Адваротны бок Тадж-Махала

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Аляксандр Янушкевіч любіць адшукаць для пастаноўкі што-небудзь гэтакае, каб узарваць прастору нязвыклым літаратурным сюжэтам. У сакавіку ён прапанаваў сталічнай публіцы страву, вартую гурманаў: на новай пляцоўцы культурнага хаба Ок16 граюць “Вартавыя Тадж-Махала”. Гэты твор фіналіста Пулітцараўскай прэміі Раджыва Джозэфа ў 2016 годзе быў прызнаны найлепшай новай п’есай па версіі Off-Broadway Theater Awards. У мінімалістычнай прасторы лаканічнымі мазкамі рэжысёр стварыў рэалістычную гісторыю пра тое, як за прыгожым фасадам высакародных слоў надзвычай часта хаваецца багна бесчалавечных учынкаў.

/i/content/pi/cult/736/15988/11.jpgНе ў адной мяне стала складвацца ўражанне, быццам многія пастаноўшчыкі проста лянуюцца чытаць нешта незнаёмае, абіраючы тое, што ўжо даўно абкатана на іншых пляцоўках. Дзякуючы рэжысёрам новай хвалі, да якіх, безумоўна, належыць спадар Янушкевіч, на беларускіх падмостках нарэшце з’яўляюцца свежыя назвы. “Вартавыя Тадж-Махала” падкупляюць магчымасцю двойчы атрымаць асалоду ад знаёмства з невядомым: спачатку — чытаючы шыкоўны тэкст Раджыва Джозэфа, а потым — разгадваючы рэжысёрскія задумы і візуальныя коды сцэнічнай версіі п’есы.

Драматургія скарае лёгкасцю формы і доўгім паслясмакам, замацаваным на павуцінні паралеляў з гісторыяй чалавецтва. У п’есе ўсяго два персанажы — вартавыя нізкага рангу, якія ахоўваюць узвядзенне найпрыгажэйшага палаца-маўзалея. Яны парушаюць жорсткія правілы дзеля таго, каб паспець уразіцца архітэктурнай перлінай, а потым усю ноч адсякаюць 40 тысяч рук, якія ўзводзілі той легендарны Тадж-Махал. Так загадаў Шах, каб больш ніхто не змог паўтарыць падобную прыгажосць. Як часта ў гісторыі розных народаў крыважэрныя войны пачыналіся з такіх навязаных непрыкметным людзям крокаў. І ўсё ж ніводная мэта не можа быць апраўданая агіднымі сродкамі...

Для ўвасаблення фактурнага твору мастаку Таццяне Нерсісян дасталася даволі нестандартная для тэатральных пастановак пляцоўка ў Оk16. У невялікай прасторы без класічнай сцэны спадарыня Нерсісян у сваёй бадай самай мінімалістычнай сцэнаграфіі ізноў праявіла прафесійную непаўторнасць. На месцы загадкавага Тадж-Махала — светлавое пано, якое можа і асляпіць, і згаснуць, бы затаптаныя мары. Паабапал — дзве статуі вышэй за чалавечы рост, што пагрозліва перасоўваюцца па коле, не сыходзячы з назаўжды пракладзеных для іх рэйкаў. Яны коцяцца ўздоўж возера, вада якога хутка змешваецца з граззю і, як падаецца, кроўю тых тысяч ахвяраў запэцквае вопратку, твары, думкі галоўных герояў. Гэтую геаметрычна вывераную прастору раз і назаўсёды парушае хаос бялюткіх абрубкаў рук ні ў чым не вінаватых стваральнікаў прыгажосці. Ліпучая багна не ў сілах схаваць чалавечую катастрофу, як і не можа паглынуць успаміны двух карнікаў пра сваё ліхадзейства.

Ад патрэбы думаць вартавыя амаль па-дзіцячы хаваюцца ў тых самых статуях-даспехах, быццам прамовіўшы запаветнае заклінанне “Цур мяне! Я ў дамку!” Панцыры з намёртва зафіксаванымі выразамі твараў і не прадугледжваюць наяўнасць нейкай душы ўнутры: яны падганяюць пад свой фармат любога, адмаўляюць праву разважаць і патрабуюць толькі выконваць загады. Дапытлівы Бабур у выкананні акцёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек Аляксандра Рацько ўвесь час імкнецца ўскараскацца на свае латы, каб узнесціся ў думках да новых гарызонтаў. Таму шыкоўна спрацоўвае рашэнне рэжысёра зрабіць турму для Бабура менавіта з даспехаў — “прыціснуць” яго статуяй, каб не было магчымасці выйсці з навязанай абмежаванасці.

У такой прасторы, дзе ўсё праглядаецца як пад мікраскопам, шыкоўна раскрыўся партнёр спадара Рацько акцёр Купалаўскага тэатра Іван Кушнярук. Яму нарэшце трапіла роля, дзе можна ўволю шукаць нюансіроўкі ў характары персанажа, браць залу не адно эмацыйнасцю, але і дакладнасцю вырашэння вобраза. Яго Хумаюн — толькі на першы погляд прыземлены ваяка, які спадзяецца за бездакорнае служэнне забяспечыць сабе бясхмарнае існаванне. Хутка праступае і яго боязь не адпавядаць патрабаванням бацькі, і жаданне выратаваць сябра, і цэлы спектр супярэчнасцяў, якія не дазваляюць яму ўрасці ў прадастаўлены службай панцыр.

І вось, мерна грукаючы пяткамі, двое вартавых прыступаюць да чысцюткай, здавалася б, працы ў гарэме. Яны сімвалічна імкнуцца адмыць свае мячы ўквэцанымі ў багне ручнікамі. Аднак зло, што яны нарабілі, ужо не прыхаваць у душы, як і прыкрыя плямы, якія праступаюць нават на новым адзенні. Таму і знясільвае Бабура страшэннае адкрыццё: з-за яго больш не будзе прыгажосці ў свеце. А Хумаюну даводзіцца рабіць чарговы выбар паміж сумленнем і кар’ернымі памкненнямі.

Напрыканцы спадар Янушкевіч адышоў ад структуры п’есы. Ужо ў другой запар сталічнай прэм’еры ён змягчае фінал першаасновы. Так, у “Хлопчыку, што плаваў з піраннямі” рэжысёрскай воляй да адной з загалоўных гераінь вяртаецца маці, хоць у казачніка Дэвіда Алманда хэпі-энд не прадугледжваўся. У “Вартавых Тадж-Махала” драматургам таксама прапісаны больш жорсткі фінал: Хумаюн усё ж адсякае найлепшаму сябру рукі. Але сляпое падпарадкаванне волі начальніка не захоўвае яму прывілеяваную пасаду ў гарэме, і праз дзесяць гадоў ён ізноў становіцца вартаўніком.

Спадар Янушкевіч прыбірае ўсю глыбіню непазбежнасці лёсу, змякчае павароты і робіць фінал адкрытым: яго Хумаюн раптоўна губляе меч, калі ідзе па рукі сябра — і вось яны ўжо разам недзе ва ўспамінах. Асабіста я чакала больш моцнай фінальнай кропкі, бо дзеянне, што няўмольна кацілася — бы па тых самых рэйках — вакол жудаснага возера, прыпынілася неяк сузіральна. Аднак у гэтым таксама ёсць логіка: глядач мае права самастойна вырашаць, чым завершыцца гісторыя і ці пераможа надзея і вера ў чалавечыя якасці. Нездарма акцёры пачынаюць спектакль з залы, робячы крок у XVII стагоддзе з шэрагаў сучаснікаў.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"