Аладка Смятанаўна і гаражны Мужчына

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Яшчэ не паспелі даесці блін і выцерці падбароддзе ад масла, а ўжо трэба рыхтавацца да чарговай падзеі, на гэты раз — фестывальнай. Яна — нібыта вітамінны напой: узбадзёрвае, пазбаўляе рэшткаў зімовай санлівасці, надае радасці абноўленага светаўспрымання. Ключавое слова тут — “абноўленага”. Не павінны доўжыць сваё існаванне фестывалі-блізняты. Мастакі ведаюць: з кепскага зыходніка добрая копія не атрымаецца. Абсалютна самастойны твор — так, а прыстойны дубль — аніколі. Думаю, да месца тут рэцэпт ад Булата Акуджавы: “Перекроите всё иначе!” Мастацтва думання — гэта як мастацтва кройкі і шыцця. А ідэя — непрарослае зернейка, з якога і вырошчваецца фэст. Калі догляд дбайны — і “расліна” атрымліваецца шматгадовай, здатнай на развіццё і ўдасканаленне.

/i/content/pi/cult/736/15993/17.JPGУ аграгарадку Гальшаны, што на Ашмяншчыне, канцэрт для жанчын назвалі “Мілыя! Родныя! Ненаглядныя!” Уся вечарына, як сцвярджаюць супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК, стала прызнаннем у любові. Услед за гэтым мерапрыемствам адбылося іншае, не менш значнае: прайшло пасяджэнне раённага аргкамітэта па падрыхтоўцы да юбілейнага, дзясятага фестывалю сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”. Як паведамляе намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Марта Чарнышова, у рабоце пасяджэння прынялі ўдзел не толькі работнікі культуры, але і прадстаўнікі лясгаса, мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, філіяла аблспажыўсаюза… Фэст адбудзецца 18 мая. Часу засталося не так і шмат. Таму цяпер вельмі аператыўна выбіраюцца хэдлайнеры свята. Пачынаецца прыборка ў самім аграгарадку і ля замкавых сцен — фрагментарная рэканструкцыя якіх, дарэчы, працягваецца. Не так даўно зроблена металічная лесвіца, па якой неўзабаве можна будзе трапіць у адноўленую звонку паўночную вежу. Па-новаму будуць выглядаць не толькі ўладанні Сапегаў, але і яны самі…

Калісьці, памятаю, гэты фэст хацелі назваць Фестывалем прывідаў. Пабаяліся метафізікі. А дарэмна: часам яна больш рэальная, чым ява. Вельмі натуральна выглядае і гастранамічная карта фэсту, на якім можна будзе пачаставацца мясцовымі гістарычнымі стравамі: пернікам і смажаным парасём. Чакаць засталося нядоўга.

Вось работнікі культуры з Ашмяншчыны не пабаяліся раскрыць свае, так бы мовіць, фестывальныя карты. А ў іншых раёнах як справа з падрыхтоўкай веснавых фэстаў? Пакуль невядома. А шкада, бо выніковасць папярэдняй рэкламы яшчэ ніхто не адмяняў.

І зноў Ашмяншчына. У вёсцы Будзёнаўка прайшоў першы ў гэтым годзе веснавы канцэрт. Шоу-праграма называлася “Вясна радуе натхненнем”. Нават аркестр пагранічнай часткі выступіў. Уявіце: вясна, аркестр, жаночыя ўсмешкі… Што яшчэ трэба для таго, каб пачаць тварыць?

Рэха Масленіцы з Ліды. Натуральна, дзея разварочвалася ля замка. Мірска-карэліцкая практыка паказала, што традыцыйныя абрады ля замкавых муроў і вока турыста радуюць, і больш вобразна нават для мясцовых выглядаюць. Бо замак — сімвал не толькі непахіснасці, але і нязмушанага жыцця з самымі рознымі праявамі народнай мудрасці і радасці. Вы пагадзіцеся са мной, калі пачуеце, як назвалі работнікі культуры Лідчыны новы персанаж сваёй Масленіцы: Аладка Смятанаўна Блінова. Вельмі прыемная і апетытная ва ўсіх адносінах жанчына!

Дзве сур’ёзныя выставы падрыхтаваў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Вядучы метадыст установы Ала Лялькіна распавядае: “Абласная велікодная выстава “Светлы дзень” прэзентавала творы ўзорнага арнаментальнага і ажурнага вязання, зробленыя з выкарыстаннем старадаўніх тэхнік, узоры валюшнага рамяства, пластыку з лямцу і вязанага тэкстылю. Другая выстава — персанальная. Яна называецца “Рэканструяваныя строі народнага адзення жыхароў Віцебскага павета ў пачатку ХХ стагоддзя Надзеі Гутнікавай”. Яна — метадыст-майстар Віцебскага раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”. Скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, стаўшы дызайнерам касцюма і тканін. Перамагала ў конкурсах на Кіпры, у Італіі, Славеніі… На выставе экспануюцца некалькі калекцый мужчынскіх і жаночых касцюмаў, адноўленых па вырабах-арыгіналах з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Краязнаўчага музея горада Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці”.

Вельмі імпэтна адстойвае жыццёвую прастору для свайго сталічнага клуба “Прырода і фантазія” Аляксандр Ляйко. Як вы памятаеце (пра клуб у аглядзе пошты “К” згадвалася ўжо не аднойчы), гаворка ідзе пра суполку самабытных інсітных мастакоў, якія ладзяць свае выставы па гарадах Беларусі (летась ужо 60-я па ліку адбылася ў Лагойску). На сённяшні дзень “Прырода і фантазія” атабарылася ў 10-й дзіцячай бібліятэцы Мінска — дзе будзе радая бачыць кожнага, каму цікавая жывая ды арыгінальная творчасць яе сяброў.

Лепшыя ветэранскія харавыя калектывы, якія прайшлі адборачныя туры ў раёнах і гарадах Гродзеншчыны, прымуць удзел у XXV абласным фестывалі народнай творчасці ветэранскіх калектываў. Па традыцыі дзея, што павышае сацыяльны статус людзей пашанотнага ўзросту, адбываецца ў двух раённых цэнтрах вобласці: сёння — у Іўі, а 17 сакавіка — у Ваўкавыску.

А ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў адбылося пасяджэнне народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач”. Адкрылася і выстава “Таленты Багача”. Клуб быў створаны ў 1996 годзе, у яго склад уваходзяць 25 самадзейных майстроў, розных па ўзросце, прафесіі і кірунку творчасці. Але аб’ядноўвае іх любоў да беларускай традыцыі. Ткачыхі Ульяна Віннік, Ніна Казак і ганчар Віталь Шапяевіч — народныя майстры Беларусі. Сябрам Саюза майстроў РБ стала вышывальшчыца Марыя Муха. На мінулым тыдні клуб пацвердзіў званне народнага. “Дзякуючы нашым майстрам, — піша малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава, — адраджаюцца такія віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як маляванне дываноў, ткацтва ручнікоў, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, выцінанка, ганчарства, разьба па дрэве, пляценне павукоў, аплікацыі з саломкі”.

Тэму працягвае супрацоўніца аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова. Яна напісала пра тое, што ў горадзе на пачатак гэтага года зарэгістравана каля 700 рамеснікаў. Прыкладна палова — майстры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Палац з імі вельмі сябруе. Больш за тое, аддзел здолеў стаць цэнтрам па раскрыцці талентаў. Апошні прыклад — Сяргей Сіліч, які ў свой час скончыў Бабруйскі прафесійна-тэхнічны каледж і стаў рэзчыкам-інкрустатарам. Сяргей у сваёй дзейнасці зрабіў стаўку на дасканаласць матэрыялу і колеру. Густ, талент і далікатны падбор фурнітуры зрабіў стыль рамесніка пазнавальным. Кухонны інвентар, куфры, драўляныя арэлі, лаўкі зроблены з захаваннем народных традыцый. І ў той жа час — гэта вельмі сучасныя, фірмовыя рэчы. 23 майстры з Бабруйска — сябры рэспубліканскага Саюза майстроў народнай творчасці. Адным з іх стаў і Сяргей Сіліч.

І напрыканцы — падборка бліц-навін ад аддзела метадычнай работы Смаргонскага раённага цэнтра культуры.

У Сольскім доме культуры рэалізуецца праект “Дзень нараджэння ў клубе”. Ахвотным быў прапанаваны вечар адпачынку пад гармонік.

Работнікі Крэўскага ДК наладзілі песенны конкурс “Для тых, хто малады сэрцам і душой”.

Бялкоўшчынскі дом культуры прысвяціў агляд-конкурс “Расчынім акенца творчасці” 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Незвычайную назву для канцэрта прыдумалі ў Залескім доме культуры. “Мужчына і гараж” — гэта даніна павагі моцнаму полу, які здольны не толькі жонку дагледзець, але і машыну.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"