Ён любіў мастацтва ў сабе

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

11 сакавіка ва ўзросце 95 гадоў пайшоў з жыцця адзін з класікаў беларускага выяўленчага мастацтва — скульптар Андрэй Заспіцкі. Нарадзіўся ён на Беласточчыне, на момант уз’яднання ягонага роднага краю з БССР яму было 15 гадоў. Тады ж яго сям’я пераязджае ў Мінск, дзе юнак робіць першыя крокі ў творчасці. Потым — вайна, эвакуацыя, спачатку праца на “рабочым фронце”, а затым і салдацкая служба. Вярнуўшыся з войска, аднавіў мастацкую вучобу. Настаўнікам ягоным быў Аляксей Глебаў.

/i/content/pi/cult/736/15987/Zasp.jpgТак здарылася, што і ў станковай, і ў манументальнай пластыцы Заспіцкі працаваў у роўнай ступені паспяхова. Ягоная дзейнасць збольшага прыпадае на час, калі — хай сабе і ў межах так званага сацыялістычнага рэалізму — у Беларусі фарміравалася ўласная школа пластыкі, закладваліся асновы той рэалістычнай традыцыі, на грунце якой мы стаім і сёння, ад якой адштурхоўваемся ў творчых пошуках. Андрэй Міхайлавіч меў ганаровае званне Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР. Ён адзін з тых, чые творчыя дасягненні адзначаны спачатку Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1976), а потым і Дзяржаўнай прэміяй СССР (1977). Вышэй, як вядома, была толькі Ленінская. Мяркую — і гэтую думку падтрымліваюць калегі, якія добра ведалі Заспіцкага — што яму не хапіла зусім крыху, каб быць уганараваным званнем народнага мастака.

Хоць помнікі, да якіх Андрэй Міхайлавіч меў дачыненне, з’яўляюцца класікай, амаль усе яны зроблены ў суаўтарстве — з Анатолем Анікейчыкам, Львом Гумілеўскім, Іванам Міско, Мікалаем Рыжанковым, Аляксандрам Фінскім. У калектыўнай працы ніколі не падлічваюцца адсоткі ўдзелу. І поспех, і няўдача — адна на ўсіх. Занадта амбіцыйныя на такое не згаджаюцца. Тое, што Заспіцкі камфортна адчуваў сябе ў супрацы з калегамі, сведчыць хіба пра адно: справу ён ставіў вышэй за славу. Пра такіх кажуць: “Ён любіў мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве”.

Ён спрычыніўся да стварэння сталічнага помніка Янку Купале і надмагілля Песняра на Вайсковых могілках, помнікаў Першадрукару ў Полацку і Адаму Міцкевічу ды Максіму Горкаму ў Мінску. Усе яны ўражваюць гарманічным ладам і глыбокім асэнсаваннем духоўнай сутнасці згаданых асобаў. Падобна на тое, што Андрэй Заспіцкі і ягоныя калегі найперш натхняліся іх творамі, а ўжо потым цікавіліся варункамі жыцця і рэаліямі матэрыяльнага асяроддзя.

Асобна варта нагадаць пра помнік маці-патрыётцы ў Жодзіне. Менавіта гэты твор быў адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі Беларусі і СССР. Член яго аўтарскага калектыву Іван Міско згадвае:

— Спачатку мы працавалі паасобку, а потым, беручы да ўвагі складанасць тэмы, вырашылі аб’яднацца ў калектыў. У супольнасці прасцей знайсці патрэбнае рашэнне. Менавіта праз творчае сумоўе мы прыйшлі да высновы, што найлепшае месца для манумента маці, якая згубіла на вайне пяцярых сыноў — гэта дарога Брэст — Масква. Бо сама дарога — помнік. Па ёй і ў адзін, і ў другі бок прайшла вайна. На дарогу праводзіць маці і ля дарогі сустракае. Таму ў манумента фактычна няма п’едэсталу, няма вялікай вертыкалі, на якую пастаўлены скульптуры. Гэта каб не аддзяляць помнік ад дарогі. Мы былі шчаслівыя, што Настасся Купрыянава — маці герояў, якой на той момант было больш за сто гадоў — дажыла да адкрыцця гэтага мемарыялу. Потым яна расказвала нам, што пакуль насілі ногі, прыходзіла да помніка і размаўляла з бронзавымі постацямі сыноў як з жывымі людзьмі…

Творца, які мае непасрэднае дачыненне да такіх шэдэўраў, варты ўдзячнай памяці нашчадкаў. Хтосьці з мудрых навукоўцаў сказаў, што чалавечае жыццё —- 70 гадоў. Усё, што звыш гэтага — бонус ад Госпада. Відаць, някепскія стасункі былі ў маэстра Андрэя з Небам, калі звыш згаданай мяжы яму перапала аж чвэрць стагоддзя. Узрост, канешне ж, даваўся ў знакі, але да самага канца майстэрня заставалася для скульптара другім домам. Апошняя з вядомых работ мэтра — надмагільны помнік Міхаілу Савіцкаму на Усходніх могілках.

Па словах Івана Міско, у апошнія гады жыцця Андрэй Заспіцкі любіў працаваць па начах. Ставіў у майстэрні пласцінку з класічнай музыкай — Шуберт, Моцарт, Бах, Бетховен — і браўся за працу. Мабыць, у гэтай музыцы ён чуў водгулле вечнасці. Той вечнасці, да якой цяпер ужо належыць і сам…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"