Быць сабою, наколькі магчыма

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Адным з самых дзіўных пунктаў размаітай праграмы апошняй “ПлаSтформы” была трохгадзінная дзея Антаніна БРЫНДЫ. Чэшскі перформер і культуртрэгер у Мінск наведаўся не ўпершыню — і, мяркуючы па ўсім, не ў апошні раз. Антанін, які называе сябе сучасным качэўнікам, разам з калегамі і аднадумцамі ладзіць фестывалі перформансу ў Празе, Берліне, Таліне, Хельсінкі, Кіеве… Летась да гэтага спісу дадаўся і Мінск. Пэўна, менавіта з такой асобай мела сэнс пагаварыць пра сённяшні стан колісь даволі гучнай, а цяпер трохі прызабытай мастацкай з’явы.

/i/content/pi/cult/736/15995/21.JPG— Наколькі я разумею, пік папулярнасці перформансу быў гадоў 50 таму. Сёння, падобна, да такога мастацтва ўжо ўсе прызвычаіліся, і ніякай сенсацыі яно не выклікае.

 — А паспрабуй ты выклікаць моцныя ўражанні ў нашу электронную эпоху, калі сенсацыі бы з рогу дастатку валяцца табе на галаву праз усе медыя! Да таго ж, з пачатку ХХ стагоддзя людзі маглі ўволю наесціся рознымі “правакатыўнымі” творамі мастацтва. Іх было ўжо столькі!

— Таму і не выпадае здзіўляцца, што перформанс выйшаў з моды?

— А вось з гэтым я не пагаджуся. Думаю, усё акурат наадварот: сёння перформанс даволі папулярны на арт-сцэне — дзіўным чынам захоўваючы пры гэтым свой маргінальны статус. Чаму? Тут я магу толькі здагадвацца. Магчыма, праз інклюзіўнасць і адкрытасць гэтай формы самавыяўлення: перформерам можа быць літаральна кожны.

— Адпаведна, пра нейкі прафесіяналізм у дадзеным выпадку нават гутаркі весці не выпадае?

— Думаю, гутарку весці, усё ж, варта. Нягледзячы ні на што, перформанс — гэта мастацкая прафесія. І мне чамусьці здаецца, нібы лепшыя работы зазвычай ствараюць аўтары спрактыкаваныя.

— А чаму, уласна, ты сам стаў ім займацца? Пагатоў, дзякуючы развіццю тэхналогій у мастака апошнім часам з’явілася вельмі шмат іншых спосабаў самарэалізацыі…

— Перформанс дае мне магчымасць выявіць сябе і ўступіць у дыялог з аўдыторыяй у настолькі прамой форме, наколькі гэта ўвогуле магчыма — праз сустрэчу твар у твар. У мяне няма патрэбы прыкідвацца кімсьці іншым, як гэта здараецца ў тэатры. Я магу быць настолькі сабой, наколькі я ім наогул магу быць. Адлюстроўваць свае ўнутраныя памкненні, гаварыць на тыя тэмы, якія падаюцца мне важнымі. Я на сваёй скуры адчуў, што мастацтва перформансу вельмі асабістае. І таму яно вельмі небяспечнае для тых, хто ім займаецца.

— Многія замежныя перформансы, якія мне давялося бачыць у мінулыя гады, вылучаюцца акурат сваёй асабістасцю — хаця ёсць стэрэатып адносна таго, што кожны, хто гэтым займаецца, павінен уздымаць нейкія вострыя сацыяльныя праблемы…

— Пэўна, мы маем розны глядацкі досвед. Мне таксама даводзілася бачыць багата асабістых перформансаў, але не магу сказаць, што яны пераважаюць над сацыяльнымі. І часцяком дзейнічае формула “грамадскае — гэта асабістае”. Мастакі звяртаюцца да тых тэмаў, якія важныя персанальна для іх, але такія тэмы могуць тычыцца і сацыяльных праблем. Прыкладам, я шмат падарожнічаю, люблю вялікія гарады. Таму цалкам заканамерна, што мяне цікавяць пытанні, звязаныя з урбанізмам. Але таксама я адчуваю памкненне перадаваць і свой уласны досвед існавання ў якасці гэткага сучаснага качэўніка. Казаць пра тыя канфлікты ды захапленні, якія такі стан прыносіць. Некаторыя мае работы больш сацыяльныя, некаторыя — больш асабістыя.

— Цягам трох гадзін ты спяваў адну і тую ж самую фразу, здзівіўшы не толькі наведвальнікаў, але, пэўна, і “пастаянных жыхароў” музея-майстэрні Заіра Азгура — хаця яны ўжо бачылі многае. У чым “цымус” доўгатэрміновых перформансаў?

— Такая асаблівая форма мастацтва мне падабаецца ўсё больш і больш. Гэта свайго кшталту апазіцыя “шоу”. Мастак тут не красуецца ў святле пражэктараў і можа не дачакацца апладысментаў пасля таго, як усё скончыцца. Часам на цябе нават наогул ніхто не глядзіць. Таму доўгатэрміновыя перформансы падаюцца мне вельмі сціплымі. Гэта не забаўляльнае відовішча, а, хутчэй, запрашэнне да свайго кшталту медытацыі, запаволення рытму жыцця. Заклік знайсці час на тое, каб паназіраць за сваімі думкамі і эмоцыямі. Добрыя рэчы вымагаюць часу!

— Наколькі справядлівае меркаванне, нібы перформеру глядач не надта і патрэбны?

— Калі аўдыторыя не ўспрымае тое, што я ёй прапаную, мне, вядома, шкада. Але калі рэакцыя ёсць — гэта ўдвая прыемней: значыць, мяне цэняць не толькі як мастака, але і як чалавечую істоту.

— У Мінску ты ўдзельнічаў у тэатральным фестывалі. З іншага боку, тыя перформансныя фэсты, да якіх ты маеш дачыненне, таксама адкрытыя для тэатральных праектаў. Можа, гэта сведчанне таго, што мяжа паміж рознымі візуальнымі практыкамі ў сучасным свеце спакваля сціраецца?

— Правесці выразную мяжу паміж тэатрам і мастацтвам перформансу бадай немагчыма. Так, у класічных работах можна вылучыць дакладныя адрозненні, але чым далей, тым часцей узнікаюць размаітыя памежныя сітуацыі. Што само па сабе цікава. Такая куламеса стварае блытаніну для даследчыкаў, аднак можа быць магчымасцю для з’яўлення чагосьці папраўдзе інавацыйнага як паводле формы, так і па змесце.

— А чаму тады перформанс і тэатр так часта ледзь не супрацьпастаўляюць?

— Выпраўляючыся ў тэатр, ты ўжо прыблізна здагадваешся, як яно там будзе. Але нават мастацтва перформансу, на жаль, ужо мае цэлую сістэму нябачных кодаў, і ты таксама ў той ці іншай меры ведаеш, што ад яго чакаць. Таму замест супрацьстаяння мне б хацелася бачыць, як гэтыя дзве мастацкія з’явы ўзаемадзейнічаюць паміж сабою. Наш фестываль Performensk акрэслівае свае межы як перфарматыўнае мастацтва, якое ўключае не толькі ўласна перформанс, але і іншыя формы — такія, як тэатр або саўнд-арт.

— Ці ёсць розніца паміж лакальнымі перформанснымі сцэнамі ў розных еўрапейскіх краінах?

— Перформанс — гэта інтэрнацыянальны рух. Быць прафесійным мастаком і не пада-
рожнічаць, не ўдзельнічаць у фестывалях і выставах за мяжой азначае істотна сябе абмяжоўваць. Вынік гэтага намадызму — пэўная глабалізацыя і стандартызацыя. Прыкладам, ёсць вядомыя інтэрнацыянальныя праекты, удзельнікаў якіх лучыць не нацыянальная прыналежнасць, а нейкі спецыфічны спосаб працы — напрыклад, Black Market International, PAErsche, Performane Art Event.

Аднак, у той самы час, розніца паміж нацыянальнымі сцэнамі па-ранейшаму ёсць — прыблізна такая самая, як і паміж самімі нацыямі. Да ўсяго, кожная краіна мае сваю ўласную інстытуцыйную структуру. Некаторыя з іх больш развітыя і больш схільныя да падтрымкі, іншыя — меней арганізаваныя.

— А што можна сказаць пра перформанс у нашай краіне?

— На мой павярхоўны погляд чужаземца, у Беларусі цяперашняя сітуацыя з перформансам — як, пэўна, і іншымі эксперыментальнымі формамі мастацтва — у цэлым магла б быць і лепшай. Наколькі я разумею, вашы аўтары маюць даволі няшмат магчымасцяў атрымаць фінансавую падтрымку на свае праекты. Мала што ведаю пра вашу адукацыйную сістэму, але, як падаецца, тут даволі складана вывучаць папраўдзе сучасныя мастацкія праявы. І гэта тычыцца не толькі перформанса, але і канцэптуальнага мастацтва, медыя-арта і гэтак далей.

— А наколькі важная адукацыя ў такой сферы?

— Яна патрэбна хаця б дзеля таго, каб, як у нас кажуць, не “перавынаходзіць кола”. Няма сумневу, што мастак павінен быць адкрытым да найноўшых сусветных тэндэнцый. Але, з іншага боку, “адкрыўшыся”, ты рызыкуеш страціць самабытнасць.

— Ці ўласцівая яна беларускім мастакам?

— Так, мяне папраўдзе ўразіла здольнасць вашых аўтараў ствараць не зважаючы на даволі складаныя варункі і пры гэтым рабіць рэчы ў пазнавальным беларускім стылі. Няма сумневу ў тым, што ў беларускім мастацтве сёння ёсць нешта вельмі спецыфічнае.

З іншага боку… Што мяне здзівіла цягам майго апошняга наведвання, дык гэта адна ваша маўленчая завядзёнка. Некалькі разоў давялося чуць фразу кшталту “ў нас і ў Еўропе”. Адкуль такі падзел? Як быццам бы ваша краіна да Еўропы не прыналежыць! Вядома, такі лад мыслення — гэта таксама праблема. Думаю, нам сумеснымі намаганнямі трэба яе рашаць.

— Але пра тое, што ў плане нашай інтэграванасці ў еўрапейскія культурныя працэсы ўсё не так кепска, сведчыць хаця б інтэрнацыянальная каманда “Перформенска”, куды, апрача цябе, уваходзяць маладыя беларускія мастачкі. Наколькі я ведаю, вы ўжо рыхтуеце новы фестываль…

— Сёлета Performensk пройдзе не толькі ў прасторы Ок16 і музеі-майстэрні Заіра Азгура, але і ў публічных месцах Мінска. Тэма гэтага года — прастора (у мастацтве). Мы ставім перад сабой мэту прадставіць яе аўдыторыі. Летась нам удалося прывезці ў Мінск мастакоў з 15 розных краін. Гэтым разам склад удзельнікаў, думаю, будзе не менш прадстаўнічым. Без сумневу, для замежных аўтараў гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з вашым мастацтвам, знайсці ў Беларусі сваіх аднадумцаў, урэшце, “пакаштаваць на смак” Мінск.

Гэты фестываль шмат што для мяне значыць. Да яго засталася недзе палова гады, але наша каманда ўжо актыўна шчыруе над арганізацыяй — калі не штодзённа, дык, прынамсі, праз дзень. І ўсё гэта дзеля таго, каб зрабіць сёлетні фэст яшчэ больш прафесійным, каб людзі асацыявалі слова “Перформенск” з чымсьці істотным і якасным.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"