рабіць яго “аднаразовым”. Таму і сталі шукаць іншыя пляцоўкі. Акрамя Мінска, запланаваны паказы ў Брэсце і Санкт-Пецярбургу. Запрашаюць нас таксама ў Гомель, Віцебск, але без фінансавай падтрымкі ладзіць гастролі даволі складана.

Між тым, падобныя праграмы здольныя не толькі прынесці асалоду, але і змяніць само наша стаўленне да харавога мастацтва, зрабіць яго прыцягальным для моладзі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"