За ўваход — дай анекдот!

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

8 жніўня ў знакамітых палескіх вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі ды ў горадзе Калінкавічы распачнецца VI Усебеларускі фестываль народнага гумару. Ён можа стаць на гэты раз міжнародным святам, бо ўдзел у ім маюць намер прыняць дэлегацыі з Расіі ды Украіны.

 /i/content/pi/cult/170/1599/Aucjuki1.jpg

На Аўцюкоўскай “мытні”.

На незвычайнае відовішча можна патрапіць рознымі шляхамі: машынамі, цягніком, маршруткамі, на вараных, веласіпедамі і матацыкламі. Робіць туды рэгулярны рэйс для членаў журы і аргкамітэта — раз на два гады — спецыяльны верталёт.
У першы дзень адбудзецца адкрыццё помніка Каласку і Калінцы. Поруч з’явіцца шыльда на месцы, дзе ў хуткім часе паўстане Аўцюкоўскі музей гумару з мясцовай карчмой, пяцізоркавай гасцініцай, млыном-ветраком, кузняй ды цэлым сялянскім падвор’ем.
Пасля гэтых цырымоній усім гасцям, творчым калектывам абласцей і Мінска гаспадары прадэманструюць сваё ўмельства ў народных промыслах, мудрасць і дасціпнасць, а журы стане ацэньваць іх майстэрства ды надзяляць каштоўнымі прызамі.
На другі дзень свята пераносіцца ў Калінкавічы. Цэнтр горада, яго парк і прылеглыя вуліцы расквецяцца ўсімі колерамі вясёлкі. На мінулым фестывалі ў гэты дзень гулялі трыццаць тысяч чалавек! Усе на свята будуць прапушчаны праз аўцюкоўскую мытню. Там ад кожнага запатрабуюць свежы прыстойны анекдот альбо грошы. У парку можна будзе стаць удзельнікам прэзентацыі кнігі “Аўцюкоўскія шуры-муры”, агледзець выстаўку гумарыстычных газет, выстаўку печаных скульптур па матывах народных і аўтарскіх баек, пабываць у “Аўцюкоўскім заапарку”, паўдзельнічаць у латарэі сельскагаспадарчай жыўнасці і выйграць пеўня-таптуна ці курачку-нясушку. Калі пашанцуе, пакаштуеце аўцюкоўскую юшачку за мілую душачку.|
 /i/content/pi/cult/170/1599/Aucjuki2.jpg

Уладзімір Ліпскі (злева) на адным з транспартных сродкаў свята.


Эпіцэнтр фестывалю — тры конкурсныя сцэны. На адной з іх адбудзецца ўрачысты абрад “Радзіны па-аўцюкоўску”: з бабінай кашай, кугаканнем немаўляці, падарункамі і пажаданкамі ад усіх дэлегацый свята. Народжанае і ахрышчанае дзіця фестывалю павядзе сваіх аднагодкаў і крыху старэйшых сяброў на цэнтральную плошчу горада, дзе адбудзецца конкурсная праграма дзіцячых калектываў, якія прымаюць удзел у фестывалі гумару. На другой пляцоўцы пройдуць гульнёва-забаўляльныя праграмы. А на галоўнай сцэне фестывалю ўсе творчыя каманды будуць спаборнічаць у намінацыях “Тэатр мініяцюр”, “Прыпеўкі”, “Жарты і анекдоты”. Тут жа адбудзецца гумарыстычны чатырохбой паміж жартаўнікамі з аўцюкоўскіх вёсак, з вёскі Спорава (Бярозаўскі раён), вёскі Баянічы (Любанскі раён) і вёскі Дубіна (Валожынскі раён).
Вечарам у цэнтры горада ладзіцца вялікі гала-канцэрт з удзелам пераможцаў фестывалю і ганаровых гасцей — прафесійных майстроў эстрады, якім рыхтуюцца аўцюкоўскія ўзнагароды.
Дык давайце, сябры, весяліцца, як гэта ўмеюць рабіць мае землякі-аўцюкоўцы!

Уладзімір ЛІПСКІ, старшыня журы Усебеларускіх фестываляў народнага гумару, ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь