І ніякіх бляшанак!

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

21 сакавіка ў Магілёве распачаўся ХIV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”. Сярод асаблівасцей фестывалю асабіста я б падкрэсліла трывалую планамернасць, доўгія прэлюдыі і яшчэ больш працяглыя пасляслоўі. Праграма цяперашняга форуму была аб’яўлена адразу пасля навагодніх святаў. Квіткі пачалі прадавацца больш як за два месяцы да пачатку — з 15 студзеня. А новыя праекты і спектаклі, якія з’яўляюцца ў пазафестывальны час, часта аказваюцца насамрэч працягам мінулых форумаў, іх творчым вынікам. Як прыклад — “Жоўты пясочак” паводле Васіля Быкава ў пастаноўцы Камілі Хусаінавай. Пра гэты і многія іншыя фестывальныя пачыны і далейшыя планы мы гутарым з дырэктарам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэем НОВІКАВЫМ, які летась быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй “за ўнёсак у мастацтва”

/i/content/pi/cult/737/16005/11.JPG— На леташнім форуме мы ўбачылі эскіз “Пясочка”, падрыхтаваны рэжысёрам з вашымі артыстамі за некалькі фестывальных дзён. Праз некалькі месяцаў адбылася прэм’ера, а цяпер спектакль будзе прадстаўлены на чарговым “Кантакце”...

— А як іначай? Фестывалі на тое і патрэбныя. Можна, канешне, проста запрашаць цікавых гасцей, на якіх усе дзівіцца будуць. А можна і прызадумацца, як зрабіць, каб тыя госці таксама штосьці прыўнеслі ў нашу нацыянальную культуру. Адной з галоўных падзей мінулага форуму стала знаёмства з Генадзем Трасцянецкім і яго студэнтамі з Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў. Працягаў той сустрэчы было некалькі. Акрамя згаданага “Жоўтага пясочку”, у афішы тэатра літаральна месяц таму з’явіліся “Тры прыгажуні” ў пастаноўцы самога Трасцянецкага (Каміля была асістэнткай) пры падтрымцы Расійскага саюза тэатральных дзеячаў. А ў час цяперашняга форуму будуць рэпетыцыі эскіза “Мацярынскага поля” паводле Чынгіза Айтматава ў пастаноўцы яшчэ аднаго выхаванца гэтага курса — Уланмырзы Карыпбаева.

— Паспяховы эскіз, наколькі я разумею, можа зноў перарасці ў паўнавартасны спектакль. Чаго яшчэ чакаць неўзабаве ў вашым тэатры?

— Да 75-годдзя вызвалення Беларусі плануем музычна-пластычна-паэтычны спектакль-канцэрт. Далей, Міхаіл Лашыцкі будзе ставіць “Крэслы” Іанэска. Кацярына Аверкава — мальераўскага “Тарцюфа”.

— Напярэдадні форуму ваш тэатр гастраляваў у Літве з двума спектаклямі, паказаўшы іх адразу ў некалькіх гарадах. Тыя гастролі таксама можна лічыць наступствам “М.@rt.кантакта”, бо іх арганізатарам выступіла літоўскі тэатральны крытык, заснавальніца і дырэктар тэатральных фестываляў Марыя Танана — заўсёднік беларускіх форумаў.

— Гастролі былі, можна сказаць, чарговымі. Бо мы не ўпершыню выязджаем у суседнюю Літву. Да таго ж, гэта быў камерцыйны праект. Нягледзячы на пэўную напружанасць і начныя пераезды, усё прайшло паспяхова. Хаця спектаклі, як вы разумееце, былі зусім не фестывальнымі: “Дурнічка і зэк”, дзіцячая казка “Брыдкае качаня”. Што ж да форуму, то ён і сапраўды спрыяе наладжванню кантактаў. Праз нашы фестывалі мы і публіку выхоўваем, паказваючы ёй прыклады таго, якім розным па сваёй эстэтыцы можа і павінен быць тэатр.

— У свой час чарговую “эстэтычную рэвалюцыю”, калі можна так сказаць, зрабіў у вас рэжысёр Саўлюс Варнас з Літвы, які цягам пяці гадоў быў мастацкім кіраўніком тэатра. Незадоўга да цяперашняга форуму кантракт з ім скончыўся. Як вы цяпер без мастацкага кіраўніцтва?

— Сапраўды, пасада пакуль застаецца вакантнай. А пяць гадоў працы з Саўлюсам далі тэатру вельмі многа — найперш, выхад на новыя далягляды. На апошняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў фінал прайшлі ажно пяць нашых спектакляў — больш, чым у якога іншага тэатра. Нас прынялі ў Міжнародную лігу тэатраў “Шаўковы шлях” (раней з беларусаў туды ўступілі толькі Купалаўскі і Вялікі тэатры). Гэта стала вынікам паездкі Саўлюса Варнаса ў Кітай, дзе ён не толькі ўдзельнічаў у Міжнародным кірмашы перфарматыўных мастацтваў, але і выступіў з дакладам на канферэнцыі — распавядаў пра беларускае тэатральнае мастацтва і наш фестывальны рух. Уваходжанне ў такую прадстаўнічую арганізацыю дапаможа нам пашырыць гастролі, удзельнічаць у замежных майстар-класах, іншых адукацыйных і ўласна творчых мерапрыемствах, сумесных праектах.

— Што ж тады вы з гэтым рэжысёрам развіталіся?

— Гэта было няпроста. Але неардынарныя пастаноўкі Саўлюса звычайна выклікалі неадназначную глядацкую рэакцыю — як сярод шырокай публікі, так і сярод крытыкаў. Хтосьці яго манеру горача падтрымліваў, хтосьці — катэгарычна не прымаў. А мне хацелася б, каб новыя спектаклі нашага тэатра не падзялялі гледачоў на розныя лагеры, а, наадварот, ядналі іх. Таму ў планах — запрашэнне розных рэжысёраў. І, вядома, вельмі важнай задачай застаецца падтрымка ўзроўню трупы: нельга страчваць тое, што было назапашана.

— Пэўна, вы ў роздумах, каго запрасіць чарговым мастацкім кіраўніком?

— Роздумы былі б, калі б стаяла чарга з патэнцыйных “рулявых”. А гэтага пакуль не назіраецца: кандыдатаў, якія былі б здольныя ўзяць на сябе трупу, і якія, што немалаважна, хацелі б гэтага, штосьці пакуль не відаць. Што ні кажыце, цяжкая гэта праца!

— Хіба дырэктарам быць лёгка? Ды яшчэ шмат гадоў запар. Што для вас самае складанае?

— Ды ўсё! Асабліва бачыць, як жывуць артысты. Бо жывуць яны не заможна. І пры гэтым дбаюць пра высокія мастацкія задачы.

— А што тады дапамагае?

— Само мастацтва. Дзяржава дапамагае тэатрам, як можа. Але трэба шукаць і ўнутраныя рэсурсы. А галоўнае — вытрымліваць разумны баланс. Бо і грошы зарабляць трэба, і ў масавую культуру скочвацца нельга. Вось і шукаем, як гэта ўраўнаважыць.

— Для прыцягнення публікі, як я неаднойчы заўважала, у вас шмат чаго робіцца.

— Займаецца гэтым загадчыца літчасткі Вольга Семчанка. Яна і журналістам спаць не дае, і з тэлебачаннем добра кантактуе. І хаця аўдыторыя ў нас размаітая, радуе, што ў тэатр ходзіць многа моладзі. А сёння так здараецца далёка не паўсюль.

— Чым моладзь прыцягваеце?

— Не толькі ў час форуму, але і па-за яго межамі ладзяцца сустрэчы з пастаноўшчыкамі, артыстамі. Спачатку запрашалі туды СМІ, але цяпер усё часцей выходзім на размовы з самым шырокім колам гледачоў, і моладзь, дарэчы, імкнецца праявіць актыўнасць. Сустрэчы праходзяць не толькі ў самім тэатры, але і на іншых пляцоўках: у абласной бібліятэцы, кнігарні “Чытайбург”. Такія праекты бываюць сумеснымі — з аддзелам мастацтваў згаданай бібліятэкі (традыцыйныя “Снежаньскія сустрэчы”), з Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў, кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, інфармагенцтвам “Магілёўскія ведамасці” і Магілёўскай абласной арганізацыяй Беларускага саюза журналістаў (літаратурна-журналісцкі клуб “Апошні экзэмпляр”). Шэраг сустрэч адбываецца непасрэдна ў навучальных установах — не толькі ў вышэйшых, але і ў школах. Дый вакол форуму Вольга моладзь згуртоўвае, ладзіць штосьці накшталт нефармальнага Клуба маладых журналістаў, удзельнікі якога дапамагаюць тэатру.

— А што такое тэатр асабіста для вас?

— Цяпер, на 19-м годзе маёй працы ў тэатры, я магу ўжо сказаць, што ён стаў маім жыццём.

— Няўжо ў дзяцінстве тэатр вас не ўразіў?

— Не, я стаў дырэктарам не таму, што з дзяцінства ў яго закахаўся. Я рос у горадзе, дзе тэатра не было. І ўпершыню патрапіў сюды толькі на першым курсе, калі стаў студэнтам Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова: я вучыўся на гістарычным факультэце.

— І што гэта быў за спектакль?

— Ужо не памятаю, але штосьці з ранніх пастановак Мікалая Пінігіна: ён у другой палове 1980-х шмат у нас ставіў. І я ўсё пераглядзеў!

— Мабыць, дзяўчыну вадзілі? Дзеля рамантыкі.

— Ды ніякай рамантыкі! Чаму вы лічыце, што хлопцу тэатр не можа быць цікавы? Я з дзяцінства быў звязаны з мастацтвам. Бацька — прафесійны музыкант. Маці — літаратар. Па заканчэнні навучання выкладаў гісторыю ў школах, ліцэях — у тым ліку, і гісторыю мастацтваў. Усё вельмі празаічна.

— А вось і не! Летась, калі тэатр святкаваў 130-годдзе, увесь калектыў сфатаграфаваўся з шарыкамі ў руках. Гэта ж так рамантычна!

— Дык не я ж гэта прыдумаў.

— Але вы не сказалі “не”! А як дырэктар, маглі б і забараніць: маўляў, хто тут гаспадар?

— Я ўвогуле рэдка гавару “не”, асабліва ў галіне творчага працэсу.

— Любіце ўхваляць?

— І ўхваляць не люблю. Ды заўсёды іду насустрач. Потым, здараецца, сам сябе ўпікаю: ну чаму не сказаў “не”? Грошы б сэканоміў. Але творцу заўжды трэба даць магчымасць паспрабаваць выказацца так, як ён лічыць патрэбным. Роля арганізацыйна-адміністрацыйных структур — забяспечыць яму для гэтага ўмовы. Каб потым не ляжаў цяжар віны (можа, і падманны), што ты не даў магчымасці ўзрасці чамусьці перспектыўнаму. Толькі так мастак можа развівацца — шляхам уласных спроб і, магчыма, памылак.

— А сам мастак свае недахопы бачыць?

— Ды кожны адэкватны чалавек іх разумее, толькі не ўсе прызнаюцца, асабліва публічна. Але ж мы не кансервавыя бляшанкі выпускаем!

— Замест іх — спектаклі ды форумы. Што вылучылі б у сёлетняй фестывальнай афішы?

— Праграма (а ў ёй 23 спектаклі з дзесяці краін) складзена пад дэвізам “Класіка і сучаснасць”. Вельмі хацеў прывезці замежныя пастаноўкі сучасных п’ес, якія ставіліся ў Беларусі: “С училища”, “Чалавек з Падольска” — і гэта здзейснілася. Журы, як мы практыкуем апошнім часам, не сталі склікаць. Але найлепшы спектакль вызначым: па версіях прафесійных крытыкаў, маладых крытыкаў і журналістаў, глядацкага галасавання, інтэрнэт-апытання. Інтрыга застаецца да апошняга! Вынікі будуць падведзены позна ўвечары 27-га, пасля апошняга прагляду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"