Лёс апошняга рэктара

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Красавік 1923 года. У Віцебскім мастацка-практычным інстытуце — калысцы знакамітай мастацкай школы — праходзіць рэвізія. Губернскі аддзел Рабоча-сялянскай інспекцыі правярае дзейнасць гэтай навучальнай установы пачынаючы з 1918 года. Рэвізоры вынікамі праверкі не задаволены: па іх меркаванні, інстытут не адпавядае свайму прызначэнню. Дрэннае ўражанне ў інспектараў выклікае і выстава студэнцкіх работ, большасць з якіх выканана ў авангардным стылі. У заключэнні камісіі адзначана: інстытут “мае за сабой выключна адмоўныя бакі, якія заключаюцца ў прычыненні шкоды рэспубліцы сваім існаваннем”. Не задавальняе і постаць кіраўніка навучальнай установы: ён “не атрымаў адпаведнай навуковай падрыхтоўкі для заняцця месца рэктара ў вышэйшай школе”. У прынцыпе, гэта праўда, але…

/i/content/pi/cult/736/15996/24.JPGУчорашні справавод

Гаворка ішла пра апошняга рэктара Віцебскага мастацка-практычнага інстытута Івана Трафімавіча Гаўрыса. Нарадзіўся ён у 1890 годзе ў вёсцы Кухчыцы, што на Міншчыне. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў працаваць справаводам Віцебскага губваенкамата. Але цяга да адукацыі ўзяла сваё.

У 1918 годзе Іван — чый век тады быў ужо зусім не студэнцкім — паступае на фізіка-хімічны факультэт Віцебскага настаўніцкага інстытута. А ўжо ў наступным годзе, калі ў горадзе пачала працаваць заснаваная Маркам Шагалам Народная мастацкая вучэльня, Гаўрыс ідзе вучыцца туды.

Учорашні справавод робіцца сведкам знамянальных для сусветнай мастацкай культуры падзей. Па запрашэнні Шагала ў Віцебск адзін за адным з’язджаюцца выдатныя мастакі з Петраграда і Масквы: Мсціслаў Дабужынскі, Вера Ермалаева, Лазар Лісіцкі, Казімір Малевіч… Пасля іх з’яўлення культурнае жыццё закіпела з небывалай для невялікага правінцыйнага горада сілай. У Віцебску ствараецца першы ў савецкай краіне музей сучаснага мастацтва — на аснове калекцыі карцін, якая была накіравана з Петраграда Аддзелам выяўленчых мастацтваў Наркамасветы. Народнае мастацкае вучылішча пераўтвараецца ў Віцебскія дзяржаўныя свабодныя мастацкія майстэрні, а затым у Мастацка-практычны інстытут. У 1920 годзе па ініцыятыве Малевіча і Ермалаевай на базе гэтай навучальнай установы ствараецца аб’яднанне левых мастакоў УНОВИС — “Утвердители нового искусства”. Яго членам становіцца і Іван Гаўрыс. Неўзабаве ён уваходзіць у Творчы камітэт аб’яднання.

Адэпт новага мастацтва

У майстэрнях, дзе тварылі ўновісаўцы, работа кіпела і дзень, і ноч. Планы былі грандыёзныя: яны ўключалі распрацоўку праектаў мэблі, розных інтэр’ераў, архітэктурных аб’ектаў, у тым ліку ўтылітарных будынкаў, прадметаў побыту, афармленне кніг…

Лідар новага руху Казімір Малевіч пісаў: “Як у нашым тэхнічным жыцці: мы не можам карыстацца толькі караблямі, на якіх ездзілі сарацыны, — так і ў мастацтве мы павінны шукаць формы, якія адпавядаюць сучаснаму жыццю... Тэхнічны бок нашага часу ідзе ўсё далей наперад, а мастацтва стараюцца пасунуць далей назад. Вось чаму больш высокія, значныя і каштоўныя тыя людзі, якія ідуць за сваім часам”.

Гаўрыс актыўна ўдзельнічае ў творчай дзейнасці УНОВИСа, з’яўляецца членам студэнцкага камітэта. У чэрвені 1920 года разам з 60 сваімі аднакашнікамі ён ездзе ў Маскву на 1-ю Усерасійскую канферэнцыю навучэнцаў Дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрняў.

/i/content/pi/cult/736/15996/22.JPGЯк мастак, Іван Гаўрыс адразу аддае перавагу авангарду: кубізму, футурызму, супрэматызму. У інстытуце ён хутка займеў рэпутацыю аднаго з найбольш верных вучняў Малевіча і Ермалаевай.

Са студэнтаў — у рэктары

Менавіта апошняя заняла месца кіраўніка ўстановы пасля таго, як у 1920 годзе Шагал пакінуў Віцебск. У 1921 годзе, калі Гаўрыс яшчэ толькі вучыўся на трэцім курсе, ён, як чалавек ужо даволі сталага ўзросту, быў прызначаны Ермалаевай на пасаду яе намеснікам. А падчас камандзіровак рэктара Іван ажыццяўляе кіраўніцтва інстытутам — не спыняючы пры гэтым навучанне ў ім!

Тое, што студэнт стаў прарэктарам, тлумачыцца вельмі проста. Да таго часу з-за дрэнных умоў, у якіх тады апынулася ВНУ, Віцебск пакінулі многія з мастакоў, якія не так даўно сюды прыехалі ў надзеі перажыць тут нішчымніцу. Пазней Гаўрыс так успамінаў гэты час: “Інстытут у 1921 — 1922 гг. перажываў незвычайна цяжкія эканамічныя ўмовы. Выкладчыкі галадалі, у Малевіча з-за голаду развіліся сухоты. Былі прададзены неабходныя асабістыя рэчы. Падтрымкі і інструктавання як ад “Галоўпрафорба”, так і “Губпрафорба” і прафорганаў не было. Інстытут быў кінуты на волю лёсу”.

У 1922 годзе Гаўрыс заканчвае навучанне ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце і атрымлівае званне “майстра выяўленчых мастацтваў па жывапісе і малюнку”. Тады разам з Іванам дыпломнікамі сталі 11 чалавек — і тут жа разляцеліся па свеце. Большасць услед за Малевічам з’ехала ў Петраград. У Віцебску з выпускнікоў застаўся адзін Гаўрыс — што сведчыць пра яго адданасць інстытуту.

Ажыццявіўшы выпуск навучэнцаў, з’язджае і Ермалаева. Праз адсутнасць іншых кандыдатур у жніўні 1922 года на пасаду рэктара інстытута прызначаецца яе былы намеснік. Так Гаўрыс становіцца кіраўніком той навучальнай установы, якую ён толькі што скончыў. Выпадак, пагадзіцеся, унікальны!

/i/content/pi/cult/736/15996/25.JPGАле кіраваць яму давялося нядоўга. Ужо ўвесну 1923-га рэвізія губернскага аддзела Рабоча-сялянскай інспекцыі вынесла свой жорсткі прысуд. У выніку Гаўрыс быў змешчаны са сваёй пасады, а выконваць абавязкі рэктара стаў нехта П.А. Тарасаў — фігура зусім выпадковая. Трохі пазней інстытут будзе пазбаўлены статусу вышэйшай навучальнай установы і пераў-
творыцца ў мастацкі тэхнікум. Яго кіраўніком прызначаецца паборнік акадэмічнай традыцыі Міхаіл Керзін, які прыехаў у Віцебск з Веліжа, са Смаленшчыны. Яго вучнямі стане цэлая плеяда мэтраў айчыннай скульптуры. Але гэта ўжо — зусім іншая гісторыя.

* * *

Пасля разгрому Віцебскага мастацка-практычнага інстытута Іван Гаўрыс выкладае ў розных навучальных установах Віцебска. Адначасова ён займаецца мастацкай творчасцю, актыўна ўдзельнічае ў беларускім адраджэнні, імкнецца на этнаграфічнай глебе стварыць сучаснае нацыянальнае мастацтва. Яго творы паказваюцца на дзвюх Усебеларускіх мастацкіх выставах і Усебеларускай выставе карцін, графікі, скульптуры, архітэктуры.

Але ў 1937 годзе мастак быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе “Польскай арганізацыі вайсковай” і 4 лістапада таго ж года растраляны недалёка ад Віцебска, ва ўрочышчы Хайсы.

У красавіку 2018 года, на Радаўніцу, вялікая група прадстаўнікоў беларускай грамадскасці зрабіла ўборку ва ўрочышчы Хайсы, і ў месцы масавых растрэлаў, якія рабіліся тут ў перыяд 1937 — 1938 гадоў, былі ўстаноўлены таблічкі ў памяць 108 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, што былі пакараны смерцю ў той дзень, 4 лістапада 1937 года. З’явілася і таблічка, прысвечаная мастаку Гаўрысу Івану Трафімавічу.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства