Барока — гэта не страшна

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

“Польская духоўная музыка эпохі барока” — так называецца канцэрт, які пройдзе 16 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Напярэдадні яго мы пагутарылі з мастацкім кіраўніком ансамбля “Камерныя салісты Мінска” Дзмітрыем ЗУБАВЫМ пра тое, чым можа прывабіць слухача гэты пласт музычнай спадчыны Рэчы Паспалітай.

/i/content/pi/cult/736/15991/13.jpg— Назва канцэрта гучыць вельмі пафасна, і слухачоў гэта можа спалохаць…

— Насамрэч, нічога страшнага тут няма — ёсць толькі пакуль для нас неспазнанае. Творы, якія прагучаць, куды менш вядомыя за ўзоры барока, якія былі створаны, напрыклад, у Германіі, Італіі ці Францыі. Але выканаць іх захацелася найперш таму, што гэта прыгожая, цікавая, па-майстэрску напісаная музыка. Яна спазнала на сабе вельмі моцны ўплыў італьянскай, аднак гаворка ідзе не пра перайманне, а пра стыль, які быў распаўсюджаны ва ўсёй Еўропе. Нягледзячы на яго агульнасць, кампазітары мелі ўсе магчымасці, каб праявіць сваю індывідуальнасць.

Гэта тычыцца і тых аўтараў, музыка якіх прагучыць у нашым канцэрце. Станіслаў Шажынскі, Марцін Мяльчэўскі, Бартламей Пенкель, Гжэгаш Гарчыцкі маюць выразныя індывідуальныя рысы — але ў той жа час у кожнага з іх адчуваецца ўплыў італьянскага стылю. Напрыклад, калі слухаеш музыку Пенкеля, прыгадваеш аднаго з родапачынальнікаў музычнага барока — вялікага Клаўдзіа Мантэвердзі. Мне здаецца, што пазнаёміцца з невядомымі ўзорамі еўрапейскай музыкі XVII — XVIII стагоддзяў мінскай публіцы будзе цікава.

Пагатоў, нам гэтая музыка не чужая. Нядаўна мяне паправілі ў сувязі з назвай канцэрта: маўляў, яна не зусім карэктная, бо ў той час існавала агульная дзяржава Рэч Паспалітая і сённяшняя Беларусь была яе часткай. Адпаведна, музыка, якую мы будзем выконваць — не толькі польская, але і беларуская. Узнікае сітуацыя, калі новае і нязведанае — гэта насамрэч амаль што для нас роднае. Магчыма, кагосьці такі паварот тэмы прывабіць і прывядзе на канцэрт.

— Яго спецыфіка яшчэ і ў тым, што на адной сцэне выступяць прафесійныя музыканты вашага ансамбля і хор Salutaris, які лічыцца аматарскім…

— Гэтая музыка не настолькі складаная, каб яна была непадуладная для хору, у якім спяваюць не толькі прафесіяналы. Да таго ж, у складзе Salutaris ёсць прафесійныя музыкі, хаця поруч з імі — мастакі, праграмісты, дызайнеры. Але галоўнае, што яны любяць гэтую музыку, ім яна цікавая. Мне падалося, што ў нас атрымаецца цалкам лагічнае спалучэнне.

— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што іграць музыку барока — гэта выклік. Ці будзе выклікам дадзены канцэрт?

— Прызнацца, я ўжо не памятаю, што тады меў на ўвазе. Пэўна, выклікам можна лічыць сам зварот да музыкі, якая да гэтага была табе невядомая. Спрабуеш зразумець, што меў на ўвазе аўтар, у якой манеры гэта трэба выконваць. Часам усё адразу відавочна, а часам даводзіцца доўга думаць і шукаць. І не заўсёды ўзнікае адчуванне, што ты знайшоў нешта правільнае. Бывае, нават і пасля выканання застаецца нейкая няўпэўненасць: а ці так гэта атрымалася, як павінна быць?

— Здаецца, вы таксама казалі, што для музыкі барока характэрна імправізацыя.

— Імправізацыя для эпохі барока сапраўды важная, але найперш — для жанраў свецкіх і канцэртных. Калі гэта сольныя творы з акампанементам інструментальнага саставу, тады саліст — няважна, інструменталіст або спявак — мае магчымасць шмат імправізаваць, ад яго гэта нават чакаецца. Стыль і манера эпохі ад яго гэтага вымагаюць. Мы ж будзем выконваць музыку духоўную, напісаную ў асноўным для выканання ў касцёле. Тут ступень імправізацыі абмежаваная, хоць у нейкіх элементах яна ўсё роўна прысутнічае. Проста, можа быць, не так заўважная для слухача.

— Вы неяк параўноўвалі барока з джазам. Паралелі даволі рызыкоўныя…

— Я меў на ўвазе рытмічную структуру, якая сапраўды радніць музыку барока з джазам. Скажам, калі ўнутры нейкага нязменнага пульсу існуюць свабодныя магчымасці яго драбнення. Тое, што ў джазе называецца свінг, уласціва і музыцы барока. Зноў жа, гэта характэрна не для любога твора і не для любога жанру. Але ёсць шмат барочнай музыкі, у першую чаргу свецкай, рытмічныя пульсацыі якой блізкія свінгавай прыродзе джаза.

Цімур ВЫЧУЖАНІН